ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.

Літ.:

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК РАСЛІ́Н,

група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.

Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. У межах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.

Л.​М.​Прыступук.

Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТА́ЦЫІ (ад лац. mutatio змяненне, змена),

раптоўныя, натуральныя або выкліканыя штучна спадчынныя змены генетычнага матэрыялу, якія прыводзяць да змены прыкмет арганізма. Уласцівы ўсім формам жыцця. Бываюць прамыя (іх праяўленне прыводзіць да адхілення прыкмет дзікага тыпу) і зваротныя (поўнасцю або часткова аднаўляецца дзікі тып); генератыўныя (адбываюцца ў палавых клетках і перадаюцца наступным пакаленням), саматычныя (адбываюцца ў інш. клетках арганізма і перадаюцца ў спадчыну пры вегетатыўным размнажэнні), ядзерныя (закранаюць храмасомы ядра), цытаплазматычныя (закранаюць генет. матэрыял у арганоідах клеткі — мітахондрыях, пластыдах і інш.). У залежнасці ад характару змен у генет. матэрыяле адрозніваюць М.: кропкавыя, інсерцыі, храмасомныя перабудовы (аберацыі) і М. са зменай колькасці храмасом. Кропкавыя М. — устаўкі ці выпадзенні і змены пары нуклеатыдаў ДНК (або нуклеатыду РНК); яны зменьваюць функцыю некат. генаў. Інсерцыі — устаўкі малекул ДНК у ген, прыводзяць да яго інактывацыі або да моцнага палярнага эфекту. Храмасомныя перабудовы ўзнікаюць у выніку рэкамбінацыі негамалагічных участкаў генет. матэрыялу. Змены колькасці храмасом у клетках арганізма бываюць кратныя (поліплаідыя, гаплаідыя) і не кратныя гаплоіднаму набору (анеўплаідыя). Часта М. таксама падзяляюць на генныя (усе кропкавыя М.), храмасомныя і геномныя (змена колькасці храмасом). У залежнасці ад фенатыпічных праяўленняў адрозніваюць М. марфал., біяхім., лятальныя, дамінантныя, рэцэсіўныя і інш. Індуцыраваныя М. ўзнікаюць ад выкліканага ўздзеяннем мутагенаў парушэння нармальных працэсаў рэдуплікацыі, рэкамбінацыі, рэпарацыі або разыходжання носьбітаў генет. інфармацыі. Спантанныя М. ўзнікаюць як памылкі пры ўзнаўленні генет. матэрыялу (рэдуплікацыя не адбываецца з абс. дакладнасцю, а працэсы рэпарацыі не бываюць абс. эфектыўныя). Іх частата генетычна абумоўлена ў кожнага віду і падтрымліваецца на аптымальным узроўні. Большасць М. шкодныя — мутантны ген можа выклікаць спадчыннае захворванне, выродлівасць або гібель арганізма, што развіваецца. Генныя М., якія паляпшаюць уласцівасці, узнікаюць рэдка. Яны Даюць матэрыял Для натуральнага і штучнага адбору і з’яўляюцца неабходнай умовай эвалюцыі ў прыродзе і селекцыі карысных форм раслін, жывёл і мікраарганізмаў.

Літ.:

Щербаков В.К. Мутации в эволюции и селекции растений. М., 1982;

Бочков Н.П., Чеботарев А.Н. Наследственность человека и мутагены внешней среды. М., 1989.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БІБЛІЯТЭ́КА ў Санкт-Пецярбургу,

адна з найбуйнейшых бібліятэк у свеце, старэйшая навук. б-ка Расіі; установа са статусам НДІ ў галіне кніга-, бібліятэка- і бібліяграфазнаўства, рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў; цэнтр міжнар. кнігаабмену. Засн. ў 1714. Аснову фондаў (каля 18 тыс. кніг) склалі кнігі і рукапісы царскіх б-к і б. Аптэкарскага прыказа, вывезеныя ў 1712 з Масквы, зборы Пятра I і інш. прыватных асоб. У 1772 сюды паступіла вывезеная з Нясвіжа б-ка Радзівілаў (каля 15 тыс. кніг). З 1725 б-ка падначалена Пецярбургскай АН і стала яе першай навук. установай. З 1783 атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх друкаваных у Рас. імперыі выданняў. З 1925 наз. Б-ка АН СССР, з 1992 Б-ка Рас. АН. Кніжныя фонды ўсяго комплексу каля 20 млн. экз. (2000), больш за 40% складаюць замежныя навук. выданні. Захоўваюцца унікальныя зборы рукапісных кніг (каля 20 тыс. экз.), у т. л. Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, Нікіфараўскі, Акадэмічны, Супрасльскі спісы бел.-літ. летапісаў 1446, пераклады візантыйскіх і зах.-еўрап. хронік (у т. л. «Хроніка...» М.​Стрыйкоўскага, 16 ст.), творы апалагетаў стараверства (у т. л. аўтограф пратапопа Авакума), вял. «заходнярускі» Хранограф 2-й чвэрці 17 ст., Служэбнік архірэйскі 1-й пал. 16 ст. з тэкстам Цвярскога перапісу (рукапіс з «заходнярускімі» палеаграфічнымі прыкметамі). Ёсць стараж. бел. і «заходнярускія» літургічныя, царкоўна-рэліг., гіст. рукапісы, у т. л.: фрагмент «Евангелля апракас» 13—14 ст. з паметай супрасльскага архімандрыта Яўстафія; «Апостал» з тлумачэннямі 15 ст. з укладным запісам 1460 А.​Солтана, гаспадарскага маршалка; «Дзесяціглаў» — арыгінальны біблейскі звод, складзены і напісаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі; Евангелле-тэтр Дабрахотаўскае пач. 16 ст. з укладнымі запісамі Ляшчынскаму манастыру; гіст. зборнік епіскапа Паўла 16 ст. з летапіснымі выпіскамі і палемічнымі творамі; гіст. зб-к 1546 з б-к Супрасльскага, пазней Жыровіцкага манастыроў; «Палея» сярэдзіны 16 ст., «Пандэкты» Нікана Чарнагорца 16 ст.; «Сказанне аб Жыровіцкім абразе Маці Боскай» 17 ст.; зборнік з творамі Максіма Грэка 2-й пал. 16 ст., напісаны заходнярус. паўуставам; «Статут ордэна базыльян» 17 ст., «Зярцала багаслоўя» Кірылы Транквіліёна, спіс дзяка Гладовіча ў Шышаве 1641, Пінскі зб. 1-й пал. 17 ст., збор казанняў полацкіх езуітаў 1669—72, Слуцкі кодэкс «Гісторыі Польшчы» Я.​Длугаша (кн. 1—9); «Статут Вялікага княства Літоўскага», перапісаны ў 1613 для Л.​Юцінскага; збор з дакумент. матэрыяламі 17—18 ст. Жыровіцкага манастыра; творы І.​Кунцэвіча і інш. царк. і грамадз. дзеячаў, палемістаў 17—18 ст. Некат. бел. рукапісы ўвайшлі ў Нёманскі і Дзвінскі зборы б-кі. Многія стараж. бел. рукапісы паходзяць са збораў епіскапа Паўла (Дабрахотава). У рукапісным аддзеле вял. картатэка апісанняў рукапіснай кніжнасці 11—17 ст., складзеная акад. М.​К.​Нікольскім. У зборах аддзела рэдкай кнігі захоўваюцца бел. старадрукі (выданні брацкіх, рэфармацыйных, каталіцкіх і прыватных друкарняў), у т. л. 18 экз. выданняў Ф.​Скарыны, некалькі экзэмпляраў Брэсцкай бібліі 1563, «Трэнас» 1610 і «Абарона апраўдання» 1621 М.​Сматрыцкага, «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (выд. ў Вільні ў 1619), «Святога Юстына філосафа і пакутніка размова» (Нясвіж, 1564), «Вобраз мужнага героя, шчыра вернага Айчыне Паўла Яна Сапегі» (Вільна, 1667), «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» 1614 і 1616 (6 экз.), панегірык Я.​Карніцкага, творы бел.-ўкр. пісьменніка І.​Дубовіча, І.​Руцкага, І.​Пацея і інш. У асабістай калекцыі Пятра 1 захоўваюцца рэдкія бел. выданні: «Дыёптра, ці Зярцала» (Куцейна, 1651), «Неба новае» (Магілёў, 1699) Іаанікія Галятоўскага, «Духоўныя размовы» (Вільна, 1627) Макарыя Егіпецкага і інш. Агульная колькасць рус. і іншаземнай рукапіснай кнігі на пергаменце і паперы — каля 20 тыс. адзінак захавання. Найб. рэдкіх і каштоўных выданняў каля 270 тыс. экз. (ад пач. кнігадрукавання да 20 ст.), інкунабул каля 800 экз., заходнееўрап. кніг 16 ст. больш за 10 тыс. экз. (разам з філіяламі больш за 15 тыс.), заходнееўрап. выданняў 17—20 ст. разам з Бэраўскім фондам і інш. зборамі замежнага фонду больш за 100 тыс. У сектары рэдкай кнігі захоўваюцца таксама выданні 18—1-й чвэрці 19 ст., у т. л. надрукаваныя ў Магілёве і Полацку польскамоўныя календары і інш. выданні, зборы «вольнага друку» — рускамоўныя замежныя выданні; нелегальны і забаронены друк 19 — пач. 20 ст. У сектары картаграфіі багаты збор карт і атласаў 16—20 ст. (каля 128 тыс. экз.). Бел. фонд славянскага аддзела налічвае каля 1048 экз. кніг і 105 экз. перыяд. выданняў. У ім сабрана амаль усё надрукаванае на бел. мове да 1930, у т. л. маст. л-ра: паэма «Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» Ф.​Багушэвіча (1891), публіцыстыка пач. 20 ст. і інш. У лют. 1988 ад пажару найб. пацярпеў самы каштоўны фонд замежнай кнігі (188 тыс. экз.). Усяго сапсавалася або загінула каля 3,6 млн. экз. кніг і газет. У сістэме б-кі 40 філіялаў і спецыялізаваных аддзелаў пры ін-тах Рас. АН. Б-ка з’яўляецца таксама інфармацыйна-бібліягр. цэнтрам, выдае серыю «Кніга ў Расіі ў XVIII — пач. XIX ст.» і даведнікі «Бібліяграфія выданняў Акадэміі навук», «Шкодныя рэчывы ў навакольным асяроддзі», «Рускі фальклор», «Паказальнік зместу рускіх дарэвалюцыйных газет» і інш. Праводзіць доследы па палеаграфіі, археаграфіі, гісторыі кнігі. Выдае манаграфіі, навук. апісанні рукапісаў, друкаваныя каталогі асобных збораў і калекцый.

Літ.:

История Библиотеки АН СССР, 1714—1964. М.; Л., 1964;

Материалы и сообщения по фондам отдела рукописной и редкой книги Библиотеки АН СССР. [Вып. 1—3). М ;

Л., 1966—87;

Пергаментные рукописи Библиотеки АН СССР: Описание рус. и слав. рукописей XI—XVI вв. Л., 1976;

Комарова В.П. Славянский фонд Библиотеки АН СССР и его отражение в каталогах. Л., 1987;

Описание рукописного отдела Библиотеки АН СССР. Т. 3—8. Л., 1959—89;

Николаев Н.В. Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;

Книга в России XVI — середины XIX в.: Материалы и исслед.: Сб. науч. тр. Л., 1990.

Г.​Я.​Галенчанка, М.​В.​Нікалаеў, А.​А.​Савельева.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)