штучнае вадкае паліва, складаныя сумесі вуглевадародаў, атрыманыя з сыравіны нянафтавага паходжання. Вытв-сць С.в.п. ўзнікла ў пач. 20 ст.з-за адсутнасці ў некат краінах радовішчаў нафты; развіваецца з прычыны абмежаванасці яе запасаў.
Атрымліваюць тэрмахім. раскладаннем цвёрдага паліва (бурых і кам. вугалёў, гаручых сланцаў) ці газіфікацыяй паліва з наступным каталітычным ператварэннем сінтэз-газу (сумесь аксіду вугляроду з вадародам). Найб. пашыраны спосаб тэрмахім. раскладання — гідрагенізацыя, якую ажыццяўляюць пры т-ры 400—500 °C і ціску вадароду да 70 МПа; звадкаванне адбываецца ў выніку дэструкцыі арган. масы паліва і наступнага гідрыравання прадуктаў, што ўтварыліся (выхад вадкіх прадуктаў — каля 80% ад арган. масы цвёрдага паліва). Гл. таксама Паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́БЛА (Міхась) (Міхаіл Уладзіміравіч; н. 23.11.1966, в. Паляжын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1991). З 1991 нам.гал. рэдактара час. «Роднае слова», з 1995 у Мін-ве культуры і друку, з 1997 у час. «Бярозка», з 1999 у выд-ве «Беларускі кнігазбор». Друкуецца з 1984. У кн. паэзіі «Вечны Зніч» (1990), «Вочы Савы» (1994) імкненне паяднаць мінулае і сучаснае, трывожныя матывы за лёс бацькоўскай зямлі. У зб. «Нашэсце Поўні» (2001) метафарычнае асэнсаванне рэчаіснасці. У кн. «Дзярэчынскі дыярыюш» (1999) гіст. нарыс пра в. Дзярэчын, артыкулы і эсэ пра бел. пісьменнікаў. Аўтар зб.літ. пародый «Розгі ў розніцу» (1993), кн. для дзяцей «Камень-перунок» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ ((Scott) Дэйвід) (н. 6.6.1932, г. Сан-Антоніо, штат Тэхас, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (з 1977 у адстаўцы). Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1955), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1962). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 16.3.1966 з Н.Армстрангам здзейсніў (як 2-і пілот) палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-8», 3—13.3.1969 з Дж.Макдывітам і Р.Швейкартам — палёт на КК «Апалон-9» (як пілот асн. блока), 26.7—7.8.1971 з Дж.Ірвінам і А.Уордэнам — палёт на Месяц (як камандзір) на КК «Апалон-15». Правёў у космасе 22,8 сут, у т. л. на Месяцы 18,6 гадз. Залаты медаль НАСА «За выключныя заслугі», залаты медаль Міру (ААН).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫГА́НАЎ (Вікенцій Васілевіч) (22.6.1903, в. Надзейкавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1945),
генерал-маёр (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік грамадз. вайны і баёў з інтэрвентамі на Зах. і Паўд. франтах. Да 1935 у войсках БВА. камандзір батарэі, нам.нач. штаба брыгады, нач. артылерыі палка. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Зах., Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, Паўд.-Зах., 3-м, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір стралк. дывізіі. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам С. вызначылася на тэр. Польшчы, дзе за 11 дзён прайшла з баямі 264 км, фарсіравала Одэр. Памёр ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),
гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам зЗямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 1011 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.
Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.
Літ.:
Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),
мацярык у Паўд. паўшар’і, частка свету. Пл. 7631,5 тыс.км² (найменшы сярод мацерыкоў). Нас. 18 млн.чал. (1994). Працягласць зПн на Пд ад мыса Йорк (10°14′паўд. ш.) да мыса Паўд.-Усходні (39°11′паўд. ш.) 3200 км; зЗ на У ад мыса Стып-Пойнт (113°51′усх. д.) да мыса Байран (153°34′усх. д.) 4100 км. На Пн Аўстралія абмываецца Тыморскім і Арафурскім, на У — Каралавым і Тасманавым морамі, на Пд і З — Індыйскім ак. Аўстраліі як частцы свету належыць шэраг а-воў: Тасманія, Кінг, Кенгуру, Мелвіл, Грут-Айленд і інш. (пл.з а-вамі 7704,5 тыс.км²). Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на 2,3 тыс.км цягнецца Вялікі Бар’ерны рыф. Берагавая лінія парэзана слаба: на Пн зал. Карпентарыя, на Пд Аўстралійскі зал., вял. п-авы — Кейп-Йорк і Арнем-Ленд на Пн.
Адкрыў Аўстралію галандзец В.Янсзан у 1606. Усходні бераг ў 1770 наведаў Дж.Кук. Яго суайчыннік М.Фліндэрс назваў мацярык Аўстраліяй.
Рэльеф. У рэльефе Аўстраліі пераважаюць раўніны, каля 87% паверхні не перавышае 500 м над узр. м. Аўстралія — самы нізкі мацярык свету, сярэдняя выш. 215 м, найб. 2230 м — г. Касцюшкі ў Аўстралійскіх Альпах. Заходнюю ч. Аўстраліі займае Заходне-Аўстралійскае пласкагор’е (выш. 400—500 м) з хрыбтамі і шматлікімі сталовымі гарамі: на паўн.-зах. ускраіне масіў Кімберлі (выш. да 936 м), па ўсходняй — горы Мак-Донел (1510 м, г. Зіл), Масгрэйв (1140 м, г. Вудраф), на ПдЗхр. Дарлінг (выш. да 582 м), на Зхр. Хамерслі (выш. да 1226 м). Сярэдняя ч. Аўстраліі нізінная (пераважная выш. да 100 м над узр. м.). На ПдУ алювіяльныя раўніны рэк Мурэяі Дарлінга, у паўд. частцы хрыбты Фліндэрс і Маўнт-Лофты. Характэрны пенеплены — вял. ўраўнаваныя раўніны з астраўнымі гарамі. Усходнюю ч. Аўстраліі займае Вялікі Водападзельны хрыбет, які складаецца з шэрагу ізаляваных плоскавяршынных горных хрыбтоў з моцна расчлянёнымі стромкімі ўсх. і спадзістымі зах. схіламі.
Геалагічная будова. У аснове цэнтр. і зах. частак мацерыка — стараж.Аўстралійская платформаз дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод, якія агаляюцца ў раёне Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я і часткова на п-аве Арнем-Ленд. Цэнтральная ч. платформы перакрыта чахлом асадкавых парод ад познапратэразойскага да кайназойскага ўзросту. Усходняя ч. ўтворана Усх.-Аўстралійскім складкавым геасінклінальным поясам, уключае разам з палеазойскімі вулканічныя і інтрузіўныя пароды ўсіх узростаў. Карысныя выкапні: алмазы (1-е месца ў свеце па здабычы), золата, жал. руды (хр. Хамерслі), медзь (Маўнт-Айза, Квінсленд), марганец (в-аў Грут-Айленд), уран (п-аў Арнем-Ленд), баксіты (п-авы Кейп-Йорк, Арнем-Ленд, хр. Дарлінг), каменны і буры вуглі (Вял. Водападзельны хрыбет), нафта і газ на ўзбярэжжы і ў шэльфавай зоне мацерыка (Баса праліў, ПдУ Аўстраліі), поліметалічныя і тытанавыя руды, фасфарыты.
Клімат. Паўн. частка Аўстраліі (да 20°паўд. ш.) знаходзіцца ў экватарыяльным, цэнтр.ч. (20—30°паўд. ш.) — у трапічным, паўд. ўскраіны — у субтрапічным кліматычных паясах. На б.ч. в-ва Тасманія клімат умераны. Высокія тэмпературы і вял. сухасць клімату (38% плошчы атрымлівае менш за 250 мм ападкаў) абумоўлены геагр. становішчам, працягласцю мацерыка зЗ на У, размяшчэннем на УВял. Водападзельнага хр., на Пдхр. Дарлінг, якія затрымліваюць вільгаць з акіянаў. Сярэднія т-ры студз. ад 20 да 30 °C і больш, ліп. ад 12 да 20 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца зУ на З ад 1500 мм да 300—250 ммза год і менш. Аўстралія — самая гарачая ч. сушы Паўд. паўшар’я: на 2/3тэр. трапічны пустынны і паўпустынны клімат (ва ўнутр. раёнах кантынентальны, сярэдняя т-растудз. 34 °C, ліп. 10 °C). На б.ч.ўсх. ўзбярэжжа клімат трапічны марскі, гарачы. Самы гарачы раён з т-рай студз. больш за 40 °C на ПнЗ (Марбл-Бар), самы засушлівы — катлавіна воз. Эйр (менш за 120 мм ападкаў за год). Найб. колькасць ападкаў на паўн.-ўсх. узбярэжжы — больш за 2000 ммза год.
Унутраныя воды. Натуральная рачная сетка развіта слаба. Амаль 60% тэрыторыі — бяссцёкавыя вобласці. Рэкі кароткія, жыўленне дажджавое, рэжым нераўнамерны. Пустыні перасякаюць часовыя вадацёкі (крыкі) Купер-Крык, Джарджына і інш.Найб. мнагаводная рака Мурэй (даўж. 2570 км) згал. прытокам Дарлінг (2740 км; самая доўгая рака Аўстраліі), рэкі Фіцрой, Ропер, Фліндэрс, Вікторыя, Мерчысан. Найб. азёры: Эйр, Торэнс, Амадыес, Гэрднер; вял. колькасць дробных (да 400) на ПдУ — на раўніне Салёных азёраў. Шмат стараж. азёрных катлавін, якія запаўняюцца вадой толькі пасля дажджоў. Аўстралія — багатая падземнымі водамі — 33 артэзіянскія басейны агульнай пл. каля 4800 тыс.км² (глыб. залягання вады 20—1800 м). Найбольш значныя басейны: Вялікі Артэзіянскі басейн, Мурэйскі, Морэтан-Кларэнс, Юкла, Джарджына.
Глебы і расліннасць. Глебавае покрыва падпарадкавана шыротнай занальнасці, парушаецца толькі ў гарах. На Пд і ПнУ развіты месцамі забалочаныя чырвона-жоўтыя латэрытныя глебы, якія змяняюцца чорна-бурымі глебамі саваннаў. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць шэразёмы трапічных і субтрапічных пустыняў і бурыя пустынна-стэпавыя глебы з саланчакамі і масівамі пяскоў. На Пд Аўстраліі прыбярэжная паласа каштанавых глебаў, на ПдЗ мацерыка чырваназёмы і жаўтазёмы субтрапічных саваннаў, па схілах гор горныя жоўта-бурыя лясныя, на вяршынях гор і ў Аўстралійскіх Альпах горна-лугавыя глебы. Расліннасць Аўстраліі развівалася ва ўмовах доўгай ізаляцыі, адрозніваецца своеасаблівым складам — каля 75% эндэмікі. Найб. тыповыя эўкаліпты (больш за 600 відаў), акацыі (490 відаў) і казуарыны (каля 25 відаў). Цэнтр.ч. мацерыка занята пясчанымі пустынямі (Вялікая Пясчаная пустыня, Вялікая пустыня Вікторыя, Гібсана пустыня) з рэдкімі дзярнінамі ксерафітных злакаў. Пустыні акаймаваны поясам паўпустыняў з зараснікамі калючых хмызнякоў (скрэбы). На Пн, У, ПдУ і ПдЗ паўпустыні пераходзяць у саванны (злакавае покрыва, асобна трапляюцца акацыі, «травяное дрэва», бутэлечнае дрэва). У далінах рэк паўн. і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа ўчасткі гілеяў, у вусцях — балоты і мангравыя зараснікі. 3% пл. займаюць лясы. Наветраныя схілы Вял. Водападзельнага хр. на Пн укрыты субэкватарыяльнымі вільготнымі лясамі з пальмамі, фікусамі, лаўровым дрэвам, араўкарыяй і бамбукам, далей на Пд — трапічнымі лясамі з эўкаліптаў. На зах. падветраных схілах — рэдкалессе і саванны. У гарах найб. рэзка выяўлена вышынная пояснасць ландшафтаў. Каля верхняй мяжы лесу растуць бук, «снегавы» эўкаліпт, дрэвападобныя папараці. Мацярык Аўстралія з прылеглымі а-вамі Тасманія і інш. вылучаюцца ў асобную фларыстычную вобласць, гл.Аўстралійская біягеаграфічная вобласць.
Жывёльны свет. Фауна Аўстраліі адрозніваецца багаццем эндэмічных (да 90 відаў) і рэліктавых жывёл. На мацерыку вял. колькасць сумчатых зямнога шара: кенгуру, барсук, мядзведзь (каала). Толькі ў Аўстраліі яйцародныя млекакормячыя (качканос і яхідна), дваякадыхаючая рыба рагазуб, адсутнасць эндэмічных капытных, прыматаў і драпежнікаў (акрамя дзікага сабакі дынга). З птушак ёсць страус эму, казуары, чорны лебедзь, лірахвост, папугаі, райскія птушкі і інш. Шмат ядавітых змей, яшчарак, скарпіёнаў, ядавітых павукоў; у вадаёмах — аўстралійскія кракадзілы і чарапахі. Флора і фауна ахоўваецца ў нац. парках і запаведніках, найб. вядомыя: Маўнт-Бафала, Касцюшкі, Саўт-Уэст (в-аў Тасманія), Уілсанс-Проматары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ТАМЕ́ І ПРЫ́НСІПІ (São Tomé e Príncipe),
Дэмакратычная Рэспубліка Сан-Таме і Прынсіпі (República Democrática de São Tomé e Principe), дзяржава на а-вах Сан-Таме (пл. 836 км²), Прынсіпі (пл. 128 км²) і інш. у Гвінейскім зал., каля зах. берагоў Афрыкі. Пл. 1 тыс.км². Нас. 154,9 тыс.чал. (1999). Сталіца — г. Сан-Таме. Дзярж. мова — партугальская. Падзяляецца на 2 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліп.).
Дзяржаўны лад. С.-Т. і П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. орган — Нац. народны сход (55 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе астравоў, складзеных пераважна з базальтаў, вылучаюцца вулканічныя конусы (выш. да 2024 м на в-ве Сан-Таме, да 821 м на в-ве Прынсіпі). На в-ве Прынсіпі клімат экватарыяльны вільготны, на в-ве Сан-Таме — пераходны да трапічнага з дажджлівым (кастр. — май) і сухім (чэрв. — вер.) сезонамі. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на ўзбярэжжах да 2000—3000 мм у гарах. Натуральная расліннасць — густыя вільготна-экватарыяльныя лясы з кашт. пародамі дрэў (у т. л. эбенавае дрэва), ёсць другасныя хмызнякі, у вусцях рэк — мангравыя зараснікі. У жывёльным свеце шмат птушак і насякомых. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Жывуць сантамійцы (саманазва тонгаш), нашчадкі афрыканцаў-рабоў, вывезеных у 15—16 ст.з краін Зах. і Паўд. Афрыкі, часткова афрыкана-партугальскія метысы. Ёсць невял. групы партугальцаў і нядаўніх эмігрантаў з краін Зах. Афрыкі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць пратэстанты; захоўваюцца мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. 155 чал. на 1 км². 95% нас. пражывае на в-ве Сан-Таме, дзе на ўзбярэжжы шчыльн. больш за 300 чал. на 1 км² У гарадах жыве каля 40% нас., у т. л. ў г. Сан-Таме каля 50 тыс.ж. Большая ч. насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. На момант адкрыцця ў 1470—71 партуг. мараплаўцамі Ж. ды Сантарэнам і П.Эшкабарам астравы былі незаселены. З 1485 пачалася іх каланізацыя партугальцамі. У пач. 16 ст. тут створаны плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі, найб.з Анголы. Рабы часта ўзнімалі паўстанні, найбуйн. з іх адбылося ў 1595—96. Змешанае насельніцтва (мулаты) было свабоднае, але непаўнапраўнае. Пасля скасавання ў 1875 рабства гал. галіной эканомікі стала вытв-сць какавы і кавы. У 1951 астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі, а ў 1972 — мясц. аўтаноміі Партугаліі. У 1953 адбылося паўстанне ў падтрымку незалежнасці краіны, якое было задушана партуг. войскамі. З 1960 барацьбу за незалежнасць астравоў вёў створаны ў эміграцыі К-тза вызваленне С.-Т. і П. (з 1972 — Рух за вызваленне, РВСТП). Пасля рэвалюцыі ў Партугаліі (крас. 1974) новы партуг. ўрад прызнаў незалежнасць астравоў.
12.7.1975 абвешчана Дэмакр. Рэспубліка С.-Т. і П., а лідэр РВСТП М.Пінту да Кошта стаў яе першым прэзідэнтам. У краіне быў усталяваны аднапартыйны рэжым РВСТП і абвешчаны курс на сацыяліст. будаўніцтва і супрацоўніцтва зсацыяліст. краінамі. Цяжкае эканам. становішча ў 1980-я г. прымусіла ўрад С.-Т. і П. пачаць збліжэнне з краінамі Захаду і лібералізацыю паліт. і эканам. жыцця. У жн. 1990 прынята канстытуцыя краіны, якая ўвяла прамыя прэзідэнцкія выбары, шматпартыйнасць і грамадз. свабоды. На першых свабодных выбарах у студз. 1991 перамагла апазіцыя, лідэр якой М.Траваада ў сак. 1991 абраны прэзідэнтам краіны. У 1990-я г. ажыццёўлены рынкавыя рэформы ў эканоміцы, але эканам. становішча краіны застаецца складаным. Яна моцна залежыць ад замежнай эканам. дапамогі. С.-Т. і П. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Рух за вызваленне С.-Т. і П., Партыя дэмакр. канвергенцыі — група незалежнае дэмакр. дзеянне, кааліцыя дэмакр. апазіцыі.
Гаспадарка. Слабаразвітая с.-г. краіна монакультурнай арыентацыі. Штогадовы даход на 1 чал. 1100 дол. Сельская гаспадарка дае 23% даходаў краіны, прам-сць — 19%, абслуговыя галіны — 58%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі. Каля 10 тыс.га пастаянна арашаецца. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць дзярж. плантацыі. Гап. культура — какава, займае каля 28 тыс.га, штогадовы збор каля 10 тыс.т. Інш. экспартныя культуры: кава, какосавая і алейная пальмы, бананы, ваніль, карыца, перац, кола, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы на невял. плошчы вырошчваюць маніёк, ямс, фасолю, проса, кукурузу, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (асабліва хлебнае дрэва і папайя, або дыннае дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба, пад лугамі і пашай каля 1 тыс.га. Пераважае гадоўля буйн. раг. жывёлы (каля 3 тыс. галоў) і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства, лоўля чарапах і васьміногаў. З галін прам-сці найб. развіты харч. (мукамольная, алейная, рыбаперапрацоўчая, піваварная), тэкст., мылаварная, лесапільная і дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн.кВт∙гадз (1998) на невял. цеплавых электрастанцыях і ГЭС. Саматужныя промыслы і рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. На астравах 320 км аўтадарог, у т. л. 218 кмз цвёрдым пакрыццём. Асн. парты Сан-Таме і Санту-Антонью, 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. на в-ве Сан-Таме. У 1997 экспарт склаў 5,3 млн.дол., імпарт 19,2 млн.дол. У экспарце пераважаюць какава (90%), кава, пальмавы алей, копра, рыбапрадукты; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: Партугалія, Нідэрланды, Францыя. Турызм. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін, на 1995 яна склала 57,3 млн.дол. Грашовая адзінка — добра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сан-Таме і Прынсіпі.Да арт.Сан-Таме і Прынсіпі. Ландшафт на востраве Сан-Таме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 3 МАЯ 1791 (Ustawa tządowa),
асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты 3.5.1791 на Чатырохгадовым сейме ў Варшаве. Абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і ВКЛ. Але кароль захаваў і тытул вял.кн. літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне. Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзярж. юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адм.-судовых і царк. пасад. Дэкларавала апеку права і ўрада над феад.-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзярж. ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (з іх 24 з дарадчым голасам прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на мясц. сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т. л. караля. Ён быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberam veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасцю галасоў, уведзена спадчыннасць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясц. узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясц. сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды, Пажыццёвасць пасад скасоўвалася і змянялася іх выбарнасцю. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм. Была першай у Еўропе і другой у свеце (пасля ЗША) Канстытуцыяй, зафіксаванай пісьмова. Скасавана Гродзенскім сеймам 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Łojek J. Upadek Konstytucji 3 maja. Wrocław, 1976;
Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów: Konstytucja 3 maja i reformy Sejmu Cztemletniego. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУСЕ́ВІЧ (Казімір Адамавіч) (4.3.1872, б. фальварак Новіны каля в. Душава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1949),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, адвакат. Бацька К.К.Петрусевіча. Скончыў Кіеўскі ун-т (1895). З 1896 пам. прысяжнага паверанага. У рэв. руху з 1894. Удзельнік Першага з’езда РСДРП у Мінску (1898). Чл. Мінскай арг-цыі РСДРП, удзельнік рэв. падзей 1905—06. Неаднойчы быў арыштаваны, сасланы і зняволены (1897, 1898, 1905). Выступаў абаронцам на суд. працэсах. Абараняў Я.Коласа (1908) па справе яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, рэвалюцыянераў А.В. і В.І.Бонч-Асмалоўскіх. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. З 1918 нам. старшыні савета адвакатаў, старшыня к-таЧырв. Крыжа, акр. суда ў Мінску, з 1920 на адвакацкіх і суд. пасадах у Вільні, праф. Віленскага ун-та. Як юрыст выступаў супраць дыскрымінацыі нац. меншасцей Зах. Беларусі. У 1926 на працэсе 94-х абараняў удзельнікаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у 1928 на працэсе 56-і — дзеячаў Бел.сял.-работніцкай грамады, за што звольнены з ун-та, у 1934 — М.Танка, зняволенага зарэв. дзейнасць, у 1936 — групу абвінавачваных зах.-бел. яўрэяў і інш.З 1945 у Польшчы: юрыд. саветнік у рэпарацыйных установах, суддзя Вярх. суда, чл.Гал. адвакацкага савета. Аўтар прац па цывільным праве.
Літ.:
Мошинский И.Н. На путях к 1 съезду РСДРП. М., 1928;
Polski słownik biograficzny. Wrocław etc., 1980. T. 25/4. S. 696—699.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КАў Нясвіжы.
Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйна наз. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв. вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АНБССР. У Вял.Айч. вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковайНац.АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.