МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.

Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.​Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.​Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.

На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.​Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, С.​Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.​Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.​Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.​М.​Семянтоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​І.​Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.​Л.​Пахілевіча, З.​Ю.​Капыскага, П.​Р.​Казлоўскага, А.​П.​Грыцкевіча, Я.​К.​Анішчанкі, Л.​А.​Малчанавай, К.​У.​Скурата, польскіх даследчыкаў Л.​Калянкоўскага, У.​Пацехі, Р.​Мяніцкага, В.​Кулі, С.​Александровіча, Г.​Дунін-Вансовіч, Я.​Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас. феад. метралогіі належаць П.​Р.​Буткову, Дз.​І.​Празароўскаму, Ф.​І.​Петрушэўскаму, А.​І.​Нікіціну, І.​І.​Каўфману, Л.​У.​Чарапніну, В.​Л.​Яніну, Б.​А.​Рыбакову, А.​І.​Каменцавай, М.​А.​Шасцьіну, І.​Э.​Клейненбергу.

Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 м Меры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = ​1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = ​1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.

Літ.:

Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;

Каменцева Е.И. Историческая метрология. М., 1978.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БСТВА,

найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш. Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст. н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл. Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш. еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.

Літ.:

Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;

Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;

Greenidge G.W. Slavety. London, 1958.

В.​У.​Адзярыха.

т. 13, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),

бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел. навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел. перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас. АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.​Я.​Нікіфароўскім, Е.​Р.​Раманавым, П.​В.​Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж. бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял. Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас. АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.

Тв.:

О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;

Русская диалектология. Л., 1924;

Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

Літ.:

Булахов М.Г. Е.​Ф.​Карский. Мн., 1981.

Г.​В.​Кісялёў, В.​У.​Скалабан.

Я.Ф.Карскі.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЦШЭ ((Nietzsche) Фрыдрых Вільгельм) (15.10.1844, Рокен, каля г. Лютцэн, Германія — 25.8.1900),

нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця. Вучыўся ў Бонскім і Лейпцыгскім ун-тах. Праф. Базельскага ун-та (1869—79). Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф.​Шылера і прадстаўнікоў ням. рамантызму, развіў ідэі аб існаванні 2 тыпаў культуры: дыянісійскай — жыццесцвярджальнай, аргаістычнай і ў той жа час трагічнай, якая адпавядае хаатычнай накіраванасці самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскай — сузіральнай, аднабакова разумовай і аптымістычна радаснай. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэч. трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р.​Вагнера, Ф.​Шылера, Г.​Гётэ. У якасці культ.-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1—3, 1883—84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Н. актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы (Herenrasse), і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Н. быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусв. волі (як у А.​Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Н. сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе. Н. прадказваў распад еўрап. духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба Н. за вызваленне людзей ад улады духоўных і сац. аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап. нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887). Спадчына Н. паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і л-ры канца 19—20 ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрап. культуры. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме. У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Н., яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г.​Зімель, Г.​Файгінгер, О.​Шпенглер, А.​Камю, М.​Хайдэгер, У.​С.​Салаўёў, Х.​Артэга-і-Гасет, М.​А.​Бярдзяеў і інш. Н. прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і універсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжала яго канцэптуальныя пазіцыі з З.​Фрэйдам, Э.​Фромам, К.​Хорні, А.​Адлерам, К.​Юнгам і інш. Шэраг ідэй Н. (2 пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т.​Мана, Б.​Шоу, Дж.​Лондана, В.​Брусава, М.​Гумілёва, М.​Ікбана і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;

Стихотворения;

Философская проза. СПб., 1993;

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1994;

Человеческое, слишком человеческое;

Веселая наука;

Злая мудрость. Мн., 1997;

Афоризмы и изречения. Мн.. 1997;

По ту сторону добра и зла;

Казус Вагнер;

Антихрист;

Ecce Homo. Мн., 1997.

Літ.:

Манн Т. Философия Ницше в свете нашего опыта // Собр. соч.: Пер. с нем. М., 1961. Т. 10;

Философия Ф.​Ницше. М., 1991;

Ясперс К. Ницше и христианство: Пер. с нем. М., 1994;

Кучевский В. Философия нигилизма Ф.​Ницше. М., 1996;

Фридрих Ницше и русская религиозная философия. Т. 1—2. Мн. 1996;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996;

Клюс Э. Ницше в России: Революция моральною сознания: Пер. с англ. СПб., 1999.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),

бел. паэт. Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.​Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.​Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.​Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.​Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.​Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.​Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі, У.​Маякоўскага, С.​Ясеніна, А.​Твардоўскага, М.​Ісакоўскага, А.​Пракоф’ева, А.​Малышкі, М.​Рыльскага, М.​Нагнібеды, К.​Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.​Лермантава, «Энеіды» І.​Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.​Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1966—67;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1974—77.

Літ.:

Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;

Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;

Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч. М., 1980. Т. 5;

Бечык В. Шлях да акіяна. Мн., 1981;

Кенька М.П. Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка. Мн., 1983;

Куляшова В.А. З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.

В.​Л.​Бечык.

А.А.Куляшоў.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш. Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес. дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.

На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл. Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж. геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц. нар. адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц. нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац. АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).

Літ.:

Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;

Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;

Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.​Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.​Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.​Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.

т. 11, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦА,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял. кн. ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.​Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн. Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыя РСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП(б). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругі БССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс. чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-д маст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінат быт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял. Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.

У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.​Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.​Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.​Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр. ч. гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст. Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах. ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.

А.​М.​Бадзяка, М.​А.​Найшулер (архітэктура), Т.​С.​Скрыпчанка (гісторыя).

Горад Рэчыца. Забудова вуліцы Савецкай.

т. 14, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.​Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.​У.​Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.

Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.​Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел. культ.-адукац. т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.​Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн. Беларускі хаўрус, у 1938 Бел. жан. грамада імя А.​Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел. этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны (1946), Бел. бібліягр. служба (1946), Бел. культ.-асв. т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.​Станкевіч, С.​Кабыш, А.​Марговіч, У.​Дудзіцкі і інш. У Бельгіі ў 1947 засн. Бел. цэнтр. к-т на Валоніі, у 1949 створана бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗША найб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук. т-ва імя Ф.​Скарыны, Бел. бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн. Бел. ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел. культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.​Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел. б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.​Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел. літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.​Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп. час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн. Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз. Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел. культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш. Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт. Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)