НЯПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ, няпарнапальцыя (Perissodactyla),

атрад расліннаедных млекакормячых. Вядомы з эацэну (каля 60 млн. г. назад). 9 выкапнёвых і 3 сучасныя сям.: коневыя, насарогавыя, тапіравыя. 6 родаў, 16 відаў. Дзікія віды пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, свойскія (коневыя) — на ўсёй сушы. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна або невял. статкамі. 12 відаў і 4 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. 1,8—5 м, маса ад 180 кг да 5 т. На нагах 1 або 3 пальцы (на пярэдніх зрэдку 4). Найб. развіты 3-і, сярэдні, палец, які заканчваецца капытом. Палігамы. Нараджаюць звычайна 1 дзіцяня.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГВА́Й (Paraguay, на мове гуарані — крыніца мора),

рака ў Бразіліі і Парагваі, правы прыток р. Парана, на асобных участках служыць мяжой паміж Парагваем, Бразіліяй і Аргенцінай. Даўж. каля 2500 км, пл. басейна 1,2 млн. км². Вытокі ў паўн.-зах. ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па глыбокай забалочанай упадзіне Пантанал і нізіннай ч. прыроднай вобласці Гран-Чака. Гал. прытокі: Пількамайо, Рыо-Бермеха (справа). Рэчышча пераважна звілістае, шмат пясчаных меляў і астравоў. Разводдзе ў маі—чэрвені. Сярэдні расход вады каля 4 тыс. м³/с. П. — гал. трансп. магістраль Парагвая. Суднаходная ад г. Карумба (Бразілія). На П. гарады Кансепсьён, Асунсьён (Парагвай).

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),

ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн. г. і завяршыўся 0,1 млн. г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.

А.​Ф.​Санько.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТ,

рака на Украіне, часткова служыць мяжой паміж Малдовай і Румыніяй, левы прыток р. Дунай. Даўж. 967 км, пл. басейна 27,5 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Чарнагора (Усх. Карпаты). Да г. Чарнаўцы цячэ ў глыбока ўрэзанай даліне, ніжэй даліна расшыраецца (да 10 км каля г. Леова). Рэчышча звілістае, месцамі парожыстае. Веснавое разводдзе, частыя летне-асеннія паводкі, павышаны зімовы сцёк (ад адліг і дажджоў). Сярэдні расход вады каля г. Леова 69,2 м³/с. Вадасх. Касцешць-Стынка. Суднаходны да г. Леова. На П. гарады Ярэмча, Каламыя, Снятын, Чарнаўцы, Наваселіца (Украіна), Унгень, Леова (Малдова).

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫДО́НСКАЯ ПАРО́ДА коз,

старажытная пуховая парода. Гадуюць у Варонежскай, Валгаградскай і інш. абласцях Расіі. Выкарыстоўваецца для паляпшэння пуховай прадукцыйнасці мясц. парод. З яе ўдзелам выведзена горнаалтайская пародная група коз.

Маса казлоў 65—70, матак 40—43 кг. Воўна складаецца з шэрага пуху (на 65—70%) і чорнай восці ў выглядзе падпушку даўж. да 6 см. Пуховыя касіцы на канцах закручваюцца ў карычневыя кольцы. Сустракаюцца жывёлы белай масці. Сярэдні начос пуху 0,4—0,8 (да 1,5) кг. Казліна П.п. падобна да аўчыны раманаўскай пароды авечак; выкарыстоўваецца для пашыву футравых вырабаў. Пладавітасць 130—140%.

Прыдонская парода коз.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫЯ СО́ТЫ,

пабудовы пчол меданосных у вуллях з пчалінага воску для захоўвання корму (мёду і пяргі) і вырошчвання расплоду; таксама гняздо пчалінай сям’і. Складаюцца з шасцігранных прызматычных ячэек, размешчаных абапал міжсцення, якое можа быць штучным (гл. Вашчына). Ячэйкі бываюць пчаліныя, трутневыя, мядовыя, пераходныя і матачнікі. Сярэдні дыям. толькі што пабудаванай пчалінай ячэйкі 5,38—5,42 мм, глыб. 12 мм, таўшчыня сценак 0,12 мм. У адной ячэйцы змяшчаецца каля 0,4 г мёду.

В.​І.​Сапега.

Пчаліныя соты: 1 — агульны выгляд (а — мядовыя ячэйкі; б — расплод; в — матачнікі); 2 — у папярочным разрэзе; 3 — з пчалінымі і трутневымі (буйнымі) ячэйкамі.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-САЛА́ДА (Río Salado),

рака ў Аргенціне, правы прыток р. Парана. У верхнім цячэнні наз. спачатку Гуачыпас, потым Хурамента, або Рыо-дэ-Пасахе. Даўж. каля 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 160 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах Цэнтр. Андаў, цячэ па раўніне Гран-Чака, дзе падзяляецца на рукавы. У час засухі (май—вер.) на асобных участках перасыхае і ператвараецца ў сістэму салёных азёр і балот. Сярэдні расход вады ў верхнім цячэнні каля 40 м³/с, у ніжнім — каля 15 м³/с (вынік страты на інфільтрацыю і выпарэнне). Суднаходная ў перыяд дажджоў. У вусці ракі — г. Санта-Фе.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛУІ́Н, Салуэн (тыбецкае Наг-Чу, кіт. Нуцзян),

рака ў Кітаі і М’янме, часткова — мяжа паміж М’янмай і Тайландам. Даўж. каля 3200 км, пл. басейна каля 325 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў хр. Тангла на У Тыбецкага нагор’я. Цячэ па Юньнаньскім і Шанскім нагор’ях у глыбокіх (да 3 тыс. м) цяснінах, утварае парогі і вадаспады, у ніжнім цячэнні — па раўніне. Упадае 2 рукавамі ў Андаманскае м. Рэжым мусонны з летнімі паводкамі (пад’ём узроўню ў цяснінах на 15 м і больш). Сярэдні расход вады каля 6700 м³/с. Сплаўная, суднаходная ў ніжнім цячэнні на 120 км. У вусці — марскі порт Малам’яйн.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ФРАНСІ́СКУ (São Francisco),

рака ў Бразіліі, на Бразільскім пласкагор’і. Даўж. 2800 км, пл. бас. каля 600 тыс. км². Вытокі ў горным масіве Сера-да-Канастра, у вярхоўях мае горны характар, потым цячэ ў шырокай даліне тэктанічнага паходжання. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз берагавы ўступ пласкагор’я да Атл. ак., утварае парогі і вадаспады Паўлу-Афонсу. Высокія ўзроўні вады ў ліст.—маі. Сярэдні расход вады ў вусці 3300 м³/с. Буйное вадасх. Трэс-Марыяс і ГЭС (у верхнім цячэнні), некалькі ГЭС на вадаспадах Паўлу-Афонсу (у ніжнім). Суднаходная ў сярэднім цячэнні і ад вадаспадаў да вусця.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),

рака на Пд Канады. Утвараецца ад сутокаў рэк Норт-С. і Саўт-С., якія пачынаюцца ў Скалістых гарах. Даўж. 544 км (ад вытоку р. Саўт-С. — 1928 км), пл. бас. 385 тыс. км². Цячэ па Вялікіх і Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Разводдзе ў чэрв.—жн., межань ад снеж. да сакавіка. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады 780 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння ў вярхоўях. Вадасх. Гранд-Рапідс у ніжнім цячэнні. Суднаходная на асобных участках. На р. Саўт-С. — г. Саскатун, на р. Норт-С. — гарады Эдмантан і Прынс-Альберт.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)