адзін з асн. законаў дыялектыкі, што раскрывае ўнутраную крыніцу і рухаючыя сілы развіцця. Выяўляе пэўныя дачыненні паміж бакамі, момантамі, тэндэнцыямі ўнутры любой з’явы, якія знаходзяцца ў адносінах узаемасувязі, узаемадапаўнення, узаемадапускання, узаемаразумення, узаемаадмаўлення. Такія адносіны паміж процілегласцямі, што адначасова характарызуюцца ўзаемадапаўненнем і ўзаемаадмаўленнем, наз. супярэчнасцю. Калі б процілегласці толькі ўзаемавыключалі адна адну, але не знаходзіліся ў арганічным адзінстве, такія адносіны маглі б служыць толькі кароткачасовым імпульсам, штуршком да змены. Калі паміж імі існавала б толькі адзінства, гармонія і не было ўзаемавыключэння, не было б і стымулу, імкнення да развіцця. Але паколькі процілегласці адначасова ўзаемавыключаюць і ўзаемадапускаюць адна адну, ствараецца ўнутранае напружанне, стан неспакою, пры якім узаемавыключальныя бакі не могуць разысціся і вымушаны ўзаемадзейнічаць, што стварае пастаянны імпульс развіцця. Адносіны процілегласцяў у супярэчанні не статычныя, а дынамічныя і імкнуцца рэалізавацца, выйсці за свае межы, перайсці ў новую якасць, што і з’яўляецца пастаянна дзеючай крыніцай развіцця. Узаемадапусканне і ўзаемавыключэнне процілегласцяў з’яўляюцца неабходнай умовай супярэчнасці, але формы ўзаемадапускання і ўзаемавыключэння могуць быць розныя на розных этапах развіцця супярэчнасці.
Літ.:
Материалистическая диалектика как общая теория развития. М., 1987;
Горбач В.И. Проблемы диалектических противоречий. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСЦЬ,
агрэгатны стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым і газападобным. Фіз. ўласцівасці і структура (блізкі парадак) залежаць ад хім. прыроды часцінак вадкасці і характару ўзаемадзеяння паміж імі. Спалучае ўласцівасці цвёрдага (малая сціскальнасць, свабодная паверхня, трываласць на разрыў пры ўсебаковым расцягненні і інш.) і газападобнага (зменлівасць формы) рэчываў. Існуе пры т-рах у інтэрвале ад т-ры крышталізацыі да т-ры кіпення і цісках большых, чым у трайным пункце.
Цеплавы рух малекул вадкасці складаецца з ваганняў каля стану раўнавагі і рэдкіх пераскокаў з аднаго раўнаважнага стану ў іншы, чым абумоўлена асн. ўласцівасць вадкасці — цякучасць. Адрозненні паміж вадкасцю і газам знікаюць у крытычным стане; пры больш высокіх т-рах вадкасць не існуе ні пры якім ціску. Некат. рэчывы маюць некалькі вадкіх фаз (напр., квантавыя вадкасці, вадкія крышталі). Нераўнаважныя цеплавыя і мех. працэсы ў вадкасці. (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, электраправоднасць і інш.) вывучаюцца метадамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў; мех. рух вадкасці як суцэльнага асяроддзя вывучае гідрадынаміка, няньютанавы (структурна-вязкасныя) вадкасці — рэалогія.
Літ.:
Крокстон К. Физика жидкого состояния: Пер. с англ.М., 1978;
Динамические свойства твердых тел и жидкостей: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміжсац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміжсац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.
Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.
На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН.
Літ.:
Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ.М., 1977;
Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ.М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ ВЯЛІ́КАЯ,
старажытная дзяржава армян, якая займала большую частку Армянскага нагор’я. Пачала складвацца ў 6 ст. да н.э., пазней — сатрапія Ахеменідаў. У канцы 4—3 ст. да н.э. самастойнае царства. У 3—2 ст. да н.э. заваявана Арташэсам I і абвешчана незалежнай дзяржавай. Пры Тыгране II [95—56 да н.э.] самая вял. дзяржава эліністычнага Усходу. У вайне з Рымам страціла амаль усе заваяванні, у 114 абвешчана рымскай правінцыяй. Пазней царская ўлада ў Арменіі Вялікай адноўлена. На пач. 4 ст.н.э. пры Аршакідах уведзена хрысціянства як афіц. рэлігія. Феад. раздробленасць, барацьба паміж Іранам і Рымам за панаванне на Усходзе аслабілі Арменію Вялікую. У 387 падзелена паміж іранскімі Сасанідамі і Візантыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ШКАВІЧ, Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал. працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.
Літ.:
Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АГУ́ЛЬНЫ ДАГАВО́Р» 1952,
Бонскі дагавор. Падпісаны паміж урадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі з аднаго боку і ФРГ з другога 26 мая ў Боне. Адмяняў акупац. статут на тэр.Зах. Германіі і ствараў дагаворную аснову для адносін паміж гэтымі дзяржавамі.
Паводле «Агульнага дагавора» ўрад ФРГ абавязваўся выконваць усе заключаныя раней ад імя Зах. Германіі дагаворы і пагадненні. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя пакідалі за сабой права размяшчаць на тэр.ФРГ свае войскі. «Агульны дагавор» падлягаў ратыфікацыі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі і павінен быў уступіць у дзеянне разам з Парыжскім дагаворам 1952. Паколькі Нац. сход Францыі 30.8.1954 Парыжскі дагавор адхіліў, «Агульны дагавор» страціў сваю сілу. З некаторымі папраўкамі ён быў уключаны ў Парыжскія пагадненні 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ГА—ВУ́ЛЬФА ЎМО́ВА,
вызначае напрамак узнікнення максімумаў інтэнсіўнасці пры дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на крышталях; аснова рэнтгенаўскага структурнага аналізу. Устаноўлена ў 1913 незалежна У.Л.Брэгам і Г.В.Вульфам. Паводле Брэга—Вульфа ўмовы 2dsinΘ = mλ, дзе d — адлегласць паміж адбівальнымі (крышталеграфічнымі) плоскасцямі, Θ — вугал паміж праменем, што падае, і адбівальнай плоскасцю (брэгаўскі вугал), λ — даўжыня хвалі выпрамянення, m — цэлы дадатны лік (парадак адбіцця). Брэга—Вульфа ўмова дае магчымасць вызначыць велічыню d (λ звычайна вядома, вугал Θ вымяраецца эксперыментальна). Брэга—Вульфа ўмова выконваецца таксама пры дыфракцыі γ-выпрамянення, электронаў, нейтронаў на крышталях, эл.-магн. выпрамянення радыё- і аптычнага дыяпазонаў на перыядычных структурах, пры дыфракцыі светлавых хваляў на ультрагуку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРУХ ФАЗ,
велічыня, якая характарызуе адставанне ў часе аднаго перыядычнага (ці квазіперыядычнага) працэсу ад другога. Выражаецца ў градусах, радыянах, долях перыяду ці даўжыні хвалі. Напр., у ланцугах пераменнага току з кандэнсатарам З.ф. паміж токам і напружаннем роўны 90°.
Паняцце «З.ф.» выкарыстоўваюць пераважна для гарманічных ваганняў, напр.паміж напружаннем і сілай току ў розных пунктах доўгай лініі, антэны і інш. Улік З.ф. важны таксама для сістэм з рэактыўнымі элементамі, прызначаных для зруху сігналаў ў часе (фазавярчальнікі, лініі затрымкі і інш.), у оптыцы (гл.Кагерэнтнасць) і інш. У агульным выпадку З.ф. розны для гарманічных складальных розных частот, што вядзе да скажэнняў формы сігналаў, напр.. ва ўзмацняльніках. Гл. таксама Вектарная дыяграма, Магутнасці каэфіцыент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЕў мовазнаўстве,
від залежнай сінтакс. сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой гал. слова патрабуе ад залежнага (назоўніка ці яго эквіваленту) формы пэўнага ўскоснага склону. Кіруючым можа быць любое самаст. слова. Вылучаюць К.: прыдзеяслоўнае (кіруючае слова — дзеяслоў, «спяваць песні»), прысубстантыўнае (назоўнік кіруе назоўнікам, «любоў да радзімы»), ад’ектыўнае (кіруючае слова — прыметнік, «поўны радасці»), адвербіяльнае (кіруючае слова — прыслоўе, «далёка ад дому»).
К. бывае непасрэднае, або беспрыназоўнікавае («люблю дзяцей»), і пасрэднае, або прыназоўнікавае («клапачуся пра дзяцей»). Адрозніваюць моцнае К. — гал. слова патрабуе ад залежнага пэўнай склонавай формы («апяваць гераізм», «адмовіцца ад сваіх слоў»), і слабае — сувязь паміжгал. і залежным словамі неабавязковая для рэалізацыі значэння гал. слова (параўн.: «вербы шумяць над ракой» і «вербы шумяць»).