СКОТ ((Scott) Дэйвід) (н. 6.6.1932, г. Сан-Антоніо, штат Тэхас, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (з 1977 у адстаўцы). Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1955), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1962). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 16.3.1966 з Н.Армстрангам здзейсніў (як 2-і пілот) палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-8», 3—13.3.1969 з Дж.Макдывітам і Р.Швейкартам — палёт на КК «Апалон-9» (як пілот асн. блока), 26.7—7.8.1971 з Дж.Ірвінам і А.Уордэнам — палёт на Месяц (як камандзір) на КК «Апалон-15». Правёў у космасе 22,8 сут, у т. л. на Месяцы 18,6 гадз. Залаты медаль НАСА «За выключныя заслугі», залаты медаль Міру (ААН).
У.С.Ларыёнаў.
т. 14, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)