Створаны ў 1984 у Мінску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (розных гадоў), тэатр.навуч. устаноў Масквы, акцёраў Бел.рэсп.т-ра юнага гледача і інш. У 1988 папоўніўся выпускнікамі Бел.тэатр.-маст. ін-та. Адкрыўся 30.4.1986 спектаклем «Гэтыя незразумелыя старыя людзі...» паводле аповесці С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Т-р імкнуўся прыцягнуць да сябе ўвагу вастрынёй узнятых сац.-грамадскіх праблем, асэнсаваннем жыццёвых працэсаў сучаснасці, тэатр. сінтэзам розных сродкаў маст. выразнасці, абнаўленнем тэатр. формаў. У яго рэпертуары сучасныя п’есы: «Вепручок» В.Розава, «Рамонт» М.Рошчына, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, п’еса-дыялог «Чырвоны куток» М.Разоўскага; адкрыты спектакль-гульня для дзяцей «Неверагодны ілюзіён Эрні» А.Эйкбарна; вырашаны мовай пластыкі «Лёс сабора» паводле рамана В.Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»; інсцэніроўка рамана У.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», нар. драма Ф.Шылера «Вільгельм Тэль»; монаспектакль паводле кнігі «Патаемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім»; драма Ж.П.Сартра «Пры зачыненых дзвярах»; трагікамедыя «Запрашэнне на танга» паводле п’есы С.Мрожака «Танга»; фантаст. камедыя «Кентэрвільскі прывід» Л.Еранькова паводле твораў О.Уайльда. У 1984—86 у складзе т-ра працавала група пантамімы «Рух».
У складзе трупы (1997): С.Журавель, У.Емяльянаў, С.Ждан. Г.Лавухіна, В.Ліхадзей, В.Моўчан, А.Унукава, І.Фільчанкоў, А.Хрысціч, А.Шароў і інш.Гал. рэжысёры: Р.Баравік (1985—88), Б.Луцэнка (1988—90), В.Катавіцкі (з 1990), гал. мастак З.Марголін (з 1988).
Р.І.Баравік.
Да арт.Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера.
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР БССР.
Створаны ў ліст. 1939 у Беластоку, у 1940—41 працаваў у Гродне. Адкрыўся 13.3.1940 спектаклем «Каварства і каханне» Ф.Шылера. Заснавальнік і маст. кіраўнік А.Венгерка. Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ.У складзе трупы акцёры: І.Бароўская, С.Брылінскі, С.Бутрым, Ян Вашчаровіч, М.Гадлеўскі, С.Зніч, Г.Касабуцкая, Т.Манкевіч, Б.Міхальская, Г.Слівінскі. В.Сташэўскі, А.Шаляўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы
(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш.Іл.гл. таксама ў арт.Германія.
Літ.:
Немилов А.Н. Л.Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.
В.Я.Буйвал.
Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж.рус.драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Клеменс» К.Саі і «Стары дом» А.Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.Хакса (1995), «Жаніцьба» М.Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «Гамлет» У.Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.Олбі і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава і «Царства зямное» Т.Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай і «Ноч анёла» А.Розанава (1987), «Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).
Літ.:
Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭРУ́ДА (Neruda) Пабла [сапр.Рэес Басуальта
(Reyes Basoalto) Нефталі Рыкарда; 12.7.1904, г. Параль, Чылі — 23.9.1973], чылійскі паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў ін-це г. Сант’яга. У 1927—43, 1970—72 на дыпламат. рабоце. У 1949—52 у эміграцыі. Друкаваўся з 1917. Псеўданім абраў пад уражаннем творчасці чэш. паэта Я.Неруды. У зб-ках «Дваццаць вершаў пра каханне і адна песня роспачы» (1924),
«Месцажыхарства — зямля» (ч. 1—2, 1933—35), «Іспанія ў сэрцы» (1937), «Вінаграднікі і вятры» (1954), «Оды спрадвечным рэчам» (кн. 1—3, 1954—57), «Камяні Чылі» (1961), «Баркарола» (1967), «Мора і званы» (1973), «Адзінокая ружа», «Зімовы сад», «Кніга пытанняў», «Выбраныя недахопы» (усе выд. 1974), драме ў вершах «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1967), паэме «Усеагульная песня» (1950) і інш. тэмы адказнасці мастака перад чалавецтвам, мужнасці і самаахвярнасці барацьбітоў за мір і справядлівасць, адданасці радзіме, кахання. Аўтар паэт. аўтабіяграфіі «Мемарыял Чорнага вострава» (т. 1—5, 1964), кн. ўспамінаў «Прызнаюся: я жыў» (выд. 1974). Яго творчасць адметная разнастайнасцю маст. прыёмаў, асацыятыўнасцю, смелай вобразнасцю, спалучэннем лірычна-спавядальнага з гратэскава-сатыр. і гумарыстычным, рэаліст. з авангардысцкім. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.Барадулін, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, Х.Жычка, М.Калачынскі, І.Калеснік, Г.Кляўко, А.Куляшоў, А.Лойка, Я.Семяжон, М.Стральцоў, М.Танк, К.Шэрман. Магілёўскі абл.т-р лялек (1980) і Дзярж.т-р лялек (1981) паставілі спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты». Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1953. Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ВЯЛІ́КІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРакадэмічны імя Г.А.Таўстаногава.
Адкрыты ў 1919, з 1932 імя М.Горкага, з 1964 акадэмічны, з 1992 сучасная назва. Створаны пры ўдзеле М.Горкага, М.Андрэевай і А.Блока як т-р гераічнага рэпертуару, класічнай трагедыі і высокай камедыі. Гал. рэжысёры А.Лаўрэнцьеў (1919—22 і 1923—29), К.Твярской (1929—34), В.Фёдараў (1934—36), А.Дзікі (1936—37), Б.Бабачкін (1938-40), Л.Руднік (1940—46), Н.Рашэўская (1946—49), І.Яфрэмаў (1950—52), К.Хахлоў (1922—23 і 1954—55), Таўстаногаў (1956—89); з 1989 маст. кіраўнік К.Лаўроў. Адкрыўся спектаклем «Дон Карлас» Ф.Шылера. Першапачаткова ставіліся спектаклі У.Шэкспіра, Шылера, В.Гюго, Мальера і інш., з сярэдзіны 1920-х г. таксама творы тагачаснай драматургіі, у якіх сцвярджалася рэаліст. скіраванасць: «Мяцеж» (1925), «Разлом» (1927) Б.Лаўранёва, «Клоп» (1929), «Баня» (1930) У.Маякоўскага. У 1930—40-я г.т-р ставіў творы М.Горкага («Мяшчане», «Дачнікі»), А.Чэхава («Вішнёвы сад») і інш. Спектаклям 1950—70-х г. уласцівы ўвага да сцэн. ўвасаблення вострых і напружаных жыццёвых калізій, яркая рэаліст. форма, сац.-гіст. і псіхал. абагульненні: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Варвары» і «Мяшчане» (Дзярж. прэмія СССР 1970) М.Горкага, «Кароль Генрых IV» Шэкспіра, «Гісторыя каня» паводле Л.Талстога. Пастаноўкі 1990-х г. вызначаліся глыбокай распрацоўкай псіхал. малюнка роляў, пошукам сучасных выразных магчымасцей у традыц. драматургіі: «Каварства і каханне» Шылера, «Макбет» Шэкспіра, «Бацька» А.Стрындберга, «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі і працуюць акцёры А.Абрамаў, А.Андрэеў, Г.Багачоў, А.Басілашвілі, Т.Дароніна, В.Дзягцяр, В.Іўчанка, Я.Капелян, У.Кузняцоў, Лаўроў, А.Лаўрэнцьеў, Я.Лебедзеў, П.Луспякаеў, Л.Макарава, М.Манахаў, В.Сафронаў, В.Паліцаймака, І.Смактуноўскі, У.Стржэльчык, А.Талубееў, М.Трафімаў, А.Фрэйндліх, З.Шарко, Ю.Юр’еў і інш.; рэжысёры Р.Дзіцяткоўскі, Р.Казлоў, Э.Нюганен, М.Пінігін, А.Сяроў, Т.Чхеідзе, А.Шапіра і інш.
С.У.Пешын.
Санкт-Пецярбургскі вялікі драматычны тэатр імя Г.Таўстаногава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА (Васіль Сяргеевіч) (н. 18.1.1936, хутар Ясенец Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржвыдавецтве і выд-ве «Беларусь», у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1972—97 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Перакладае з ням., польскай, лат., укр. і інш. моў. Пераклаў кн. прозы ням. аўтараў В.Брэдэля «Ад Эбра да Волгі» (1959), Л.Рэна «Вайна без бітвы» (1962), Г. дэ Бройна «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г.Гофэ «Фінальны акорд» (1979, з М.Навіцкім), Г.Фалады «Даўным-даўно ў нас дома» (1981), Т.Мана «Доктар Фаустус» (1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992), Г.Гесэ «Гульня шкляных перлаў» (1992), Г.Грымельсгаўзена «Авантурнік Сімпліцысімус» (1997), кн. паэзіі І.В.Гётэ «Фауст» (1976), Р.М.Рыльке «Санеты Арфею» (1982), К.Маркса «Лірыка, 1836—1837» (1989), паэму Ф.Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994), з польскай мовы Ю.Тувіма «Польскія кветкі» (1984); з лат. мовы кн. лірыкі В.Бэлшэвіцы «Белы алень» (1985), драму Я.Райніса «Агонь і ноч» (1988); з ісп. мовы зб. вершаў К.Шэрмана «Сны» (1989, з Р.Барадуліным), з рус. мовы кн. Ю.Лабынцава «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага» (1992). Пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.І.Крашэўскага, Ц.Норвіда, В.Борхерта, І.Бехера, Г.Гейне, Ф.Фюмана, Э.Штрыгматэра, В.Лаціса, А.Чака, А.Скалбе, І.Зіеданіса, М.Нага і інш. Выдаў зб. выбраных перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух» (1986), пераклаў на бел. мову «Найвышэйшую песню Саламонаву» (1994), «Новы запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002). Пераклаў для Нац.т-ра імя Я.Коласа драму Ф.Шылера «Марыя Сцюарт» (1968) і п’есу О’Ніла «Каханне пад вязамі» (1994), для Рэсп.т-рабел. драматургіі трагіфарс Б.Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), для Мінскага абл.драм.т-ра ў Маладзечне п’есу Т.Дорста «Гер Паўль» (1998).
Літ.:
Семяжон Я. Адкрыццё кантынента // Полымя. 1977. №8;
Караткевіч У. I наш «Фауст» // Маладосць. 1978. №5;
Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Крупкіна Г. Мастацкі космас гётэўскага «Фаўста» і яго перастварэнне па-беларуску // Роднае слова. 2000. №7—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ ((Scott) Вальтэр) (15.8.1771, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 21.9.1832),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. Па адукацыі юрыст. З 1799 шэрыф, з 1806 сакратар суда. Літ. дзейнасць пачаў са збірання нар. легенд і балад (зб. «Песні шатландскай мяжы», ч. 1—3, 1802—03). Папулярнасць набыў рамант. паэмамі «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810) і інш., у якіх спалучэнне драм. фабулы з маляўнічымі шатл. пейзажамі, сцэнамі палявання і казачнымі прыгодамі. Сусв. вядомасць С. прынеслі гіст. раманы, у якіх ён стварыў партрэты Шатландыі, Англіі і кантынента з пач. сярэдневякоўя і да канца 18 ст., паказаў уплыў паліт. і інш. сіл на развіццё чалавечай асобы. Аўтар т.зв. шатландскіх раманаў, у т. л. «Уэверлі» (1814), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1818), у якіх адлюстраваў найб. значныя падзеі з гісторыі Шатландыі. У рамане «Айвенга» (т. 1—3, 1820, экранізаваны ў 1952 і 1983) на фоне жорсткага самавольства феадалаў, гвалтоўных дзеянняў рыцараў-крыжакоў паказаў рамант.каханне і адвагу, пышнасць рыцарскіх турніраў. Раманы «Манастыр», «Абат» (абодва 1820), «Кенілварт» (1821), «Вудстак» (1826) і інш. пра падзеі з гісторыі Англіі, раман «Квенцін Дорвард» (т. 1—3, 1823, экранізаваны ў 1988) пра абс. манархію ў Францыі ў часы праўлення Людовіка XI. Сярод найб. вядомых раманаў: «Чорны карлік» (1816), «Ламемурская нявеста» (1819), «Перцкая прыгажуня» (1828), «Граф Роберт Парыжскі» (1832, экранізаваны ў 2000 пад назвай «Рыцарскі раман») і інш. Аўтар гіст. і гісторыка-літ. прац, аповесцей, навел. Творчасць С., якая вызначаецца гістарызмам, асабістым поглядам на падзеі, рамант. героямі і рэаліст. паказам жыцця, паўплывала на развіццё гіст. рамана ў сусв. л-ры 19—20 ст. На бел. мову яго асобныя раманы пераклалі Л.Забалоцкая, М.Пазнякоў.
Тв.:
Бел.пер. — Айвенга. Мн., 1997;
Квенцін Дорвард. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—20. М.; Л., 1960—65.
Літ.:
Орлов С.А. Исторический роман Валыгера Скотга. Горький, 1960;
Реизов Б.Г. Творчество Вальтера Скотта. М.; Л., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЫКС (Аскар Пятровіч) (20.12.1890, г. Львоў, Украіна — 24.6.1976),
бел. мастак тэатра, графік, педагог; адзін з заснавальнікаў бел.прафес. дэкарацыйнага мастацтва. Нар. мастак Беларусі (1961). Скончыў Пражскую акадэмію выяўл. мастацтваў (1912), вучыўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў (1912—14), у Вене і Львове. З 1920 у Мінску. У 1921 мастак, у 1922—29 і 1934—39 гал. мастак БДТ-1, у 1929—34 мастак т-раў Смаленска, Ноўгарада, Ташкента, у 1940—46 — Бел.т-ра імя Я.Коласа. Выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1949—62), афармляў спектаклі ў бел. т-рах. Дэкарацыі вызначаліся вобразнасцю, кампазіц. выразнасцю, стылёвай своеасаблівасцю, глыбокім веданнем эпохі, таленавітай інтэрпрэтацыяй бел.фалькл.-этнагр. матываў. Асн. работы: у БДТ-1 — «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1921), «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» (абедзве 1923), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Каваль-ваявода» (1925) Е.Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча (1929), «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага (1936), «Салавей» З.Бядулі (1937); у Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай — «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1939); у т-ры імя Я.Коласа — «Здані» Г.Ібсена, «Лекар паняволі» Мальера (1940), «Проба агнём» К.Крапівы і «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Заложнікі» А.Кучара (1944, з Я.Нікалаевым), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946), «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1953); у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі (1940) і «Дзядзька Ваня» Чэхава (1949); у Пінскім абл.драм. т-ры — «Несцерка» Вольскага (1946); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — опера «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1936), балет «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1947) і інш., эскізаў дэкарацый («Разбойнікі» Шылера, 1956, і інш.). Аўтар графічных серый «Помнікі дойлідства Беларусі» (1944—61), «Беларускае адзенне» (1950-я г.), «Беларусь старажытная» (1972—76), пано «Уладзімір Полацкі» (1944), «Пераправа Уладзіміра Полацкага цераз Дзвіну» (1945), вітражоў «Папараць-кветка», «Клён», Бярозка» (усе 1966), «Восень» (1967), чаканак «Лірнік», «Сказ пра Машэку» (абедзве 1967), «На Купалле», «Лясная песня» (абедзве 1970), дэкар. пано «Восень» (1968), «Макі», «Нацюрморт» (абодва 1970), вышытага пано «Лявоніха» (1940, з В.Волкавым; не збераглося) і інш. Пісаў партрэты, пейзажы, нацюрморты.
Літ.:
Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў [Альбом]. Мн., 1989;
Часнова Р. Марыкс // Тэатр. Беларусь. 1992. № 6.
Л.А.Марыкс.
А.П.Марыкс.А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да п’есы «Разбойнікі» Ф.Шылера. 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на аснове Маладзечанскага нар.т-рагар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.Купалы, «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.Дударава, «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва, «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.П.Сартра, «Непаразуменне» А.Камю, «Карэль» С.Мрожака, «Двое на арэлях» У.Гібсана, «Гер Паўль» Т.Дорста, «Чорная нявеста» Ж.Ануя, «Восем жанчын» Р.Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.Меё і М.Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.Радзінскага, «Дыяген» Б.Рацара і У.Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.Атрашкевіч, А.Елісеенкаў, А.Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).
Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.Андросік, Р.Баравік, У.Забела, У.Караткевіч. В.Раеўскі, Р.Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.Мацкевіч, гал. мастакі У.Жданаў (з 1992), Я.Волкаў (з 1994).
М.В.Шабовіч.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.Мрожака.Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі.