МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),
французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,
група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.
Літ.:
Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;
Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
Ж.В.Блоцкая.
Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙДА́НАК (Majdanek),
канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных Тазавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс.чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс.чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр.б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалейпантэон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Аскольд Анатолевіч) (н. 3.5.1925, в. Новамасальскае Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія),
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Праф. (1976). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1943). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1970 выкладае ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. З 1976 адначасова маст. кіраўнік трупы «Харэаграфічныя мініяцюры» ў С.-Пецярбургу. Для М.-танцоўшчыка характэрны эпічнае абагульненне нар. характару ў канкрэтным персанажы, скульптурнасць пластыкі, энергія, псіхалагізм. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра), Прынц, Даніла («Папялушка», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Алі Батыр («Шурале» Ф.Яруліна), Спартак («Спартак» А.Хачатурана). Аўтар прац па праблемах харэаграфіі. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),
адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Пальскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.
Літ.:
Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;
Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ВА (Вера Міхайлаўна) (18.3. 1903, г. Тэлаві, Грузія — 19.5.1964),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Нар.арт. Беларусі (1949). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1933). З 1933 у Груз. т-ры оперы і балета. З 1937 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1953—59 маст. кіраўнік Белдзяржэстрады. Валодала высокім вак. майстэрствам, прыгожым мяккім голасам цёплага тэмбру. Стварыла шэраг паэт. вобразаў у нац. рэпертуары: Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Вольга («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), у творах рус. і замежнай класікі — Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Неда («Паяцы» Р.Леан кавала), сучасных кампазітараў (Наталля ў «Ціхім Доне» І.Дзяржынскага).
Літ.:
Жураўлёў Дз. Вера Малькова // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬКО́ЎСКІ (Ігнат Антонавіч) (каля 1765, Віцебшчына — 11.1.1832),
бел. публіцыст. З 1783 на дзярж. службе — саветнік Бел. губернскага праўлення, віцебскі губернскі пракурор, віцэ-губернатар. З 1817 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку Мілае каля Віцебска Супрацоўнічаў у рус. часопісах. У «Пісьме з Віцебска» («Сын Отечества», 1813) асуджаў агрэсію Напалеона, услаўляў гіст. подзвіг народаў Расіі ў вайне 1812. У 1831 узнаг. залатым медалём Вольнага эканам.т-ва ў Пецярбургу за конкурсны твор «Адказ на задачу, прапанаваную імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: «Якім чынам лёгка і танна выправіць сялянскія пабудовы або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні?» (выд. 1833), у якім патрабаваў паляпшэння быт. умоў сялян, выказваў каштоўныя думкі па пытаннях сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Публіцыстыка М. вылучаецца эмацыянальнасцю, спавядальнасцю, шырынёй кругагляду. Мяркуюць, што пісаў і па-беларуску, некат. даследчыкі лічаць яго аўтарам «Энеіды навыварат».
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАО́Р (сапр.Арлоў) Дзмітрый Стахіевіч
(3.11.1883, г. Новачаркаск, Расія — 24.10.1946),
расійскі графік, адзін з заснавальнікаў сав.паліт. плаката. Засл. дз. маст. Расіі (1932). Прафес. адукацыі не атрымаў. Выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (з 1922), паліграф. (1930—32) і маст. (1939—43) ін-тах у Маскве. Чл. аб’яднання «Кастрычнік» (з 1928). Выконваў сатыр. малюнкі для газ. «Известия», «Правда», час. «Будильник», «Крокодил» і інш. Творчасці ўласцівы экспрэсіўны, часам гратэскны контурны малюнак, які рэзка абрысоўвае плоскасную колеравую пляму. Найб. вядомыя плакаты «Савецкая рэпка» (1919), «Ты запісаўся добраахвотнікам?», «Урангель яшчэ жывы, дабі яго без літасці» (абодва 1920), «Дапамажы!» (1921—22), «Ты чым дапамог фронту?» (1941). Аўтар ілюстрацый да рамана А.Барбюса «Агонь» (1938), паэмы У.Маякоўскага «Добра!» (1940), «Слова аб палку Ігаравым» (1944). Аўтар кн. «Я — бальшавік!» (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,
першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс.чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс.чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч.фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т.Т. 1. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штотыднёва з 8.6 да 11.7.1920 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Г.Багдановіч, выдавец У.Знамяроўскі. Мела рубрыкі «На белым свеце» і «Хроніка». Значную ўвагу аддавала праблеме будучага лёсу Беларусі (арт. «Сучасная вайна і Беларусь», «Не чакайце міру», «Ленін і Брусілаў»), зямельнаму пытанню (арт. «Беларускае сялянства і зямельнае пытанне», «Каму зямля?», «Зямельная рэформа на «Усходніх землях»). Выкрывала спробы акупац. адміністрацыі сфальсіфікаваць звесткі статыстыкі пра нац. склад насельніцтва бел. зямель (арт. «Мова статыстыкі»). Пісала пра арганізацыю нац. школы, спажывецкай кааперацыі. Змясціла артыкулы да 20-годдзя з дня смерці Ф.Багушэвіча, асобныя творы Я.Купалы, М.Гарэцкага, В.Лемеша, Г.Багдановіча, А.Пугі, інфармацыю пра святкаванне 15-годдзя творчай дзейнасці Я.Купалы, фарміраванне бел. войска і інш. З-за ваен. цэнзуры большасць матэрыялаў падпісана псеўданімамі і крыптанімамі. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскай вайсковай адміністрацыяй.