сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для паражэння браніраваных цэлей процітанкавымі кіроўнымі ракетамі; від процітанкавага ўзбраення. У ПТРК уваходзяць: пускавая ўстаноўка, ракеты, апаратура абслугоўвання і праверкі. Пускавая ўстаноўка складаецца з апаратуры прыцэльвання, фарміравання і перадачы каманд кіравання ракеце. Бываюць пераносныя, буксіравальныя, самаходныя (у т. л. на базе танкаў), верталётныя і інш.; паводле сістэмы кіравання — ручныя, паўаўтаматычныя, аўтаматычныя; паводле скорасці палёту ракет — дагукавыя, звышгукавыя. У пераносных ПТРК далёкасць пуску ракет 40 м — 3 км, у самаходных і верталётных — да 5 км.
Г.М.Грысенка, Р.І.Флярко.
Пераносны процітанкавы ракетны комплекс 9К 111 «Фагот» (СНД).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́ННАЯ ПЕРАДА́ЧА,
механізм для перадачы вярчальнага руху паміж валамі пры дапамозе прываднога рэменя. Ахоплівае вядучы шкіў (звычайна на вале рухавіка) і вядзёны (на вале рабочага органа). Вызначаецца здольнасцю да перагрузак, плаўнасцю ходу, бясшумнасцю, дазваляе перадаваць вярчэнне на адлегласць да некалькіх дзесяткаў метраў, магутнасць да 30—50 кВт, аднак мае невялікі ккдз, нераўнамернасць вярчэння (з-за праслізгвання), грувасткасць. Выкарыстоўваецца ў прыводах с.-г. машын, станкоў, тэкст. машын і інш.
Раменныя перадачы: 1 — прынцыповая схема; 2—6 — віды перадач паводле формы папярочнага сячэння (плоска-, кліна-, круглараменная, поліклінавая, зубчастая); 7—10 — тыпы паводле канструкцыі (перакрыжаваная, паўперакрыжаваная, з некалькімі вядзёнымі шківамі, з нацяжным ролікам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСШЫРЭ́ННЕ СУСВЕ́ТУ,
павелічэнне ў часе адлегласцей паміж аб’ектамі Сусвету. Вынікае з нестацыянарнай мадэлі Сусвету, тэарэтычна распрацаванай Фрыдманам на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Р.С. пацвярджаецца данымі пазагалактычных астр. назіранняў (чырвонае зрушэнне, рэліктавае выпрамяненне). Лічыцца, што Р.С. пачалося пасля Вялікага Выбуху (гл.Сінгулярнасць касмалагічная).
З вымярэнняў чырв. зрушэння можна вызначыць скорасці галактык v, з якімі яны аддаляюцца ад назіральніка. Паводле закону Хабла v = H∙r, дзе r — адлегласць ад назіральніка, H — пастаянная Хабла (характарызуе Р.С.). Паводле сучасных ацэнак яна дае павелічэнне скорасці разбягання галактык прыблізна на 90 км/с на 1 Мпк адлегласці. Велічыня, адваротная пастаяннай Хабла, прыблізна роўная ўзросту Сусвету. Гл. таксама Касмалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙМ (польск. sejm, літ. saimas, чэш. sněm),
1) саслоўна-прадстаўнічая ўстанова ў саслоўных манархіях Польшчы, Вялікім княстве Літоўскім і ў іх аб’яднанай дзяржаве — Рэчы Паспалітай (гл.Сойм), у Чэхіі ў 13—пач. 20 ст. 2) Рус. назва парламента ў Вял. княстве Фінляндскім, якое ў 1809—1917 уваходзіла на правах аўтаноміі ў склад Рас. імперыі.
3) Аднапалатныя парламенты ў Літве ў 1922—40 і з 1992 (паводле канстытуцый 1922 і 1992), Латвіі ў 1922—34 і з 1993 (паводле канстытуцыі 1922, адноўленай у 1993); ніжэйшая палата парламента Польшчы ў 1921—39 і з 1989.
4) Вышэйшы орган дзярж. улады і адзіны заканад. орган у Польшчы ў 1947—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗІ́ЛЬЦЫ,
нацыя, асн. насельніцтва Бразіліі. 137,18 млн.чал. (1987), у т. л. каля 136,77 млн.чал. у Бразіліі. Каля 40% — негры, мулаты, метысы. Гавораць на партугальскай мове. Паводле рэлігіі пераважна католікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́Т (ад лац. alligo прывязваю),
пераплеценыя ў адзін том самастойныя выданні або рукапісы. Ствараецца звычайна з-за нязручнасці захоўвання тонкіх, непераплеценых кніг, брашур, сшыткаў паводле алфавітнага або тэматычнага (гл.Канвалют) прынцыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НЦЫ,
нацыя, асн. насельніцтва ЗША. Больш за 187,2 млн.чал. (1987), у т. л. 30 млн. неграў і мулатаў. Гавораць на амерыканскім варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі пераважна пратэстанты і католікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНЫ СЛОЙ ГЛЕ́БЫ,
верхні гарызонт трапічных і субтрапічных глеб, развітых на фералітнай кары выветрывання. Пад непасрэдным уздзеяннем каранёў раслін становіцца аднародным паводле саставу і марфалогіі, набывае буры колер і глебавую структуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСПРАВАЗДА́ЧНАЯ АСО́БА,
работнік прадпрыемства, установы, арг-цыі, які паводле загаду кіраўніка атрымаў грашовую суму «пад справаздачу» для прадбачаных расходаў. Ва ўстаноўленыя тэрміны П.а. павінна здаць авансавую справаздачу пра расходаванне падсправаздачнай сумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),
італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.Баланьіні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.Б.Саларэ).