каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс.чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЗКО́ЎСКІ ((Idźkowski) Адам) (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),
польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св.Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш. Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).
В.Ф.Марозаў.
А.Ідзкоўскі.А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.
Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супраць акупац.эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач.вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач.студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням. войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТАБІ́ЛЬНЫ СТАН (ад мета... +лац. stabilis устойлівы),
адносна ўстойлівы стан сістэмы, з якога яна можа перайсці ў больш устойлівы стан (напр., асн.) пад уздзеяннем знешніх узбурэнняў ці самаадвольна. 1) М.с. тэрмадынамічных сістэм — стан няўстойлівай раўнавагі (гл.Раўнавага тэрмадынамічная). Існаванне М.с. абумоўлена асаблівасцямі кінетыкі фазавых пераходаў. У такім стане знаходзяцца, напр., перагрэтая вадкасць — вадкасць, т-ра якой большая за т-ру кіпення пры дадзеным ціску; перахалоджаная (перасычаная) пара — пара, т-ра якой ніжэйшая за т-ру кандэнсацыі пры дадзеным ціску; перанасычаны раствор — раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю насычанага раствору пры дадзенай т-ры.
2) М.с. квантавых сістэм — узбуджаны энергетычны стан атамнай сістэмы (атама, малекулы, атамнага ядра), у якім яна можа існаваць адносна працяглы час. Пераходы з такіх станаў у станы з меншай энергіяй, якія суправаджаюцца выпрамяненнем фатонаў, забаронены адбору правіламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ХНА,
у грэчаскай міфалогіі лідыйская дзяўчына-рукадзельніца, мастацтвам якой захапляліся німфы р. Пактола. На спаборніцтва ў ткацтве яна выклікала Афіну, але тая ператварыла Арахну ў павука, які няспынна тчэ сваю павуціну. Гэты сюжэт выкарыстаны ў карцінах П.Рубенса, Я.Тынтарэта, П.Веранезе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСО́НА ГРА́ТА (лац. persona grata пажаданая асоба) у дыпламатычнай практыцы, асоба, на прызначэнне якой кіраўніком дыпламат. прадстаўніцтва дададзена згода ўрада той дзяржавы, куды яна накіроўваецца. П.г. лічыцца дыпламат. работнік, які атрымаў дазвол на ўезд у краіну свайго знаходжання (уязная віза). Гл. таксама Агрэман, Акрэдытаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,
даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму янаназ.дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́Е,
гідралагічны заказнік ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы Крывога возера і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 1,1 тыс.га.
Размешчаны на Пд У Полацкай нізіны, 17 % вадазборнай пл. ўкрыта лесам, месцамі яна забалочана. Лясы хваёвыя і яловыя, на забалочаных участках бярэзнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІТЫ́МНАСЦЬ (ад лац. legitimus законны) палітычнай улады, прызнанне народам і паліт. сіламі краіны правамернасці, законнасці паліт. улады, яе інструментаў, механізмаў дзейнасці, а таксама спосабаў яе ўсталявання. Л. улады не з’яўляецца прававым працэсам і не валодае юрыд. функцыямі; яна нефармальна фіксуе ўжо існуючы факт прызнання ўлады народам.