А́ДЭН,
горад у Йемене, адм. ц. мухафазы Адэн на Пд Аравійскага п-ва. 417 тыс. ж. (1987). Транзітны порт у Адэнскім зал. Аравійскага м. Міжнародны аэрапорт. Гал. прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Нафтаперапрацоўка; тэкст., харч., металаапр., суднарамонтныя прадпрыемствы, вытв-сць будматэрыялаў. Гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, рыбай, прадуктамі сельскай гаспадаркі (збожжа, бавоўна, тытунь, скуры).
Вядомы пад назвай Адана, ці Асана, са стараж. часоў. Уваходзіў у склад паўд.-аравійскіх і йеменскіх дзяржаў, у асобныя перыяды быў цэнтрам незалежных княстваў. У 16—18 ст. пад уладай йеменскіх імамаў і тур. пашоў. З 1839 англ. ваен.-марская база. У 1967—90 сталіца Нар. Дэмакр. Рэспублікі Йемен.
т. 1, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАНО́С ((Bernanos) Жорж) (20.2.1888, Парыж — 5.7.1948),
французскі пісьменнік і публіцыст. У 1906—13 вучыўся ў Сарбоне і парыжскім Каталіцкім ін-це. У раманах «Пад сонцам сатаны» (1926; рус. пер. 1978), «Падман» (1927), «Радасць» (1929), «Дзённік сельскага святара» (1936; рус. пер. 1978), «Новая гісторыя Мушэты» (1937; рус. пер. 1978), «Спадар Уін» (1943) і інш. раскрыў крызіс «еўрап. душы» (бязвер’е, спустошанасць, індывідуалізм чалавека, пакінутага Богам), норавы клерыкальных колаў, з рэліг.-этычных (каталіцкіх) пазіцый крытыкаваў тагачасную рэчаіснасць. Аўтар публіцыст. кн. «Вялікі страх добрапрыстойных» (1931), «Вялікія могілкі пад месяцам», памфлета «Мы, французы» і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Дневник сельского священника;
Господин Уин: Романы. М., 1993;
Сохранять достоинство: Худож. публицистика. М., 1988.
т. 3, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎЖЫНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 6 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,65 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 18 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 14,3 км². Схілы катлавіны выш. 20—26 м (на ПдЗ 7—15 м), пад хваёвым лесам. Берагі пад хмызняком, месцамі забалочаныя. Дно да глыб. 4—7 м высцілаюць пясчаныя адклады, глыбей — сапрапель і глеі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 25 м. На Пд у возера ўпадае ручай з воз. Баркоўшчына, на Пн выцякае ручай у воз. Вечалле. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭРМІНА́ЦЫЯ (ад лац. determinatio абмежаванне, вызначэнне) у эмбрыялогіі ўзнікненне якасных адрозненняў паміж часткамі зародка на стадыях развіцця, якія папярэднічаюць з’яўленню ў іх марфалагічна выразных закладак органаў і тканак; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Вылучаюць Д. тканкавую (спецыфічнасць тканак) — абумоўленую філагенетычна ўласцівасць тканкавых структур змяняцца пад уплывам розных уздзеянняў у акрэсленых межах, захоўваючы якасныя адрозненні адна ад адной і Д. полу, якая абумоўлена наяўнасцю Y-храмасомы. Д. прыводзіць да марфалагічна бачнай дыферэнцыроўкі. На Д. арганізма, які развіваецца, асн. ўплыў аказваюць генетычныя фактары, з’явы экспрэсіі генаў пад уплывам індукцыйных уздзеянняў, уплыў навакольнага асяроддзя, узаемадзеянне клетак і ўзровень інтэграцыі цэласнага арганізма.
А.С.Леанцюк.
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПО́СТЫ (ням. Kompost ад лац. compositus састаўны),
від арганічных угнаенняў, якія ўтвараюцца пры раскладанні арган. рэчываў расліннага ці жывёльнага паходжання пад уплывам жыццядзейнасці мікраарганізмаў. Па эфектыўнасці раўнацэнныя гною. Выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
Гатовы К. — сыпучая, дробнакамякаватая цёмная маса без непрыемнага паху. Атрымліваюць пры перагніванні сумесі гною, с.-г., бытавых ці прамысл. адходаў з торфам, зямлёй. Пры кампаставанні ў выніку біятэрмічных працэсаў сумесь абагачаецца каштоўнымі лёгказасваяльнымі для раслін пажыўнымі рэчывамі, гінуць патагенныя мікраарганізмы і траціць жыццяздольнасць насенне пустазелля. Для паскарэння раскладання і павелічэння канцэнтрацыі пажыўных рэчываў у кампостную сумесь аддаюць мінер. кампаненты (фасфарытную муку, калійныя ўгнаенні, вапну). Найб. пашыраныя К. — торфагнойныя і торфапамётныя.
т. 7, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШО́,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса (выцякае з возера пад назвай Гаражанка), за 4 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 4,15 км², даўж. 6,4, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 17,1 м, даўж. берагавой лініі 21,7 км. Пл. вадазбору 60,1 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м (на Пн да 10 м), разараныя, участкамі пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ параслі лесам. Берагі нізкія, у залівах забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтр. ч. дна выслана сапрапелем. 2 невял. астравы агульнай пл. 0,4 га. Зарастае да глыб. 1,5 м. Адзначана гнездаванне рэдкай на Беларусі птушкі — вял. крахаля.
т. 8, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЫ́СЫ»,
«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».
т. 9, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́НАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць малібдэн у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінным арганізме малібдэн стымулюе біясінтэз нуклеінавых кіслот і бялкоў, павышае колькасць хларафілу і вітамінаў. Пры яго недахопе расліны хварэюць на асаблівы від плямістасці, не пладаносяць і гінуць. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца малібдат амонію (NH4)2MoO4 — белая крышт. соль (мае 52% Мо), якая добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць на кіслых дзярнова-падзолістых глебах пераважна пад бабовыя (канюшыну, люцэрну), зернебабовыя (гарох, віку, боб) і тэхн. (цукр. буракі, лён) культуры, пад гародніну (капусту, салату, памідоры), а таксама для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.
Р.У.Васілюк.
т. 10, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛО́М»,
палітычны і літаратурны часопіс Віленскага акр. к-та КСМЗБ. Выдаваўся нелегальна ў студз. — лют. 1932 у Вільні на бел. мове. Часопіс рэдагавалі і рыхтавалі да выдання М.Танк і Я.Гарох. Асвятляў паліт. і сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі, заклікаў працоўных да рэв. і нац.-вызв. барацьбы, змагання ў абарону Т-ва бел. школы, за школу на роднай мове, адкрыццё бібліятэк-чытальняў, нар. дамоў, курсаў для непісьменных. Апублікаваў публіцыстычныя артыкулы А.Цвіка, Л.Родзевіча (пад псеўд. Змагар), вершы і апавяданне М.Танка (пад псеўд. А.Граніт), верш Я.Гароха і інш. Выйшлі 2 нумары. З сак. 1932 выдаваўся легальны «Часопіс для ўсіх».
П.І.Зялінскі.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,
сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.Х.Вітгенштэйна (змяніў М.І.Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
т. 6, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)