НАКАНАВА́ННЕ,

рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл. Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць нават рэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕМ-БО́РНУ,

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы ў 9 — канцы 19 ст. Першапачаткова ўключала вобл. Канем (на ПнУ ад воз. Чад), у 14 ст. цэнтр дзяржавы перамясціўся ў вобл. Борну (на З ад воз. Чад). Дзярж. лад — манархія, пануючая рэлігія — іслам, аснова эканомікі — сельская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і надзеленых зямлёй рабоў. Найб. росквіт у 13 і 16—17 ст. У канцы 19 ст. тэр. К.-Б. ўваходзіла ў склад Рабаха дзяржавы, у пач. 20 ст. — у калан. ўладанні Вялікабрытаніі (асн. частка), Германіі і Францыі; цяпер у складзе дзяржаў Нігерыя, Чад, Камерун.

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,

дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б. СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Дамаскі халіфат,

дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн. Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШМІ́Р,

гістарычная вобласць у гарах паўн.-зах. Гімалаі і Каракарум (Паўд. Азія). У 3 ст. да н.э. тэр. К. ўваходзіла ў дзяржаву Маур’яў, у 2—1 ст. да н.э. — у Кушанскую дзяржаву. У 14 ст. н.э. сюды пранік іслам. З 1586 у складзе Магольскай імперыі (заваяваны Акбарам), з 1756 — Афганістана, з 1819 пад уладай сікхаў. Пасля 1-й англа-сікхскай вайны 1845—46 анексіраваны англічанамі і перададзены імі ў кіраванне раджы (правіцеля) княства Джаму; да 1947 княства. Пасля ўтварэння суверэнных дзяржаў Індыя і Пакістан (1947) б.ч. тэрыторыі К. (144 122 км²) увайшла ў склад інд. штата Джаму і Кашмір, меншая ч. (78 114 км²) кантралюецца Пакістанам (т.зв. Свабодны Кашмір).

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,

ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).

У.​С.​Кошалеў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́, Меле,

дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст. дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,

рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.

Літ.:

Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАХАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава ва Усх. Туркменістане, Сямірэччы, Паўд. Прыцяньшанні, міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і (цяпер тэр. Кыргызстана, Таджыкістана, часткова Узбекістана, Казахстана і Кітая) у 10 ст. — 1212. Сталіцы: гарады Кашгар, Баласагун і Узген. Утворана цюрк. плямёнамі (у сярэдзіне 10 ст. прынялі іслам) карлукаў, чыгіляў, ягма і інш. (ад ягма паходзіла правячая дынастыя Караханідаў, якую заснаваў Абдулкарым Сатук Карахан). Канчаткова склалася ў канцы 10 ст., калі правіцелі (богра-ханы) Харун і яго пераемнік Наср I знішчылі Саманідаў дзяржаву і авалодалі Маверанахрам з гарадамі Бухара і Самарканд. Падзялялася на ўдзелы на чале з ілек-ханамі з роду Караханідаў. Гал. формай землеўладання была ікта. У канцы 11 — пач. 12 ст. трапіла ў залежнасць ад Сельджукскай дзяржавы, з 1130—40-х г. пад вярх. уладай Каракітаяў дзяржавы. У 1212 рэшткі К. дз. ліквідаваны харэзмскім шахам Мухамедам, які забіў апошняга караханідскага правіцеля Клыч-Арслана ібн Клыча.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́МАЎ (Іслам Абдуганіевіч) (н. 30.1.1938, г. Самарканд, Узбекістан),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Узбекістана. Канд. эканам. н. Скончыў Сярэднеазіяцкі політэхн. ін-т, Ташкенцкі ін-т нар. гаспадаркі. У 1960—66 працаваў у Ташкенце, у т. л. на з-дзе «Ташсельмаш». У 1966—83 у Дзяржплане Узб. ССР: гал. спецыяліст, пам. старшыні, нач. аддзела, упраўлення, нам. і 1-ы нам. старшыні. У 1983—86 міністр фінансаў Узб. ССР. У 1986 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана Узб. ССР. У 1986—89 1-ы сакратар Кашкадар’інскага абкома Кампартыі Узбекістана, у 1989—91 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана, з 1990 адначасова прэзідэнт Узб. ССР, з вер. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Узбекістан, у ліст. 1990 — студз. 1992 адначасова старшыня Кабінета міністраў. Чл. ЦК КПСС і Палітбюро ЦК КПСС (1990—91). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1984, нар. дэп. СССР (1989 — студз. 1992). Аўтар кнігі «Узбекістан па шляху паглыблення эканамічных рэформаў» (1995).

І.А.Карымаў.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)