Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,
насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́НЫ (Rapana),
род марскіх пярэдняшчэлепных малюскаў сям. пурпуровых смаўжоў. 3 віды. Пашыраны ў морах Д.Усходу. Від Р. тамазіяна (R. thomasiana, або R. venosa) занесена ў Чорнае м., адкуль пашыраецца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.
Ракавіна даўж. да 22 см, шырокаавальнай формы, шаравата-карычняватая, са спіральнымі рэбрамі. Сіфон кароткі, вусце шырокае, часта ярка афарбаванае (белае, жоўтае, аранжавае). Драпежнікі. Выдзяленні гіпабранхіяльнай залозы ядавітыя для двухстворкавых малюскаў (вустрыц, мідый), якімі Р. кормяцца. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛЬГА́Р (франц. re’algar ад араб. рахдж аль гхар — літар. пыл рудніка),
мінерал класа сульфідаў, сульфід мыш’яку, AS4S4. Мае 70,1% мыш’яку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя масы, налёты, коркі, зярністыя агрэгаты, рэдка прызматычныя крышталі. Колер ярка-чырвоны, аранжава-жоўты. Бляск шкляны, смалісты. Празрысты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,6 г/см³. Крохкі. Паходжанне гідратэрмальнае; таксама прадукт вулканічнай сублімацыі і выдзялення з тэрмальных крыніц. Радовішча ў ЗША, Чылі, Кыргызстане, Расіі, Італіі і інш. Руда мыш’яку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),
род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.
Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́ЧАКкветкі,
унутраная, звычайна ярка афарбаваная частка двайнога калякветніка кветкавых раслін. Складаецца з відазмененых лісцікаў (пялёсткаў). Адрозніваюць вяночак раздзельнапялёсткавы, у якім пялёсткі свабодныя (напр., у свірэпы, суніц, зоркаўкі), і зрослапялёсткавы (напр., у шчамяліцы, шалфею, тытуню). Афарбоўка вяночка звычайна залежыць ад асобных пігментаў (антацыянаў і флавонаў), раствораных у клетачным соку пялёсткаў. Вяночак — важная таксанамічная прыкмета, вяночак робіць кветку больш прыкметнай для насякомых і птушак, якія апыляюць расліны, ахоўвае тычынкі і слупкі ад пашкоджанняў, іншы раз выдзяляе нектар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕ́ШАВАЕ ДРЭ́ВА, сандалавае дрэва,
сандал сіні (Haematoxylum campechianum),
кветкавая расліна сям. бабовых. Радзіма — трапічная Амерыка; вырошчваюць у тропіках многіх краін.
Невял. дрэва выш. каля 12 м з перыстым лісцем і дробнымі жоўтымі кветкамі. Плод — струк. Маладая драўніна ярка-чырв., пахне фіялкай, мае пігменты гематаксілін і гематэін. дубільныя рэчывы; цвёрдая. цяжкая і моцная, ідзе на выраб дарагой мэблі, паркету, сувеніраў. Тэхн., дэкар., меданосная і лек. расліна. Прадмет экспарту з Мексікі, Гандураса і Антыльскіх а-воў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУСЕ́ЛЬ (франц. carrousel),
1) збудаванне для язды па крузе на сядзеннях (у выглядзе конікаў, лодак і інш.), якія верцяцца вакол нерухомай восі. Звычайна ярка расфарбавана і ўпрыгожана. У Расіі вядома з пач. 18 ст. 2) Від коннага спаборніцтва, які замяніў рыцарскія турніры. Найчасцей суправаджаўся алегарычнымі танцамі і тэатр. прадстаўленнямі на гіст. сюжэты. Найб. пашырыўся ў Італіі і Францыі ў 17 ст., у Расіі вядомы ў 18 ст. К. у цырку — рух па арэне груп коней насустрач адна адной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНІ́ЦЫ (Rubus saxatilis),
кветкавыя расліны сям. ружавых. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, на Беларусі — усюды. Трапляюцца ў лясах, зарасніках хмызняку, на лугавых схілах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см з прамастойнымі кветаноснымі сцёбламі, укрытымі шыпамі і валаскамі. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы), якія сцелюцца і ўкараняюцца. Лісце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае. Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматкасцянка з ярка-чырв. сакаўных кіслых плодзікаў. Харч. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́ША (Larus fuscus),
птушка сям. чайкавых атр. сеўцападобных. Пашырана на марскіх узбярэжжах і вял. азёрах Еўропы. На Беларусі трапляецца на пралётах вясной (сярэдзіна крас.—пач. чэрвеня) і восенню (вер.—ліст.) на буйных азёрах і рэках.
Даўж. да 58 см, маса да 1200 г. Апярэнне белае, акрамя цёмна-шызай спіны і крылаў. Дзюба вял., моцная, ярка-жоўтая з чырв. плямай. Ногі лімонна-жоўтыя. Гняздуе на прыбярэжных скалах і астраўках, часта калоніямі. Нясе 2—3 яйцы. Усёедныя.