МІКО́ЛА,

старадаўняе каляндарна-абрадавае свята ў беларусаў і інш. слав. народаў у гонар апекуна земляробства і нар. заступніка св. Міколы. Вытокі свята, якое спалучыла элементы язычніцкай персаніфікацыі дабрадзейных сіл прыроды з прынцыпамі хрысціянства, у шанаванні культу Вялеса. Адзначалі 2 разы ў год — вясною (9 мая с. ст.) і зімою (6 снежня с. ст.). Да веснавога М. заканчвалася сяўба, упершыню пасля зімы выводзілі коней на начлег, спраўлялі магічныя абрады, якія мелі ахоўны сэнс, пачыналі стрыгчы авечак; пасля М. забаранялася пасвіць статак на сенажацях. Да зімовага М. заканчвалася малацьба.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКІМІ́ (Мухамад Амін-хаджа) (1.5.1851, г. Каканд, Узбекістан — 25.5.1903),

узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ Каканда, Бухары, Ташкента. Паэт. спадчына М. жанрава разнастайная (газелі, мухамас, рубаі і інш.), прасякнута сац. зместам. Пачынальнік новага жанру ў узб. л-ры — дарожных нататкаў. У вершаваным «Апісанні падарожжаў» паказаў багацце прыроды, а таксама сац. кантрасты ў краіне. Яго творы адметныя надзённасцю тэм, дакладнасцю характарыстык, выразнасцю маст. сродкаў, лаканізмам, музычнасцю мовы. Вершаваныя і празаічныя лісты М. да сяброў — пачатак эпісталярнага стылю ў нац. л-ры.

Тв.:

Рус пер. — Избранное. Ташкент, 1958.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 800 м на ПнУ ад в. Мяжаны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту рапаківі з крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў і таблічак палявога шпату, зернямі цёмна-шэрага і чорнага кварцу. Даўж. 3,6 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 9,4 м, аб’ём 7,2 м³, маса каля 36 т. Прынесены ледавіком каля 14—15 тыс. гадоў назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м.

В.​Ф.​Вінакураў.

Мяжанскі валун.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 22.4.1946, в. Тамашэвічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне статыст. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1994). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1969). З 1969 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па малекулярна-статыст. тэорыі неаднародных кандэнсаваных асяроддзяў. Распрацаваў двухузроўневае малекулярна-статыст. апісанне крышталёў з дэфектамі рознай прыроды, тэарэт. асновы для пабудовы паслядоўнай статыст. тэорыі пругкасці.

Тв.:

Физика для втузов. [Ч. 1—2]. Мн., 1992—94 (разам з Э.​І.​Валмянскім, С.​І.​Лабко).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЖУРА́ (Юрый Васілевіч) (19.1.1931, г.п. Арцёмаўка Чутаўскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 13.8.1985),

бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1965). У творчасці пераважалі адлюстраванне велічы і прыгажосці бел. прыроды, ваен. тэматыка, лірычныя матывы. Сярод твораў: «Партызанскі бор» (1974), «На безыменнай вышыні» (1975), «Станькава. Радзіма Марата Казея» (1976), «Станцыя Мядзел», «Зялёны луг», «Восень» (усе 1978), «Вясна на Палессі», «Пагранічны атрад» (абодва 1979), «Нарачанскі край», «Лагойшчына — край партызанскі» (абодва 1980), «Зямля, на якой жыў М.​Багдановіч» (1981), «Капыльскія дудары» (1983), «Вілейшчына» (1984), «Нарачанскія рыбакі» (1985) і інш.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940). У Вял. Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.

Тв.:

Перад захадам сонца: Выбр. вершы. Мн., 1977.

І.Б.Непачаловіч.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШЫНСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ СТАРАЖЫ́ТНЫХ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчана за 150 м на ПнУ ад в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Уключае адклады позналедавікоўя паазерскага зледзянення (пяскі, жвір, галька); з’яўляецца апорным разрэзам. Ва ўступе І надпоймавай тэрасы ўскрываюцца адклады, багатыя выкапнёвымі рэшткамі жывёл — косці і зубы млекакормячых (15 відаў), ракавіны малюскаў (больш за 30 відаў), якія існавалі каля 15—10 тыс. гадоў назад, калі кліматычныя ўмовы дасягнулі найб. суровасці і пашырылася тундравая зона.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ,

прыстасаванне для пераўтварэння ўваходных пераменных у выхадную функцыю паводле зададзенага закону. Бывае лічбавы, аналагавы ці гібрыдны, адной (найб. пашыраны) ці больш уваходных велічынь, паводле фіз. прыроды сігналаў — эл., магн., гідраўлічны, пнеўматычны, фотааптычны, мех. і інш.; паводле віду функцыянальнай залежнасці, якая задаецца ў выглядзе табліц, графікаў або аналітычна, — лінейны, трыганаметрычны, лагарыфмічны, паказнікавы і інш. У вылічальных П.ф. працэс пераўтварэння інфармацыі спалучаны з працэсам яе матэм. апрацоўкі. П.ф. выкарыстоўваюцца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, сістэмах аўтам. кіравання і рэгулявання, тэлемех. сістэмах і інш. Гл. таксама Вымяральны пераўтваральнік.

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕФО́НА, Кора,

ў старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)