КРАСНУ́ХА,

вострая вірусная хвароба, падобная прыкметамі да адру ці шкарлятыны. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Дае стойкі імунітэт. Інкубацыйны перыяд 5—23 дні.

Адрозніваюць К. набытую і прыроджаную. Сімптомы К. набытай: павелічэнне (да 10—20 мм) патылічных і задняшыйных лімфатычных вузлоў, дробная (5—10 мм) бледна-ружовая высыпка (найбольш на разгібальнай паверхні рук і ног, іншы раз з павышэннем т-ры цела), якая знікае праз 2—4 дні без пігментацыі і лушчэння. Пры прыроджанай К. (калі маці хварэла на К. ў першыя 3 месяцы цяжарнасці) дзеці могуць нараджацца з заганамі: глухата, катаракта, парокі сэрца, пашкоджанне нерв. сістэмы, заганы развіцця мочапалавых органаў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. Лячэнне сімптаматычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДО́ВАЯ ГНІЛЬ, манілёз,

хвароба пладовых дрэў, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду манілія. Найб. пашырана на вішні, чарэшні, сліве, грушы і яблыні. Пашкоджвае плады, кветкі, лісце, парасткі і інш. Пашырана ўсюды, моцна праяўляецца ў вільготныя і цёплыя гады.

Інфекцыя разносіцца ветрам, дажджом, насякомымі (пладажэрка, казарка), пранікае ў органы раслін праз мех. пашкоджанні. На пладах паяўляюцца невял. бурыя плямы, якія хутка разрастаюцца, тканкі плода размякчаюцца. На паверхні заражаных пладоў утвараюцца белавата-шэрыя, жаўтаватыя канцэнтрычныя падушачкі. Некат. пашкоджаныя плады не ападаюць, муміфікуюцца, робяцца чорнымі, зімуюць, праз іх адбываецца першаснае заражэнне дрэў наступным летам. Страты ўраджаю пладоў ад П.г. дасягаюць 50—70%. Меры барацьбы: знішчэнне ападу, перакопванне глебы вакол ствалоў, апырскванне бардоскай вадкасцю.

Пладовая гніль: 1 — вішні; 2 — грушы.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ФІЛІС, люэс,

хранічная венерычная хвароба, якая выклікаецца бледнай трэпанемай. Пашкоджвае ўсе органы і тканкі арганізма чалавека, мае шматгадовы хвалепадобны характар цячэння з перыядамі затухання і абвастрэння. Перадаецца пераважна палавым шляхам, бывае бытавы С. і ўнутрывантробны (прыроджаны, які можа развівацца ў любым узросце). Крыніца інфекцыі — хворы на С.

Адрозніваюць інкубацыйны, першасны, другасны і трацічны перыяды хваробы. У першасны перыяд на месцы пранікнення ўзбуджальніка развіваецца першасная язва (цвёрды шанкер), павялічваюцца бліжэйшыя лімфатычныя вузлы. Другасны перыяд найб. кантагіёзны, на скуры і слізістых абалонках хворага пашыраецца разнастайная высыпка (плямістая, вузельчыкавая, гнайнічковая), бывае пляшывасць. Трацічны ўзнікае, калі С. не лечаць. Утвараюцца гумы (спецыфічныя бугаркі і вузлы) у скуры, касцях, унутр. органах, нерв. сістэме. Лячэнне тэрапеўтычнае Гл. таксама Венерычныя хваробы.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЫЕС ЗУБО́Ў (ад лац. caries гніенне),

хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневага характэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,

злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.​Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.

Літ.:

Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;

Лимфогранулематоз. М., 1985.

В.​Я.​Рэбека, І.​В.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,

інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.

Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш. ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.

Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.

Пулароз куранят.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РШЫН (Усевалад Міхайлавіч) (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.​Лупсякоў, М.​Клімковіч.

Тв.:

Соч. М.; Л., 1963: Избранное. М., 1982;

Бел. пер. — Сігнал. Мн., 1946;

Лягушка-падарожніца. Мн., 1954.

Літ.:

Бялый Г.А. В.​М.​Гаршин. Л., 1969.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),

вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К’Е́РКЕГОР, Кіркегор (Kierkegaard) Сёрэн (5.5.1813, Капенгаген — 11.11.1855), дацкі тэолаг, філосаф, пісьменнік. Папярэднік экзістэнцыялізму. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Капенгагенскім ун-це. Аўтар прац «Страх і хваляванне» (1843), «Філасофскія крохі» (1844), «Стадыі жыццёвага шляху» (1845), «Хвароба да смерці» (1849) і інш. Сваё бачанне быцця чалавека сфармуляваў як рэалізацыю чалавечай суб’ектыўнасці, у якой асаблівая роля належыць такім паняццям, як «асоба», «свабода», «выбар», «страх», «адчай», «рашучасць» і інш. Існаванне чалавека разглядаў у 3 тыпах экзістэнцыі: эстэт., этычнай і рэліг. З несувымернасці божага і чалавечага свету, веры і розуму выводзіў тэзіс пра бяссэнсавасць іх спалучэння, бо ўсякія спробы такога злучэння непазбежна вядуць да парадоксаў. Творы К. вылучаюцца яскравасцю. Філасофія яго стала папулярнай у 20 ст. З узнікненнем экзістэнцыялізму набыла характар класічнай філас. л-ры ў галіне ірацыяналістычных канцэпцый.

Літ.:

Быховский Б. Э.​Кьеркегор. М., 1972.

А.​М.​Елсукоў.

С.К’еркегор.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯНЫ́ ЦІСК,

ціск крыві ў сасудзістай сістэме; інтэгральны паказчык стану кровазвароту, абумоўлены нагнятальнай здольнасцю сэрца, супраціўленнем сасудаў, гідрастатычнымі сіламі.

К.ц. бывае артэрыяльны, вянозны, капілярны. Артэрыяльны ціск павялічваецца пры скарачэнні (сістале) сэрца (макс., сісталічны ціск 115—125 мм рт. сл.), зніжаецца пры расслабленні (дыястале) сэрца (мін., дыясталічны ціск (70—80 мм рт. сл.). Розніца паміж імі — пульсавы ціск. Вянозны ціск у перыферычных венах 60—100 мм вадзянога слупка. З узростам К.ц. павышаецца. Існуюць прамыя (крывавыя) і непрамыя (бяскроўныя) метады вымярэння К.ц. Артэрыяльны ціск вымяраюць непрамым метадам на плечавой артэрыі сфігмаманометрамі, вянозны — прамым метадам, з увядзеннем у вену іголкі, якая злучана з манометрам. Пра парушэнні К.ц. гл. Гіпатанія, Гіпертанія, Гіпертанічная хвароба.

Літ.:

Аринчин Н.И. Комплексное изучение сердечно-сосудистой системы. Мн., 1961;

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)