у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл.Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.Сіньярэлі, гравюры Л.Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,
эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.В.Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.А.Бяссонаў, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн.Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.
А.А.Ярашэвіч.
Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ, Благавешчанне,
Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»),
рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводле нар. вераванняў, залежаў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),
ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РБНІЦА, вербная нядзеля,
народная назва хрысц. свята з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Адзначаецца ў апошнюю перад Вялікаднем нядзелю, да якой прымеркаваны абрад асвячэння вярбы (адсюль назва). У аснове свята евангельскае паданне пра Ісуса Хрыста, які перад прыняццем пакутніцкай смерці на крыжы прыйшоў у Іерусалім, дзе народ вітаў яго пальмавымі галінкамі. На Беларусі ў праваслаўных і католікаў ролю пальмавых галінак выконвае вярба. Яе ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі, засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і інш. Пасля асвячэння вярба лічылася святыняй у хаце (разам з асвячонай на Вадохрышча вадой і грамнічнымі свечкамі). Бытуе павер’е, што вярба валодае магічнымі ўласцівасцямі, здольная адпужваць злых духаў, засцерагаць ад бяды і няшчасцяў; сяляне рабілі «вербнае прывітанне» — датыкаліся вярбой да дзяцей, хворых, адзін да аднаго, што павінна было надаць ім моцы і здароўя; гаспадары абыходзілі з вярбой будынкі для жывёлы, агарод, азімае поле. Вярбу давалі пастухам пры першым выгане жывёлы ў поле, з ёю заворвалі поле і інш. Каб спыніць хваробу, засцерагчы ад згубы, чалавека і жывёлу акурвалі вярбой (нярэдка разам з ядлоўцам).
раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст.н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл.Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.Скарына, В.Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.Будны, Л. і С.Зізаніі, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.Багдановіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.Караткевіч і інш.).
Літ.:
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Да арт.Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́ЛІШКІ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПнУ ад г.п. Воранава, 144 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Беняконі. 458 ж., 148 двароў (1998).
Вядомы з 2-й пал. 17 ст. як маёнтак Калвелішкі (двор, вёска і мяст. Смолінск) у Ашмянскім пав., што належаў Пражмоўскім, у 18 ст. — Храптовічам, з 1786 — Янкоўскім, з 1850-х г. — Умястоўскім. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. ў Дзевянішкаўскай вол. Ашмянскага пав. У 1880-я г. ў мястэчку 144 ж.. 4 крамы, карчма, бровар. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы, у 1922—39 у Польшчы. мястэчка і вёска Дзевянішкаўскай гміны Ашмянскага пав. У 1921 у мястэчку 180 ж., 39 двароў, у вёсцы 144 ж., 25 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У пасляваенны час мястэчка і вёска зліліся. У 1971—170 ж., 55 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — драўляны касцёл Сэрца Ісуса (1916).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСК,
вёска ў Гародзькаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Валожына, 100 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Валожын. 400 ж., 187 двароў (1999).
У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) згадваецца пад назвай Лошаск. Паводле археал. даследаванняў у 11—13 ст. тут існавала паселішча, у 14—18 ст. — Лоскі замак. У 1480 у Л. заснаваны касцёл. Уладанне Карыбутавічаў, Я.П.Мантыгірдавіча, Кішкаў, пры якіх дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 дзярж. дзеяч ВКЛ Я.Кішка заснаваў Лоскую друкарню. З канца 16 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. З 19 ст. ў Забрэжскай вол. Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 592 ж., 65 дамоў, 2 царквы, касцёл. З 1921 у складзе Забрэжскай гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. У 1972—820 ж., 242 двары.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (1856), касцёл Сэрца Ісуса (1930). На тэр. вёскі — гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́Я (ад стараж.-яўр. памазаннік),
1) у іудаізме і хрысціянстве «божы пасланец», «выратавальнік», які павінен знішчыць зло і ўсталяваць «божае царства». Першапачаткова М. называўся цар, які пры ўступленні на трон памазваўся асвячоным алеем, у інш. выпадках — ідэальны дзярж. кіраўнік або святар. У час асіра-вавілонскага, персідскага, рымскага панавання над яўрэямі, калі няўдалыя спробы вызвалення пахіснулі веру ў магутнасць Яхве, у іудаізме склаўся класічны вобраз М. як збавіцеля, выратавальніка, які павінен узначаліць яўр. народ, вызваліць яго ад іншаземнага панавання і забяспечыць яму пануючае становішча сярод іншых народаў. У хрысціянстве ідэя М. ўвасобілася ў вобразе ІсусаХрыста, які вёў радаслоўную ад цара Давіда і ахвяраваў сабою для выратавання ўсяго чалавецтва ад першароднага граху; уваскрослы Хрыстос павінен прыйсці на зямлю ў другі раз, каб канчаткова знішчыць зло і вырашыць лёс чалавецтва. Ідэя аб М. прысутнічае ў інш. рэлігіях свету (Вішну — у індуізме, Майтрэя — у будызме, Саош’янт — у зораастрызме і інш.); яна была характэрна для многіх сял. і нац.-вызв. рухаў. Многія сучасныя нетрадыц. культы ўвасабляюць ідэю М. ў вобразах заснавальнікаў гэтых вераванняў.