МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.

Т.Л.Мішчышына.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРЫ́НКА, шарманка,

механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст. ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.

Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.

Катрынка.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ КАРАЛЕ́ЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,

прамысловыя прадпрыемствы, заснаваныя ў 2-й пал. 18 ст. ў Гродзенскай эканоміі і Берасцейскай эканоміі па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Налічвалася 21 прадпрыемства, у т. л. 8 у Гродне — па вырабе метал. прадметаў, ігральных картаў (абодва з 1760), пацерак, карункаў; збройнае, гарматнае, камлотнае і паркаленабіўное; 8 на Гарадніцы (цяпер у межах Гродна) — залататкацкае (1779—83, 30 работнікаў), карэтнае (1770—83, 50 работнікаў), гарбарня (1777—1860, 50 работнікаў), па вырабе палатна (1770—1845, 30 работнікаў), фарбавальнае (1770—94), па вытворчасці сукна (1770—94, 150 работнікаў), панчох (1768—83, 50 работнікаў) і шаўкаткацкае (1770—1888, 150 работнікаў). Суконна-капялюшная мануфактура знаходзілася ў Азёрах (да 1845), тонка-суконная (1766—1860, 30 работнікаў) — у Ласосне (3 км ад Гродна, пры ўпадзенні р.Ласосна ў Нёман), астатнія — у Брэсцкай эканоміі. У 1766 заснавана «Кампанія шарсцяных мануфактур», якая адкрыла суконныя мануфактуры ў Гарадніцы, Ласосне, Брэсце. Буйнейшая ў Гарадніцы мануфактура мела прадзільнае, ткацкае, валяльнае, стрыгальнае, варсавальнае і фарбавальнае аддзяленні, прадзільні з ням. і галандскімі верацёнамі, 40 ткацкіх станкоў і інш. абсталяванне. У 2-й пал. 18 ст. Гродна стала буйным цэнтрам маст. ткацтва ў Беларусі (ткалі дываны, шаўковыя, «літыя» паясы). На карэтнай мануфактуры выраблялі дарагія экіпажы і збрую; на залататкацкай — тонкія залатыя і сярэбраныя ніткі, ордэны, галуны, ювелірныя вырабы; на мануфактуры метал. вырабаў — жалезныя і медныя цвікі, замкі, рыдлёўкі, дзвярныя завесы, напільнікі, іголкі, шпількі інш.; на панчошнай — шарсцяныя і шаўковыя шкарпэткі і інш. Усяго на мануфактурах працавала каля 1500 чал. і столькі ж было падручных рабочых і надомных прадзільшчыц. Рабочых пераважна набіралі прымусова з сем’яў прыпісных дзярж. сялян, існавала практыка вольнага найму. Кіравалі мануфактурамі кваліфікаваныя майстры, часцей наёмныя з Францыі, Швейцарыі, Германіі, Расіі і інш. (каля 70 чал.). У 1780—90-я г. большасць прадпрыемстваў закрылася (прадукцыя не мела збыту, 1790 дэфіцыт мануфактур склаў 190 тыс. злотых). Пасля далучэння зах. часткі Беларусі да Рас. імперыі дзейнасць некат. мануфактур адноўлена з выкарыстаннем наёмнай працы.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)