КО́РБАН Уладзімір Іванавіч (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.​Крылова, Л.​Украінкі, С.​Алейніка, Т.​Масэнкі і інш.

Тв.:

Шклянка чаю: Выбранае. Мн., 1970;

Выбранае. Мн., 1976;

Дзядзькава крыўда: Апавяданні, гумарэскі, турысцкія замалёўкі. Мн., 1982;

Не на сваім месцы: Байкі. Мн., 1990.

Літ.:

Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 121—150.

У.І.Корбан.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАФАНТЭ́Н (La Fontaine) Жан дэ (8.7.1621, г. Шато-Цьеры, Францыя — 13.4.1695),

французскі пісьменнік; прадстаўнік класіцызму. Чл. Французскай акадэміі (з 1684). Дэбютаваў вольнай перапрацоўкай аднайм. камедыі Тэрэнцыя «Еўнух» (1654). Аўтар драматызаванай эклогі «Клімена» (1658), паэм «Адоніс» (1658), «Сон у Во» (1658—61), «Хіна» (1682), «Філемон і Баўкіда» (1685, паводле «Метамарфоз» Авідзія), рамана з вершаванымі ўстаўкамі «Каханне Псіхеі і Купідона» (1669, паводле навелы з рамана Апулея «Залаты асёл»), зб. «Казкі і вершаваныя апавяданні» (кн. 1—5, 1665—85), «Зборніка хрысціянскіх вершаў» (1671). Гал. твор — напісаныя рытмізаванай прозай «Байкі» (кн. 1—12, 1668—94), у якіх паўстае шырокая карціна франц. рэчаіснасці 17 ст. і адначасова універсальная энцыклапедыя заганаў свету. Яны вызначаюцца драматызмам і лірызмам, лаканічнасцю і выкарыстаннем інтанацый жывой гаворкі.

Тв.:

Рус. пер. — Любовь Психеи и Купидона. М.; Л., 1964;

У кн.: Классическая басня. М., 1981.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Лафонтен // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.

Г.​В.​Сініла.

А.М.Лафантэн.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЯДА́ Тодар (сапр. Шырокаў Пётр Фёдаравіч; 6.1.1914, г. Віцебск — пач. 1970),

бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае рамеснае чыгуначнае вучылішча. З 1933 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Новасібірскую вобл. У 1940 вернуты ў Мінск для перагляду справы. У час ням.-фаш. акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газ. «Беларускае слова» (1943—44), пісаў вершы, апавяданні, п’есы. У 1947 зноў арыштаваны, сасланы ў Сібір. Вызвалены ў 1956. У 1960—62 у Слоніме, працаваў у Чэрвені ў райгазеце. Памёр у Разанскай вобл. Друкаваўся з 1931. П’еса «Загубленае жыццё» пра калектывізацыю і рэпрэсіі (паст. 1943 Мінскім гар. т-рам, выдадзена ў Канадзе, 1952). Лагерныя вершы склалі зб. «Песні выгнання» (1944, факсім. выд. 1991). П’еса «У нас, на Гродзеншчыне» (1961) пра вясковае жыццё. Аўтар аднаактоўкі «Людзі ў Хрысце» (1960).

Тв.:

Загубленае жыццё // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

Літ.:

Чыгрын С. Трагічны лёс Тодара Лебяды // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЗІН Уладзімір Германавіч (15.2. 1894, Масква — 27.9.1979),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1916). Друкаваўся з 1916. У ранніх апавяданнях у асн. паказваў жыццё інтэлігенцыі (зб-кі «Трын-трава», 1916; «Паводка», 1917, і інш.). Любімыя героі Л. 1920-х г. (зб. «Норд», 1925; раман «Ідуць караблі», 1926) — валявыя людзі, шукальнікі шчасця, авантурысты. Кніга «Пуціна» (1930), раман «Вялікі альбо Ціхі» (1933) і інш. — пра Д. Усход. У творах 1950—60-х г. пераважаюць маральна-этычныя праблемы: раман «Два жыцці» (1950), зб. «Прылёт птушак. Апавяданні 1954—61» (1970). Аўтар кніг нарысаў і ўспамінаў «Шляхі і вёрсты» (1927), «Зіма 1941 года» (1942), «Людзі і сустрэчы» (1957, 1961, 1965). У 1916 служыў у арміі на Беларусі. У 1930-я г. пазнаёміўся з Я.​Купалам, прысутнічаў на 1-м Усебел. з’ездзе пісьменнікаў у Мінску (1934). У зб. апавяданняў «Дарога на Захад» (1940) уражанні ад падзей вызвалення Зах. Беларусі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М.,1973—74;

Люди и встречи. Страницы полдня. М., 1980.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́ЛКА Аркадзь Пятровіч (24.8.1905, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 27.10.1986),

бел. пісьменнік, перакладчык. Канд. філал. н. (1956). Вучыўся на Фанетычных курсах новых моў у Ленінградзе (1926—27), у БДУ (1927—29), на Вышэйшых курсах новых моў пры 2-м Маскоўскім ун-це (1929—30). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1950). У 1933 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1988. З 1935 жыў у Ташкенце. Працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це (1951—57), Ташкенцкім пед. ін-це (1956—60), Рэсп. ін-це рус. мовы і л-ры (1960—85). Друкаваўся з 1924. Публікаваў вершы, апавяданні, нарысы, рэцэнзіі. Аўтар кн. нарысаў «Вялікае нараджэнне» (1932), навук. прац «Нарысы па рускай фразеалогіі» (1964), «Як хутчэй засвоіць значэнне англійскіх слоў» (1968) і інш. На бел. мову пераклаў раздзелы са «Спеву аб Гаяваце» Г.​Лангфела, «Песню пра вольны шлях» У.​Уітмена, асобныя творы Дж.​Лондана, Р.​Тагора, П.​Тычыны, раман М.​Ляшко «Доменная печ» і інш.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ Змітрок Змітравіч (н. 2.1. 1954, пас. Язбы Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1975). З 1979 на камсамольскай рабоце ў г.п. Бялынічы і ў Мінску, з 1986 у Дзяржаграпроме Беларусі. Друкуецца з 1977. Аўтар зб. вершаў «Пад небам бусліным» (1982), «Хлеб і памяць», «Хлебны верасень» (абодва 1988, за апошні прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988), «Ачышчэнне сяўбой» (1992), «Сын чалавечы» (1993), «Баліць душа па Беларусі» (1996) і інш. Піша вершы і апавяданні для дзяцей (зб-кі «Азбука агранома Валошкі», 1989; «Пра гарох і буракі, бульбу, жыта, агуркі», 1995; «Агародніна», 1996; «Гэта праўда ці мана...», 1997), публіцыст. нарысы («І скажуць унукі», 1994). Аўтар першага ў еўрап. паэзіі вянка вянкоў санетаў (зб. «Апакаліпсіс душы», 1991). У вершах — тэма кахання, чарнобыльскія праблемы, любоў да роднай зямлі, філас. роздум пра духоўную інертнасць сучасніка, шчырасць пачуццяў.

Тв.:

Прадчуванне. Мн., 1991;

Залатая кніга беднага. Мн., 1994;

«Святло рамонкаў палявых». Мн., 1997;

Гронкі зорных суквеццяў. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ ШЛЯХ»,

грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.​Туронак, Л.​Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.​Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.​Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.​Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.​Маркотнага (Ф.​Пяткевіча), М.М. (М.​Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.​Арсенневай, З.​Верас, І.​Дварчаніна, Г.​Леўчыка, апавяданні Л.​Леўскага, А.​Пакуцкага і інш.

А.​В.​Вабішчэвіч, А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЦАВА (Némcová) Бажэна [дзявочае Панклава (Panklová) Барбара; 4.2.1820, Вена — 21.1.1862], чэшская пісьменніца; адна з заснавальнікаў рэалізму ў чэш. л-ры. Літ. дзейнасць пачала з апрацовак нар. казак: «Народныя казкі і паданні» (ч. 1—7, 1845—47). Вядомасць прынеслі апавяданні і аповесці пра жыццё сялян: «Барушка» (1853),

«Карла» (1855), «Дзікая Бара», «Горная вёска», «У замку і каля замка» (усе 1856) і інш. Лепшы яе твор — «Бабулька» (1855) сцвярджае ідэю адукаванай і гуманнай улады, што апіраецца на волю і мудрасць народа. Цыклы нарысаў «Карціны домажліцкага наваколля» (1845—47), «Лісты з Францішкавых лазняў» (1846), «Карціны жыцця славакаў» (1859) і інш. адметныя сац.-паліт. накіраванасцю. Сабрала і выдала ў пер. на чэш. мову «Славацкія казкі» (1857—58).

Тв.:

Рус. пер. — Сказки, повести, рассказы. М., 1961;

В замке и около замка: Рассказы. Повести. Письма к родным и друзьям. Л., 1970;

Бабушка: Картины сельской жизни. М.;

Прага, 1982;

Карла и другие рассказы. Л., 1984;

Серебряная книга сказок. Мн., 1994;

Золотая книга сказок. Мн., 1996.

А.​У.​Вострыкава.

Б.Немцава.

т. 11, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́ЕЎ Іван Іванавіч (27.3.1812, С.-Пецярбург — 2.3.1862),

рускі пісьменнік, журналіст. Муж А.Я.Панаевай. Скончыў Шляхетны пансіён пры Пецярбургскім ун-це (1830). З 1847 разам з М.​Някрасавым выдаваў час. «Современник». Друкаваўся з 1834. Першыя празаічныя творы («Яна будзе шчаслівая. Эпізод з успамінаў пра пецярбургскае жыццё», 1836; «Сёння і заўтра», 1837, і інш.) у традыцыях свецкай аповесці. У 1839—46 выступаў у «Отечественных записках» як белетрыст натуральнай школы: аповесці «Анагр» (1841), «Актэон» (1842), сац.-псіхал. раман «Мамчын сынок» (1845), апавяданні, нарысы, фельетоны. Адным з першых у рус. л-ры стварыў вобраз «лішняга чалавека» з новага сац. асяроддзя — інтэлігенцыі (аповесць «Родзічы», 1847). У 1851—61 друкаваў у «Современнике» штомесячныя агляды журналістыкі і пецярбургскага жыцця пад псеўданімам «Новы паэт». Аўтар раманаў «Ільвы ў правінцыі» (1852), «Унук рускага мільянера» (1858), цыкла нарысаў «Вопыт пра хлышчоў» (1854—57), «Літаратурных успамінаў» (1861), літ. пародый (некаторыя разам з Някрасавым) і інш.

Тв.:

Соч. Л., 1987;

Избр. проза. М., 1988;

Литературные воспоминания. М., 1988.

т. 12, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ Альберт Францавіч (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),

бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел. нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.​Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі, М.​Канапніцкай, У.​Сыракомлі.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1975.

С.​Х.​Александровіч.

А.Ф.Паўловіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)