ГО́ТШЭД ((Gottsched) Іаган Крыстаф) (2.2.1700, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.12.1766),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык л-ры. Прадстаўнік ранняга ням. Асветніцтва, пачынальнік асветніцкага класіцызму. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це. З 1725 выкладаў у Лейпцыгскім ун-це (з 1730 праф. паэзіі, з 1734 — логікі і метафізікі). Супрацоўнічаў з трупай актрысы Ф.К.Нойбер. Аўтар прац «Спроба крытычнай паэтыкі для немцаў» (1730; погляды на рэформу л-ры і тэатра), «Першаасновы ўсёй філасофіі» (1733—34, папулярызацыя ідэй Г.Лейбніца і К.Вольфа). У зб. п’ес «Нямецкі тэатр, пабудаваны паводле правілаў старажытных грэкаў і рымлян» (т. 1—6, 1741—45) уключыў свае пераклады п’ес франц. класіцыстаў (Ж.Расіна, Мальера і інш.) і ўласныя трагедыі («Паміраючы Катон», 1731, «Парыжскае крывавае вяселле», 1774, і інш.), у якіх выступіў з асуджэннем тыраніі і рэліг. фанатызму, у абарону асветніцкіх ідэалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РТАН ((Merton) Роберт Кінг) (н. 5.7.1910, г. Філадэльфія, ЗША),
амерыканскі сацыёлаг. Даследаваў праблемы акад. сацыялогіі ЗША, у т. л. ў тэорыі і метадалогіі структурнага функцыяналізму, сацыялогіі навукі, вывучэнні сац. структуры, з’яў сац. дэзарганізацыі і бюракратыі. Вынікі даследаванняў выкладзены ў працах «Сацыяльная тэорыя і сацыяльная структура» (1957, 1968), «Сацыялогія навукі» (1973), «Структурны аналіз у сацыялогіі» (1975) і інш. М. распрацаваў паняцце дысфункцыі і правёў дыферэнцыяцыю паміж «відавочнымі» і «латэнтнымі» (скрытымі) функцыямі, што ў працэсе аналізу механізмаў забеспячэння «сацыяльнага парадку» дае магчымасць выяўляць дысфункцыянальныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку супярэчнасцей і напружанасці ў сац. структуры грамадства. Сфармуляваў асновы сацыялаг. аналізу навукі, які характарызуецца ўласнымі каштоўнасна-нарматыўнымі рэгулятывамі (універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм). Услед за франц. сацыёлагам Э.Дзюркгеймам развіваў тэорыю анаміі, якую разумеў як асаблівы маральна-псіхал. стан індывід. і грамадскай свядомасці, абумоўлены распадам сістэмы маральных каштоўнасцей і «вакуумам ідэалаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНДЭ́ЛА ((Pirandello) Луіджы) (28.6.1867, г. Агрыджэнта, Італія — 10.12.1936),
італьянскі пісьменнік, драматург. Вучыўся ў Рымскім і Бонскім (Германія) ун-тах. У 1898 праф.пед. каледжа ў Рыме. Дэбютаваў як паэт у 1889 (зб. «Радасны боль»). Раннія творы напісаны ў традыцыях верызму (зб-кі навел «Каханне без кахання», 1894; «Навелы на год», т. 1—5, 1901—19). У раманах «Адвержаная» (1901), «Нябожчык Матыя Паскаль» (1904) і інш., філас.-псіхал. трагікамедыях «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» (паст. 1921), «Генрых IV» (паст. 1922), «Кожны па-свойму» (паст. 1924), «Сёння мы імправізуем» (паст. 1930) і інш. вобразы «негераічных» герояў, ілюзорнасць чалавечых ідэалаў, адзінота, няўстойлівасць і недасканаласць грамадскіх адносін, гульня выпадку ў лёсах людзей. Адыграў значную ролю ў перабудове італьян. і еўрап.т-ра 20 ст. Нобелеўская прэмія 1934.
венесуэльскі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Чл. Венесуэльскай акадэміі (з 1972). У 1958—64 і 1974—80 сенатар. У 1928—29 удзельнічаў у барацьбе супраць дыктатуры Х.В.Гомеса, за што арыштоўваўся. У 1930—41 у эміграцыі. Заснавальнік і рэдактар газ. «El Nacional» («Нацыянальнай газеты») і інш. выданняў. У зб-ках вершаў «Вада і рэчышча» (1937), «25 вершаў» (1942), паэмах «Харальная элегія Андрэсу Элою Бланка» (1958), «Мора — гэта смерць» (1965) спалучэнне лірызму і грамадз.-філас. разважанняў. Праблемы бунтарства моладзі, прагрэсу і экалогіі, выбару ідэалаў і сродкаў барацьбы за іх, аднаўлення гіст. справядлівасці і інш. у раманах «Ліхаманка» (1939), «Мёртвыя дамы́» (1955), «Кантора № 1» (1961), «Смерць Анорыо» (1963), «Калі хочацца плакаць — не плачу» (1970), «Лопэ дэ Агірэ: князь Свабоды» (1979), «І стаў той камень Хрыстом» (1989). Аўтар літ. і паліт. эсэ.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1982;
И стал тот камень Христом // Иностранная л-ра. 1989. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ДЖА [Correggio; сапр.Алегры (Allegri) Антоніо; каля 1489 ці 1494, Карэджа, каля г. Мадэна, Італія — каля 15.3.1534],
італьянскі жывапісец Высокага Адраджэння. Працаваў у Карэджы і Парме. Зазнаў уплывы А.Мантэньі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Мікеланджэла. Работы ранняга перыяду блізкія да маньерызму («Юдзіф і служанка», «Раство», каля 1513—14). Пазней ствараў выдатныя па каларыце дынамічныя кампазіцыі са свабодным размяшчэннем фігур, поўных пачуццёвасці і грацыі. Творы К. адлюстроўваюць паступовы адыход ад гераізаваных рэнесансавых ідэалаў і пераход да новых маст. прынцыпаў. Паклаў пачатак тыпу плафоннай размалёўкі з фігурамі ў аблоках, пададзенымі ў эфектных ракурсах, што стварала ілюзію прарыву купала і папярэднічала манум. жывапісу барока 17—18 ст. Аўтар размалёвак манастыра Сан-Паала (паміж 1517—20), царквы Сан-Джавані Эванджэліста (1520—23) і сабора (1526—30) у Парме, алтарных карцін «Мадонна са святым Іеранімам» (т. зв. «Дзень», 1527—28), «Пакланенне пастухоў» («Ноч», каля 1530) і інш., твораў на міфалагічныя тэмы («Даная», каля 1526).
Карэджа. Мадонна са святым Іеранімам («Дзень»). Фрагмент. 1527—28.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МПЕ (Kempe; сапр.Найкоўская) Мірдза Янаўна
(9.1.1907, г. Ліепая, Латвія — 12.4.1974),
латышская паэтэса. Нар. паэтэса Латвіі (1967). Засл. дз. культ. Латвіі (1957). Чл.-кар.АН Латвіі (1973). Вучылася ў Латвійскім ун-це (1927—28). Друкавалася з 1923. У зб-ках вершаў «Ранішні вецер» (1946), «Словы сябра» (1950), «Каханне» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), «Я не магу маўчаць» (1959), «Вечнасць імгненняў» (1964, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Шлях чалавека» (1969), «Шыпшына» (1972) і інш. сцвярджэнне гуманіст.ідэалаў, адзінства чалавека і прыроды, асэнсаванне сац. супярэчнасцей сучаснай эпохі. Яе лірыка адметная публіцыстычнай палымянасцю, тонкім лірызмам. Некалькі вершаў прысвяціла Беларусі. Пераклала на лат. мову асобныя творы С.Грахоўскага, М.Калачынскага, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Кавалюк, Калачынскі, І.Калеснік, В.Лукша, Ю.Свірка, М.Танк, У.Шахавец.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ветрык, вей! Мн., 1959;
Рус.пер. — Избранное: Стихотворения, лирические миниатюры. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,
процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.
Літ.:
Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;
Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЁНКАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (10.7.1874, в. Караковічы Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 9.10.1971),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1958). Акад.АМСССР (1954). Герой Сац. Працы (1964). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—96), Пецярбургскай АМ (1899—1902). Экспанент «Свету мастацтваў», чл.Саюза рускіх мастакоў. Раннія творы вылучаюцца жанрава-апавядальным («Каменябоец», 1898) і манум.-абагульненым характарам («Самсон», 1902). У час рэвалюцыі 1905—07 выканаў некалькі абагульнена-сімвалічных партрэтаў яе ўдзельнікаў («Рабочы-баявік 1905 года Іван Чуркін»). З сярэдзіны 1900-х г. творчасці К. ўласцівы фальклорна-казачныя матывы («Стрыбог», «Дзядок-палевічок», абедзве 1910), пошукі нац., эстэт. і этычных ідэалаў праз вобраз дасканалага, гарманічнага чалавека («Ніке», 1906). Пасля 1917 удзельнічаў у ажыццяўленні плана манум. прапаганды (мемар. дошка «Загінуўшым у барацьбе за мір і брацтва народаў», 1918). У 1924—45 у ЗША, рабіў партрэты (М.Горкі, 1928, Ф.М.Дастаеўскі, 1933). Пасля вяртання на радзіму выканаў шэраг псіхалагічных партрэтаў (Ф.І.Шаляпін, 1952; аўтапартрэт, 1954 і інш.) і станковых кампазіцый, якім уласцівы рысы манументальнасці [«Вызвалены чалавек» («Самсон»), 1947]. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
літаратурнамастацкі кірунак 19—20 ст., у якім праўдзівае гістарычна канкрэтнае адлюстраванне рэчаіснасці спалучаецца з крытыкай сац.-паліт. сістэмы або яе асобных праяў як антыгуманных, неспрыяльных для гарманічнага развіцця асобы і грамадства. Ад папярэдніх гіст. форм рэалізму (рэнесансавага, асветніцкага) адрозніваецца канкрэтнасцю маст. аналізу грамадскага быцця, раскрыццём яго сац. супярэчнасцей і канфліктаў. Мастацтва К.р. не абмяжоўваецца выяўленнем прыгожага і ўзнёслага, раскрывае сутыкненне носьбітаў ідэалаў дабра, справядлівасці і красы з агідным і нізкім, глыбока даследуе трагічнае і камічнае ў жыцці. Элементы К.р. характэрныя для ўсіх этапаў развіцця маст. культуры ад антычнасці да нашага часу, аднак ён сфарміраваўся як тэарэтычна абгрунтаваны асобны метад, кірунак і тып творчасці ў 19 ст. Называўся «натуральнай школай» або крытычным кірункам у л-ры і мастацтве. Тэрмін «К.р.» сфармуляваў М.Горкі (1934). Ступень выяўлення крытыка-рэаліст. плыні залежыць ад спецыфікі і структуры вобразнай сістэмы пэўнага віду і жанру мастацтва: найб. у л-ры (проза, публіцыстыка, літ. крытыка), выяўл. мастацтве (сюжэтна-тэматычная карціна, графіка); найменш у лірыцы, музыцы, балеце. Гл. таксама ў арт.Рэалізм (у л-ры і мастацтве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЬТАН, Мілтан (Milton) Джон (9.12.1608, Лондан — 8.11.1674), англійскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1632). Пісаў на англ., італьян. і лац. мовах. Раннія творы (цыклы вершаў, санетаў, п’еса-маска «Комус», 1634; элегія «Лісідас», 1638, і інш.) адзначаны эстэтыкай, пераходнай ад Рэнесансу да Новага часу, у цэнтры — праблемы выбару шляху, прызначэння чалавека. У абарону рэсп.ідэалаў, свабоды слова і сумлення стварыў шматлікія трактаты і памфлеты: «Арэапагітыка» (1644), «Іканаборца» (1649), «Абарона англійскага народа» (1650) і інш. Вяршыня яго творчасці — эпічныя паэмы на біблейскія сюжэты «Страчаны рай» (1667) і «Вернуты рай» (1671), у якіх узняты праблемы пазнання Дабра і Зла, іх процістаяння і дыялект. адзінства, сэнсу жыцця і гіст. лёсу чалавецтва. Паэмы з рысамі барока і класіцызму адзначаны маштабнасцю вобразаў, складанай метафарычнасцю, сімволікай і алегарычнасцю. Аўтар трагедыі «Самсон-змагар» (1671), гіст.прац. «Гісторыя Брытаніі» (1670), «Кароткая гісторыя Масковіі» (1682).
Тв.:
Рус.пер. — Потерянный рай. Стихотворения. Самсон-борец. М., 1976.
Літ.:
Чамеев А.А. Джон Мильтон и его поэма «Потерянный рай». Л., 1986.