найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.
У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст.Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.
На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт.Урочышча Гай, Хатынь).
Літ.:
Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ,
метад даследавання аб’ектаў пазнання на іх мадэлях; пабудова і вывучэнне мадэлей рэальна існуючых прадметаў і з’яў (арган. і неарган. сістэм, фіз., хім., біял., сац. працэсаў) і аб’ектаў канструявання. Выкарыстоўваецца для вызначэння або паляпшэння іх характарыстык, рацыяналізацыі спосабаў пабудовы, кіравання і інш. Як форма адлюстравання рэчаіснасці М. вядома з антычнасці, вял.пашырэнне атрымала ў эпоху Адраджэння. Выключную ролю ў развіцці М. як метаду навук. пазнання адыгралі працы Кельвіна, Дж.К.Максвела, А.Кекуле, А.М.Бутлерава. Універсальную значнасць М. набыло з узнікненнем ЭВМ і фармуляваннем асн. прынцыпаў кібернетыкі.
Па ўласцівасцях мадэлі робяць вывады пра ўласцівасці аб’екта, які вывучаецца. Уласцівасці, аналагічныя ў мадэлі і аб’екце і важныя для даследавання, наз. істотнымі. Падобнасць паміж аб’ектам, які мадэліруецца, і мадэллю бывае фізічная (аб’ект і мадэль маюць аднолькавую або падобную фіз. прыроду), структурная (у аб’екта і мадэлі падобныя структуры), функцыянальная (падобнасць функцый, што выконваюць аб’ект і мадэль пры адпаведных уздзеяннях), дынамічная (падобнасць паміж станамі, якія паслядоўна змяняюцца ў аб’екта і мадэлі), імавернасная (падобнасць паміж працэсамі імавернаснага характару) аб’екце і мадэлі), геаметрычная (падобнасць паміж прасторавымі характарыстыкамі аб’екта і мадэлі). Адпаведна адрозніваюць і тыпы мадэлей.
М. бывае прадметнае (даследаванне вядзецца на мадэлі, што ўзнаўляе пэўныя геам., фіз., дынамічныя, функцыян. характарыстыкі арыгінала) і знакавае (мадэлямі служаць схемы, чарцяжы, формулы, сказы ў некаторых алфавітах і інш., напр., матэматычнае мадэліраванне). Пры гэтым пабудова знакавых мадэлей замяняецца мысленна-наглядным уяўленнем знакаў ці аперацый над імі (мысленнае М.). М. цесна звязана з эксперыментам і ўяўляе сабой асобы яго від — мадэльны эксперымент (напр., у ходзе мадэльна-кібернетычнага эксперыменту замест «рэальнага» эксперым. аперыравання з аб’ектам знаходзяць алгарытм (праграму) яго функцыянавання, які выступае ў якасці мадэлі. Гл. таксама Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы, Мадэліраванне сацыяльнае, Мадэліраванне эканоміка матэматычнае.
Літ.:
Ракитов А.И. Философия компьютерной революции. М., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сцькульт. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАЛО́ГІЯ (ад метр + ...логія),
навука пра вымярэнні, метады і сродкі забеспячэння іх адзінства і патрэбнай дакладнасці. Адрозніваюць М. тэарэт. (распрацоўвае агульныя праблемы вымярэнняў і хібнасцей вымярэнняў), прыкладную (займаецца тэорыяй і практыкай забеспячэння гарантаванай дакладнасці канкрэтных вымярэнняў і вымяральных сістэм) і заканадаўчую (разглядае пытанні агульных правіл і норм, метралагічнай дзейнасці, якія патрабуюць рэгламентацыі і кантролю з боку дзяржавы).
Асн. задачы М.: стварэнне агульнай тэорыі вымярэнняў; утварэнне адзінак фізічных велічынь і сістэм адзінак; распрацоўка метадаў і сродкаў вымярэнняў, метадаў вызначэння дакладнасці вымярэнняў і аднастайнасці сродкаў вымярэнняў; стварэнне эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў, праверка мер і сродкаў вымярэнняў. Актуальныя праблемы М.: павышэнне дакладнасці вымярэнняў; пашырэнне дакладных вымярэнняў на вобласці вельмі малых і вельмі вял. значэнняў велічынь; правядзенне гранічна дакладных вымярэнняў у асаблівых нестацыянарных умовах: пры дынамічных рэжымах, вял. паскарэннях, высокіх і вельмі нізкіх т-рах; удасканаленне метадаў і сродкаў вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці як вучэнне аб мерах. Доўгі час была апісальнай навукай пра розныя меры і суадносіны паміж імі. Гіст. этапамі развіцця М. сталі: устанаўленне эталона метра (Францыя, канец 18 ст.), стварэнне абсалютных сістэм адзінак (К.Гаўс, 1832); падпісанне міжнар. Метрычнай канвенцыі (1875), распрацоўка і ўстанаўленне ў 1960 Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ); у Расіі — далучэнне да Метрычнай канвенцыі і стварэнне ў 1893 Дз.І.Мендзялеевым Гал. палаты мер і вагі. У 20 ст. метралагічныя даследаванні асобных краін каардынуюцца міжнароднымі метралагічнымі арганізацыямі. На Беларусі арганізавана сетка арг-цый, адказных за метралагічнае забеспячэнне — метралагічная служба. Пра развіццё М. на Беларусі гл. ў арт.Метралогія гістарычная.
Літ.:
Маликов С.Ф., Тюрин Н.И. Введение в метрологию. 2 изд. М., 1966;
Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. 3 изд. М., 1985;
Шостьин Н.А. Очерки истории русской метрологии, XI — начало XX в. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ (лац. navigatio ад navigo плыву на судне),
1) мараплаўства, рачное і азёрнае суднаходства.
2) Перыяд года (сезон), на працягу якога залежна ад мясц. кліматычных умоў магчыма суднаходства. Выкарыстаннем ледаколаў і інш. мер гэты перыяд можна прадоўжыць і нават зрабіць Н. круглагадовай.
3) Адзін з асн. раздзелаў суднаваджэння, самалётаваджэння і кіравання касм. лятальнымі апаратамі (ЛА), які распрацоўвае тэарэт. абгрунтаванні і практычныя прыёмы ваджэння суднаў і ЛА.
Марская Н. ўзнікла разам з мараплаўствам, у час якога першыя мараплаўцы (егіпцяне, фінікійцы) арыентаваліся днём па берагах, ноччу па зорках. З 11 ст. для вызначэння курсу судна пачалі выкарыстоўваць магн. стрэлку (компас). Як навука Н. развіваецца з 2-й пал. 16 ст., калі атрымалі пашырэнне марскія карты ў нармальнай роўнавугольнай цыліндрычнай праекцыі Меркатара. З развіццём авіяцыі ўзнікла навігацыя паветраная, касманаўтыкі — навігацыя касмічная, а таксама іх разнавіднасці — астранамічная навігацыя і радыёнавігацыя. Сучасная марская Н. забяспечвае дакладнае, своечасовае і бяспечнае плаванне па зададзеным маршруце. Распрацоўвае і выкарыстоўвае спосабы вызначэння каардынат і вымярэння напрамкаў, адлегласцей і скарасцей на моры, спосабы і метады папярэдняй пракладкі (выбару і адлюстравання на карце) і злічэння шляху судна, вызначэння яго месца (бягучых каардынат) па берагавых, нябесных, падводных арыенцірах і інш. параметраў руху. Метад злічэння шляху — бесперапынны ўлік фактычнага Перамяшчэння судна пад уздзеяннем уласных рухачоў і знешніх фактараў — цячэнняў, ветру і інш. Пры злічэнні шляху ад вядомага зыходнага пункта, абазначанага на марской навігацыйнай карце, пракладваюцца курсы (напрамкі) руху (з дапамогай компасаў, сістэм курсаўказання) і адзначаюцца пройдзеныя адлегласці (з дапамогай лагаў і сістэм указання скорасці). Выкарыстоўваюцца навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, астра- і радыёнавігацыйныя, інерцыяльныя і касм.навігацыйныя сістэмы. Гл. таксама Біянавігацыя.
Літ.:
Навигация. СПб., 1997;
Куликов А.Г. Спутниковые навигационные системы и корабельные приемоиндикаторы. Мурманск, 1999;
Удачин В.С. Навигационные знаки и огни, судовая сигнализация. М., 1993;
Ющенко А.П., Лесков М.М. Навигация. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),
навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.
П. бярэ пачатак ад вучэння В.Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.Штайнталя і А.Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.Выгоцкага, Л.Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.Супрун, А.Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.Кліменка і інш.).
Літ.:
Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;
Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ.М., 1976;
Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч.М., 1982. Т. 2;
Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;
Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;
Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАДЫЁН (ад грэч. stadion месца для спаборніцтваў),
збудаванне для правядзення спаборніцтваў і трэніровак па розных відах спорту. Мае спарт. арэну (ігравое поле, бегавыя дарожкі, сектары для лёгкай атлетыкі), трыбуны для гледачоў, спарт. пляцоўкі з дапаможнымі збудаваннямі і памяшканнямі. Падзяляюцца на малыя (плошча 5—10 га, трыбуны на 1,5—3 тыс. месцаў), сярэднія (плошча 15—20 га, трыбуны на 10—12 тыс. месяцаў) і вял. (плошча больш за 25 га, трыбуны больш як на 25 тыс. месцаў).
Першыя С. будавалі ў Стараж. Грэцыі ў Алімпіі, Афінах, Дэльфах і інш. гарадах для правядзення Алімп. гульняў. Пасля адраджэння гульняў у 1896 С. будуюць у многіх краінах. Яны ўтвараюць комплексы збудаванняў для аздараўлення, навучальна-трэніровачных заняткаў, спарт. спаборніцтваў па розных відах спорту. У 1950—60-я г. атрымалі пашырэнне крытыя С. Самы буйны ў свеце адкрыты С. — Страгаўскі ў Празе (1934; 240 тыс. гледачоў). Найб. вядомыя С. 2-й пал. 20 ст. — алімп. ў Рыме і Мюнхене (Германія), Уімблдан і Уэмблі ў Лондане, «Ноу Камп» у Барселоне (Іспанія), спарт. комплексаў «Лужнікі» і «Алімпійскі» ў Маскве і інш.
На Беларусі (у Мінску і абл. цэнтрах) у 1920—30 пабудавана 14 С.; у Вял.Айч. вайну ўсе разбураны; пасля вайны адноўлены, пабудаваны новыя. Існуюць 220 С. з трыбунамі ад 1,5 тыс. да 50 тыс. месцаў (2001). Найбольшыя С.; у Мінску — «Дынама», «Трактар» (пабудаваны ў 1968, рэканструяваны ў 1978 і 1998, 25 тыс. месцаў); у Брэсце — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1951, 10,6 тыс.), «Лакаматыў» (1972, 3 тыс.); у Віцебску — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1980—86, 5 тыс.), «Лакаматыў» (1964, 1,5 тыс.); у Гомелі — «Лакаматыў» (1926, 15 тыс.), «Гомсельмаш» (1966, 9,7 тыс.); у Гродне — «Нёман» (1963, 15 тыс.); у Магілёве — «Спартак» (1956, рэканструяваны ў 1982, 12 тыс.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭО́РЫЯ (ад грэч. theoria назіранне, даследаванне),
комплекс ведаў, ідэй, уяўленняў, накіраваных на тлумачэнне пэўных з’яў; форма арганізацыі навуковых ведаў, якая дае цэласнае ўяўленне пра заканамернасці і істотныя сувязі пэўнай сферы рэчаіснасці. Пач. ўяўленні пра пабудову тэарэт. ведаў склаліся яшчэ ў антычнасці (Арыстоцель); у 3 ст. да н.э. з’явілася першая дэдуктыўная тэарэт. сістэма («Асновы» Эўкліда). З развіццём эксперым.навукі ў 16—18 ст. адбываецца пашырэннетэарэт. ведаў пра цеплату, магнетызм, электрычнасць і інш.Спец. даследаванне Т. як формы ведаў пачалося з 18 ст. (І.Кант і інш.) і актуалізавалася ў 19—20 ст. у сувязі з патрэбнасцю ў інтэнсіўным развіцці навукі і з’яўленнем адпаведных логіка-матэм. сродкаў аналізу Т. У структуры Т. вылучаюць шэраг кампанентаў: зыходную эмпірычную аснову, якая ахоплівае комплекс эмпірычных фактаў адпаведнай галіны ведаў; зыходную тэарэт. аснову, якую ўтварае мноства дапушчэнняў, пастулатаў, аксіём, законаў адпаведнай Т.; логіку Т. (правілы лагічных вывадаў і доказаў); сукупнасць выведзеных у межах адпаведнай Т. высноў, тэарэм, сцвярджэнняў і іх доказаў. У залежнасці ад спосабу пабудовы зыходнай тэарэт. асновы адрозніваюць Т. «закрытыя», якія маюць абмежаваную колькасць зыходных пасылак і ўключаюць толькі тыя сцвярджэнні, якія могуць быць лагічна выведзены з гэтых пасылак (дэдуктыўныя Т.), і «адкрытыя», у якіх колькасць зыходных пасылак не абмяжоўваецца. Паводле прыналежнасці да пэўнай галіны ведаў вылучаюць фіз., хім., генет., эканам., сацыялагічныя і інш. Т. Паводле характару задач, якія вырашаюцца Т., адрозніваюць Т. тлумачальныя і апісальныя, накіраваныя найперш на ўпарадкаванне і генералізацыю эмпірычнага матэрыялу. З улікам ступені фармалізацыі вылучаюць таксама матэматызаваныя Т., у якіх выкарыстоўваюцца ідэальныя аб’екты, што змяшчаюць і рэпрэзентуюць рэальныя працэсы.
Літ.:
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Овчинников Н.Ф. Принципы теоретизации знания. М., 1996;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Резник Ю.М. Введение в социальную теорию. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ЎНІ МО́ВЫ,
1) метамоўная катэгорыя-тэрмін для агульнага, зыходнага апісання ўнутр. структуры сістэмы мовы (узроўні лінгвістычнага аналізу).
2) Іерархічна суаднесеныя падсістэмы агульнай сістэмы мовы, кожная з якіх характарызуецца пэўнай сукупнасцю ізафункцыянальных адзінак, правіл іх размеркавання па класах і падкласах на прынцыпах апазіцыі (проціпастаўлення) і тоеснасці, а таксама правіл іх выкарыстання для пабудовы адзінак больш высокага ўзроўню (узроўні моўнай сістэмы). Традыцыйна ў сістэме мовы вылучаюць 4 узроўні: фаналагічны, марфал., лексічны і сінтакс., і адпаведна 4 тыпы адзінак: фанемы, марфемы (будуюцца з фанем), лексемы (складаюцца з марфем) і сінтаксемы (утвараюцца лексемамі). На падставе аднабаковасці/двухбаковасці ўзроўневыя адзінкі падзяляюцца на т.зв. фігуры — аднабаковыя адзінкі, што не нясуць значэнняў і маюць толькі план выражэння (фанемы), і знакі — двухбаковыя адзінкі, што маюць план выражэння і план зместу, г.зн. перадаюць пэўныя значэнні (марфемы, лексемы, сінтаксемы). Пры канкрэтным увасабленні 4 узроўневых тыпаў адзінак іх аднароднасць можа парушацца. Напр., сэнсаадрознівальную функцыю можа выконваць не толькі фанема, але і склад; простыя марфемы аказваюцца побач са складанымі, з асновай слова; слова аказваецца побач з неаднаслоўным фразеалагізмам; сінтаксема ўвасабляецца ў розныя мадэлі сказа-выказвання, які можа будавацца і з аднаго непаўназначнага слова. Грунтуючыся на неаднароднасці рэалізацыі ўзроўневых адзінак, некат. лінгвісты вылучаюць дадатковыя, прамежкавыя ўзроўні (напр., узровень службовых элементаў).
У лінгвістыцы ідэя ўзроўневай арганізацыі мовы і яе пашырэнне з сярэдзіны 1920-х г. падрыхтавана, з аднаго боку, традыцыяй выдзялення ў апісаннях моў фанетыкі, марфалогіі, лексікі і сінтаксісу; з другога — агульнанавук. ўяўленнямі пра ўзроўневую арганізацыю складаных сістэм, у прыватнасці, у біялогіі.
Літ.:
Маслов Ю.С. Об основных и промежуточных ярусах в структуре языка // Вопр. языкознания. 1968. № 4;
Солнцев В.М. О понятии уровня языковой системы // Там жа. 1972. №3;
Бенвенист Э. Уровни лингвистического анализа // Бенвенист Э. Общая лингвистика: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ ЖЫЦЦЯ́,
1) «практычная філасофія», філасофія, арыентаваная на распрацоўку праблем сэнсу, каштоўнасці і мэты жыцця, пашырэнне этычных і прагматычных прынцыпаў паводзін. Да прадстаўнікоў Ф.ж. адносяць многіх дасакратыкаў (асабліва Эмпедокла) і стоікаў, М. дэ Мантэня, Ф. дэ Ларошфуко, ням. натурфілосафаў 16—17 ст. (Парацэльс, Я.Б.Гельмант), ірацыяналістаў 18 ст. (І.Г.Гаман і інш.), Ф.В.І.Шэлінга і інш. 2) Кірунак у зах.-еўрап. філасофіі канца 19—пач. 20 ст., у якім зыходным з’яўляецца паняцце «жыццё» як першасная рэальнасць, не тоесная ні духу, ні матэрыі. Узнікненне Ф.ж. выклікана імкненнем абгрунтаваць беспадстаўнасць рацыяналізму і абвергнуць прынцыпы метадалагізму і гнасеалагізму, што панавалі ў філасофіі на мяжы 19—20 ст. (пазітывізм, неакантыянства). Ідэйным папярэднікам Ф.ж. быў А.Шапенгаўэр, які сутнасцю свету лічыў «жыццё» як волю, што выяўляецца ва ўсіх падзеях Сусвету. Як цэласнае светаразуменне Ф.ж. аформілася ў працах Ф.Ніцшэ і А.Бергсона, якія сцвярджалі, што ў аснове свету ляжаць адпаведна «воля да ўлады» ці «жыццёвы парыў». У канцэпцыях В.Дзільтэя, О.Шпенглера, Г.Зімеля, і інш. «жыццё» выступае як культ.-гіст. вопыт цывілізацыі, дзякуючы якому выяўляецца яе непаўторнасць, унікальнасць. У тэорыі пазнання Ф.ж. арыентуецца на прынцыпы інтуітывізму і лічыць адпаведнымі формамі «жыццепазнання» інтуіцыю, міф, сімвалічнае і маст. пазнанне і інш. У тлумачэнні чалавечай гісторыі Ф.ж. прытрымліваецца прынцыпу культ.-гіст. плюралізму, стрыжнем якога выступаюць абгрунтаванне унікальнасці, своеасаблівасці асобных народаў і культур і адхіленне аб’ектыўных законаў у гіст. працэсе. Ідэі Ф.ж. развіваліся і інтэрпрэтаваліся ў экзістэнцыялізме, персаналізме, прагматызме і інш. кірунках зах.еўрап. філасофіі 20 ст.
Літ.:
Кутлунин А.Г. Немецкая философия жизни. Иркутск, 1986;
Ницше Ф. Соч.: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1990;
Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Мн.;
М., 2000;
Зиммель Г. Избранное: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1996;
Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Т. 4. СПб., 1997;