НІКІФАРО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.5.1845, в. Вымна Віцебскага р-на — 10.6.1910),
бел. этнограф і фалькларыст. Правадз.чл.Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маск. ун-та (з 1890), Рус.геагр.т-ва (з 1897). Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1867). Настаўнічаў у Віцебску, Свіслацкай і Маладзечанскай настаўніцкай семінарыях. Вывучаў побыт і нар. духоўную і матэрыяльную культуру Беларусі. Супрацоўнічаў з П.В.Шэйнам, дасылаў яму шмат фальклорна-этнагр. матэрыялаў, якія той апублікаваў у сваіх зб-ках «Беларускія народныя песні» (1874) і ў «Матэрыялах для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902; апісанні калядных свят, хаджэнні і песні валачобнікаў, юр’еўскія і жніўныя абрады і песні, купальскія святкаванні, апісанні вяселля ў Віцебскай і Гродзенскай губ., пахавальных і памінальных звычаяў, дзядоў; усяго 60 запісаў). Выдаў каля 20 прац па фальклоры, этнаграфіі і гісторыі Віцебшчыны. У «Нарысах Віцебскай Беларусі» ( ч. 1—8, 1892—99) апісаў побыт, сац.-эканам. становішча і жыццё асобных груп насельніцтва (старцаў, музы́каў і інш.). Аўтар прац «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895), «Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897), «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995). Зб-кі «Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі» (1910—13), «Беларускія песні-частушкі» (1911) і праца «Напаўпрыказкі — напаўпрыслаўкі» (1928) выйшлі пасля смерці Н.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1. Вильна, 1904;
Стукалич В.К. Н.Я.Никифоровский, 1845—1910 гг. Вильна, 1910;