сямейства марскіх рыб атр. іглабрухападобных. 7 родаў, каля 20 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных мораў, найб. колькасць відаў у Аўстраліі і Інда-Малайскім архіпелагу.
Даўж. да 50 см. Галава і цела ўкрыты панцырам з нерухома з’яднаных касцявых пласцінак, кіляў (грабянёў) і шыпоў. Рухомыя плаўнікі на кароткай мясістай аснове. Хвост доўгі. Большасць відаў ярка афарбаваныя. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, водарасцямі, губкамі. Маюць у сабе таксіны, пасля спец. апрацоўкі ядомыя. Аб’екты промыслу.
Да арт.Кузаўковыя. Кузаўкі: 1 — чатырохрогі; 2 — бязрогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКАВЫЯ (Istiophoridae),
сямейства рыб атр. кунепадобных. 3 роды: кап’яносцы, або кап’ярылы (Tetrapturus) — 6 відаў, марліны (Makaira) — 3 віды, паруснікі (Istiophorus) — 2 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Жывуць пераважна ў прыбярэжнай зоне. Развіваюць скорасць да 130 км/гадз.
Даўж. да 5 м, маса да 900 кг. Рыла падоўжанае. Першы спінны плаўнік доўгі і высокі, нагадвае парус (адсюль назва), у час руху здольны ўкладвацца ўздоўж спіны. Грудныя плаўнікі звычайна доўгія і вузкія. Драпежнікі, кормяцца рыбай і кальмарамі. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Індастанская платформа,
дакембрыйская платформа, займае п-аў Індастан, Інда-Гангскую раўніну да падножжа Гімалаяў і в-аў Шры-Ланка. Фундамент складзены з архейскіх крышт. парод (граніта-гнейсы, грануліты, сланцы) і асадкава-вулканагенных тоўшчаў. Асн.ч. платформавага чахла складзена з рыфейскіх карбанатна-тэрыгенных адкладаў. Фанеразойскія адклады (кантынентальныя покрыўна-ледавіковыя, вугляносныя, чырванаколерныя пясчаныя, вулканагенныя) запоўнілі грабенападобныя перыкратонныя прагіны і Дэканскую сінеклізу. Паўн. частка І.п. — пліта з глыбока апушчаным фундаментам і слаба дыслацыраванымі кайназойскімі тоўшчамі (магутнасць да 10—12 км), што запаўняюць Перадгімалайскі і Бенгальскі ўскраінныя прагіны. Буйныя радовішчы руд жалеза, марганцу, медзі, золата, рэдкіх металаў, таксама мускавіту, вугалю; баксітаў і каалінавых глін; тытану, цырконію, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Выяўлены алмазаносныя кімберліты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ДХ’Я-ПРА́ДЭШ,
штат у цэнтр.ч. Індыі. Пл. 444 тыс.км². Нас. каля 70 млн.чал. (1997), гарадскога каля 20%. Адм. ц. — г.Бхопал. Найбольшыя гарады Джабалпур, Дург-Бхілаінагар, Індаур, Уджайн. Займае паўн.ч. Дэканскага пласкагор’я, на Пн заходзіць у межы Інда-Гангскай раўніны. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў ад 700 мм (на ПнЗ) да 1600 мм (на Пд і ПдУ); дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. У натуральнай расліннасці пераважаюць лістападныя лясы. Сельскай гаспадаркай занята 75% насельніцтва. Вырошчваюць рыс, проса, пшаніцу, бавоўнік, алейныя культуры. Шаўкаводства. Здабыча марганцавай і жал. руд, баксітаў, каменнага вугалю, алмазаў. Прам-сць: баваўняная, металургічная, металаапр. і маш.-буд., буд. матэрыялаў, харч., джутавая, папяровая, хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБУ́Р (Захірэддзін Мухамед) (15.2.1483, г. Фергана, Узбекістан — 26.12.1530),
узбекскі і індыйскі правіцель, палкаводзец, заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў (1526) у Індыі. Нашчадак Цімура па мужчынскай і Чынгісхана па жаночай лініі. У 1494 атрымаў у спадчыну ад бацькі прастол Ферганы. У 1504 узбекі-качэўнікі выгналі яго з Сярэдняй Азіі. У тым жа годзе ён заваяваў Кабул і Кандагар. У 1526 пад Паніпатам разбіў армію дэлійскага правіцеля Ібрагіма Лодзі і захапіў Дэлі і Агру. У 1527—29 авалодаў далінай Інда. Уладанні Бабура ўключалі Усх. Афганістан, Пенджаб і даліну Ганга да граніц Бенгаліі. Захаваліся вершы Бабура на чагатайскай (цюркскай) мове і мове фарсі, а таксама аўтабіягр. нататкі «Бабурнамэ». у якіх апісаны звычаі народаў Сярэдняй Азіі, Афганістана і Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА старажытная платформа, што ахоплівае бас.р. Янцзы (без вярхоўяў) і больш паўдн. раёны Кітая. Ад Кітайска-Карэйскай платформы аддзелена хр. Цыньлін. Зах. палавіну платформы разам з вял. сінеклізай Сычуань складае пліта, кансалідаваная ў выніку працэсаў познапратэразойскай складкавасці (850 млн.г. назад). Фундамент месцамі выступае на паверхню (Цзяннанская антэкліза), б.ч. яго ўкрыта дыслакаваным асадкавым чахлом з адкладаў верхняга пратэразою, палеазою і мезазою, марскіх да трыясу ўключна, вышэй — кантынентальных. Усх. палавіна платформы — пліта, кансалідаваная ў працэсе каледонскай складкавасці да канца сілурыйскага перыяду, са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі таго ж узросту і больш маладымі, якія звязаны з інда-сінійскім і яншаньскім (гл.Мезазойская складкавасць) гораўтварэннем. Радовішчы руд вальфраму, сурмы, волава і поліметалаў, у бас. Сычуань паклады нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),
руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХА́Р,
штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс.км². 86,3 млн.чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц. — г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс.выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл.Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч.прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,
ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б.ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл.Рэканкіста).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙЦЫ, арыі,
індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.