А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб.апавяд. «Даверся мне» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ДУ ((Amado) Жоржы) (н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),
бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер.літ. з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл.Сусв. Савета Міру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Buffalo),
горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў канцы 18 — пач. 19 ст. 323,4 тыс.ж., з прыгарадамі 1,19 млн.ж. (1992). Размешчаны каля ўсх. берага воз. Эры і вытоку р. Ніягара, на суднаходным канале, які злучае Вял. азёры праз р. Гудзон з Атлантычным ак. Порт на воз. Эры, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Праз Буфала адбываецца значная ч. гандлю ЗША з Канадай. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Чорная металургія, металаапрацоўка. Разнастайнае машынабудаванне (вытв-сць цеплавога і інш.прамысл. абсталявання, станкоў, аўтамабільных дэталяў і вузлоў, авіяц. тэхнікі, электронных кампанентаў і сродкаў сувязі і інш.). Хім., цэлюлозна-папяровая, харч. (пераважна мукамольная і мясакансервавая) прам-сць. 2 ун-ты. Цэнтр ядзерных даследаванняў. Музей навукі. Маст. галерэя Олбрайт-Нокс. Каля Буфала — ГЭС на р. Ніягара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛМА́РЫС (Palmares),
Рэспубліка Палмарыс, дзяржава збеглых неграў-нявольнікаў у пальмавых лясах (палмарах) Паўн.-Усх. Бразіліі (цяпер штат Пернамбуку) у 1630—97. Утварылася ў выніку аб’яднання ўмацаваных пасёлкаў (кіломбус) збеглых неграў. Цэнтр — пас. Макаку. Прымітыўная дзяржава з элементамі родаплем. арганізацыі і ваен. дэмакратыі. На чале П. стаялі выбарны пажыццёвы правадыр і савет старэйшын. Узбр. сілы — нар. апалчэнне. Насельніцтва (20 тыс.чал., негры, мулаты, індзейцы) займалася земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам, менавым гандлем з індзейскімі плямёнамі; асн. маса вернікаў вызнавала афрахрысц. сінкрэтычны культ. Зямля належала дзяржаве, існавалі абшчынныя палі і сямейныя надзелы. У гаспадарцы выкарыстоўвалася праца нявольнікаў з ваеннапалонных. Насельніцтва П. адбіла шматлікія карныя экспедыцыі галандскіх і партуг. каланізатараў, у 1679 і 1692 пад кіраўніцтвам правадыра Зумбі нанесла буйныя паражэнні партугальцам. У лют. 1694 партуг. войскі захапілі пас. Макаку і знішчылі б.ч. насельніцтва П., у 1697 разбурылі апошнія пасёлкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛІКЕН ((Millikan) Роберт Эндрус) (22.3.1868, г. Морысан, штат Ілінойс, ЗША — 19.12.1953),
амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл.Нац.АН ЗША (1915). Замежны чл.-кар.АНСССР (1924). Вучыўся ў Калумбійскім і Чыкагскім ун-тах (д-р філасофіі, 1895). З 1896 у Чыкагскім ун-це (з 1910 праф.), у 1921—45 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі і фізіцы касм. прамянёў. З вял. дакладнасцю вызначыў зарад электрона (1910—13), эксперыментальна праверыў квантавую тэорыю фотаэфекту і ўпершыню вызначыў пастаянную Планка (1914). Выканаў грунтоўныя даследаванні па высвятленні прыроды касм. прамянёў (1921—22). Адкрыў незалежна ад С.М.Вярнова шыротны эфект касм. прамянёў у стратасферы. Нобелеўская прэмія 1923.
Тв.:
Рус.пер. — Электроны (+ и -), протоны, фотоны, нейтроны и космические лучи. М.; Л., 1939.
Літ.:
Кудрявцев П.С. История физики. 2 изд. М., 1971. Т. 3. С. 121—126.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РГАН ((Morgan) Томас Хант) (25.9. 1866, г. Лексінгтан, штат Кентукі, ЗША —4.12.1945),
амерыканскі біёлаг, заснавальнік школы генетыкаў. Чл.Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Ганаровы замежны чл.АНСССР (1932). Скончыў ун-т штата Кентукі (1886) і ун-т Дж.Хопкінса ў г. Балтымар (1891). З 1891 праф. Жаночага каледжа ў Брын-Моры, з 1904 — Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку. З 1928 кіраўнік біял. лабараторыі Каліфарнійскага тэхнал. ін-та ў г. Пасадэна. У 1927—31 Прэзідэнт Нац.АН ЗША. Навук. працы па эксперым. эмбрыялогіі, рэгенерацыі органаў і ўстанаўленні полу ў жывёл. Эксперыментальна абгрунтаваў і сфармуляваў асн. палажэнні храмасомнай тэорыі спадчыннасці (разам з Г.Мёлерам, А.Сцёртэвантам, К.Брыджэсам). Устанавіў заканамернасці размяшчэння і счаплення генаў у храмасомах, красінговера. Працы М. высветлілі цыталагічны механізм Мендэля законаў і спрыялі распрацоўцы генет. асноў тэорыі натуральнага адбору. Нобелеўская прэмія 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́М,
буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс.км². Нас. 22,4 млн.ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб. гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачны в-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.
Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 мм за год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 мм за год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЛЕН ((Veblen) Тарстэйн) (30.7.1857, Ката, штат Вісконсін, ЗША — 3.8.1929),
амерыканскі вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Праф. Чыкагскага, Станфардскага і Місурыйскага ун-таў. Погляды яго супярэчлівыя: спалучаюць крытыку некат. бакоў капіталізму, фін. алігархіі і «гуляшчага класа» з дробнабурж. утапізмам. Асновай сац. развіцця лічыў матэрыяльную вытв-сць, але зводзіў яе толькі да тэхналогіі, спрошчана трактаваў сувязь паміж тэхнікай і сац.-культ. працэсамі: грамадства разглядаў як прамысл. машыну з пэўнымі эканам. ін-тамі, а яго эвалюцыю — як разумовае прыстасаванне індывідаў да больш хуткіх змен у тэхналогіі. Крытыкаваў марксізм, абгрунтоўваў ідэю змяншэння ролі працы і рабочага класа, у развіцці грамадства вырашальнай лічыў ролю інтэлігенцыі, найперш вытворча-тэхн., якой прапаноўваў перадаць кіраўніцтва краінай (стварыць «савет тэхнікаў»). У канцы жыцця ад часткі гэтых утапічных ідэй адмовіўся, але яны выкарыстаны ў тэхнакратычных тэорыях. Погляды Веблена, асабліва яго тэорыя «гуляшчага класа», адставання культуры ад тэхнікі, спрыялі развіццю немарксісцкай амер. сацыялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС ((Jones) Джэймс) (6.11.1921, г. Робінсан, штат Ілінойс, ЗША — 9 5.1977),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнічаў у 2-й сусв. вайне, быў цяжка паранены. Вядомасць прынёс антымілітарысцкі раман «З гэтага часу і навек» (1951). Аўтар раманаў «Тонкая чырвоная рыса» (1962), «Вясёлы месяц май» (1971), «Толькі пакліч» (1978) і інш., а таксама кніг нарысаў «В’етнамскі дзённік» (1974), мемуараў «Другая сусветная вайна» (1975), аповесцей, рэпартажаў, кінасцэнарыяў. Распрацоўваючы канкрэтна-гіст. тэмы 2-й сусв. вайны, «вял. дэпрэсіі» ў Амерыцы 1930-х г., разважаў над вечнымі праблемамі: чалавек і вайна, жыццё і смерць, любоў і нянавісць, свабода і абавязак. Значнае месца ў рэаліст. прозе займае элемент натуралізму, абумоўлены маст. задачамі.
Тв.:
Рус.пер. — Отныне и вовек. М., 1986.
Літ.:
Олдридж Дж. Джеймс Джонс: простодушный в Париже // Олдридж Дж. После потерянного поколения: Сб. ст.: Пер. с англ.М., 1981.
Е.А.Лявонава.
І.Джонс. Банкетная зала палаца Уайтхал у Лондане. 1619—22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́НА (Montana),
штат на ПнЗ ЗША, мяжуе з Канадай. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 381,1 тыс.км². Нас. 878,8 тыс.чал. (1997). Адм. цэнтр — г. Хеліна. У гарадах каля 40% насельніцтва. Найб. гарады: Білінгс, Грэйт-Фолс, Мізула, Анаконда. Рэльеф гарысты. Зах. частку штата займаюць хрыбты Скалістых гор (г. Граніт-Пік, 3901 м), усх. — плато Прэрый. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -13 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў 350—400 мм за год. Гал. рэкі: Місуры і яе прыток Йелаўстан. Каля 60% тэрыторыі пад лесам. Нац. паркі: Глейшэр, Йелаўстонскі нацыянальны парк (частка). Здабыча медзі, свінцу, цынку, золата, серабра, вугалю, нафты, газу. Развіты дрэваапр. (у т. л. папяровая), металургічная, металаапр., электратэхн., нафтаперапр., паліграф., харч.прам-сць. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, бройлерных куранят. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. 4 Міжнар. аэрапорты. Турызм.