ДЖАВАХІШВІ́ЛІ М. (сапр.Адамашвілі Міхаіл Савіч, 20.11.1880, с. Цэракві Марнеульскага р-на, Грузія — 1937),
грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1903. Выступаў з апавяданнямі, артыкуламі супраць самадзяржаўя, за што быў прыцягнуты да суд. адказнасці. 3-за праследаванняў у 1907 выехаў за мяжу, падарожнічаў па Еўропе і Амерыцы. Пасля вяртання на радзіму ў 1909 выдаваў час. «Эры» («Нацыя»), які неўзабаве быў забаронены, а Дж. засуджаны да турэмнага зняволення, пазней — ссылкі. Аўтар сатыр. раманаў «Квачы Квачантырадзе» (1924), «Гіві Шадуры» (1928), гіст. «Арсен з Марабды» (1932), «Лёс жанчыны» (1936), адметных актуальнасцю тэматыкі і праблематыкі, майстэрствам сюжэтнай кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў А. Жук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́Н (Баранаў) Сяргей
(27.9.1892, в. Віцькі Гродзенскага р-на — 1937?),
бел. грамадскі і культ. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Узначальваў гродзенскае т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны. У 1919 старшыня Бел.нац.к-та ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай бел. гімназіі. Займаўся каап. дзейнасцю. У час выбараў у польскі сейм (1922) балаціраваўся ад блока нац. меншасцяў. Арыштаваны польскімі ўладамі і на суд. працэсе над удзельнікамі бел. эсэраўскага падполля ў Беластоку ў 1923 прыгавораны да 8 гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання ў канцы 1920-х г. эмігрыраваў у СССР, дзе ў 1930-я г. рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ (БСП),
грамадская некамерцыйная арг-цыя. Створана ў 1991 як Саюз прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь, з 1995 — БСП. Уключае каля 500 правадзейных (акц. т-вы, малыя прадпрыемствы, вытв. і камерц. фірмы, кааператывы і інш.) і больш за 15 тыс. асацыіраваных членаў, у т. л. Асацыяцыю дзелавога супрацоўніцтва «Гарант» (створана ў 1989, аб’ядноўвае каля 50 устаноў, прадпрыемстваў, фірмаў і арг-цый дзярж. і недзярж. формаў уласнасці). Гал. мэты: абарона інтарэсаў прадпрымальнікаў у вышэйшых заканад., выканаўчых, суд. органах, у органах мясц. самакіравання; інфарм.-даведачнае абслугоўванне; юрыд. паслугі і прававая ахова; рэклама прадпрыемстваў і іх прадукцыі; стварэнне рабочых месцаў і дадатковых крыніц фарміравання бюджэту; залучэнне замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі. Створаны (1992) Бел. фонд фін. падтрымкі прадпрымальнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЯЗЕ́Й Віктар Адамавіч (8.6.1881, Мінск — пасля 1951),
удзельнік бел.нац. руху пач. 20 ст. З 1903 адзін з кіраўнікоў арг-цыі Бел.сацыяліст. грамады (БСГ) у Мінску (парт.псеўд. Кузьма), на яго кватэры адбыўся 2-і з’езд БСГ (студз. 1906). Працаваў бібліятэкарам б-кі імя Пушкіна. У пач. 1908 арыштаваны, пры вобысках знойдзены нелегальная л-ра, фальшывы пашпарт, пячатка БСГ. У кастр. 1909 засуджаны Віленскай суд. палатай і ў студз. 1910 сасланы ў Кірэенскі пав. Іркуцкай губ. З Сібіры дасылаў лісты ў «Нашу ніву». У 1920-я г. працаваў у Інбелкульце. У 1926 на пасяджэнні секцыі рэв. руху выступіў з дакладам «Утварэнне і праца БСГ». У 1951 жыў у Ратамцы пад Мінскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),
становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ШЕ У́ТРО»,
грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 20.5(2.6).1912 да 18(31). 7.1915 у Гродне на рус. мове. Асвятляла ўнутр. і знешнюю палітыку ўрада, работу Дзярж. думы, грамадскае жыццё горада і губерні. Друкавала артыкулы на эканам., навук. і літ. тэмы, літ.-маст. агляды, рэцэнзіі на тэатр. пастаноўкі і муз. канцэрты, этнагр. матэрыялы, асвятляла пытанні бел. тэатра. Неаднаразова цярпела суд. ганенні і адм. спагнанні за крытыку палітыкі царызму. Адгукнулася на выданне твораў Л.Талстога, прыхільна ацэньвала творчасць М.Горкага, Л.Андрэева, М.Арцыбашава. Падтрымлівала новыя кірункі ў тэатр. мастацтве, творчасць К.Станіслаўскага. Крытыкавала мадэрнізм (футурызм, кубізм), палемізавала з рэакц. газетамі «Северо-западная жизнь» і «Минское слово».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНА́МА»,
«панамскі скандал», жульніцкая афера, звязаная са злоўжываннямі і карупцыяй «Усеагульнай кампаніі міжамерыканскага канала», што была створана ў 1879 у Францыі для арганізацыі работ па пракопванні Панамскага канала. Акцыі гэтай кампаніі набылі 800 тыс.чал. Да 1888 кампанія выдаткавала ў 2 разы больш сродкаў, чым меркавалася, але выканала толькі 1/3 усіх работ, пасля чаго спыніла плацяжы і будаўніцтва. Разарыліся дзесяткі тыс. дробных акцыянераў. Суд. разбор справы ў 1889—93 высветліў, што кампанія, каб утаіць сваё цяжкае фін. становішча, сістэматычна падкупляла ўплывовых службовых асоб і паліт. дзеячаў, рэдактараў газет і г.д. Расследаванне «П.» выкрыла глыбокую карумпіраванасць апарату Трэцяй рэспублікі і мела шырокі грамадска-паліт. рэзананс. Тэрмін «П.» стаў хадзячай назвай буйных махлярстваў і афер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́Р СУДА́,
рашэнне, якое выносіцца судом па пытанні вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага і аб прымяненні да яго пакарання. На Беларусі суды пастанаўляюць П.с. імем Рэспублікі Беларусь. П.с. павінен быць законны, матываваны, справядлівы і абгрунтаваны доказамі, што былі разгледжаны ў суд. пасяджэнні. Выносіцца судом у дарадчым пакоі пры захаванні тайны нарады суддзяў. П.с. можа быць абвінаваўчым або апраўдальным (калі не ўстаноўлена падзея злачынства або ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаюць прыкметы злачынства ці не даказаны яго ўдзел ва ўчыненні злачынства). П.с. складаецца з уводнай, апісальнай і рэзалютыўнай частак. П.с. піша адзін з суддзяў, якія прымалі ўдзел у яго пастанаўленні, падпісваецца ўсімі суддзямі. Суддзя, які застаўся пры асобнай думцы, таксама падпісвае П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1795—97. Цэнтр — г.Слонім. Утварэнне губерні абвешчана 25.12.1795 пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) з зямель Навагрудскага, Гродзенскага, Віленскага і Брэсцкага ваяв.ВКЛ, якія напачатку ўвайшлі ў Гродзенскую (Ваўкавыскі, Брэсцкі, Гродзенскі, Навагрудскі, Пінскі, Слонімскі пав.) і Віленскую (Лідскі пав.) «часткі» (акругі), але рашэнне не рэалізавана. 2-і раз губерня створана ўказам ад 8.8.1796. Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. Афіцыйна пачала дзейнічаць з 8.9.1796 у якасці намесніцтва. Адміністрацыя і суд працавалі паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў» 1775 пад апеляцыяй Сената. Указам Кацярыны II 12.12.1796 (сенацкім ад 6.2.1797) зліта з Віленскай губерняй у адзіную Літоўскую губерню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,
даследаванне, якое праводзіцца экспертам у парадку, прадугледжаным працэсуальным заканадаўствам, для ўстанаўлення па матэрыялах крымін., цывільнай або гасп. справы фактычных даных і акалічнасцей. Падставай для правядзення С.э. з’яўляецца пастанова асобы, якая вядзе следства або дазнанне, пракурора, вызначэнне суда. У працэсе С.э. на аснове спец. ведаў, неабходных для экспертызы па канкрэтнай справе, устанаўліваюцца факты, акалічнасці. С.э. вызначаецца пытаннямі, якія ставяць следчы або суд. Аб’ектам С.э. могуць быць рэчавыя доказы, месца здарэння, параўнальныя ўзоры і г.д. С.э. праводзіцца з дапамогай пэўных прыёмаў, з выкарыстаннем розных тэхн. сродкаў, з улікам прадмета экспертызы. Адрозніваюць экспертызы крыміналістычныя, мед. і псіхіятрычныя (гл.Судова-псіхіятрычная экспертыза), біял., фін.-эканам., аўтатэхн., пажарна-тэхн., буд. і інш.