БЮФО́Н ((Buffon) Жорж Луі Леклерк дэ) (7.9.1707, г. Манбар, Францыя — 16.4.1788),
французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1733), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). Дырэктар Бат. сада ў Парыжы (з 1739). У навук. працах «Натуральная гісторыя» і «Тэорыя Зямлі» выказаў меркаванні аб развіцці зямнога шара і яго паверхні, аб адзінстве будовы арган. свету. Адстойваў ідэю аб зменлівасці відаў пад уплывам умоў асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПО́ДЫ [ад анты... + грэч. pus (podos) нага],
1) жыхары дыяметральна процілеглых пунктаў на паверхні зямнога шара. У пераносным сэнсе — людзі з процілеглымі поглядамі, густамі або рысамі характару.
2) Антыподы ў біялогіі — клеткі, размешчаныя ў процілеглым яйцаваму апарату (яйцаклеткі і сінергіды) краі зародкавага мяшка пакрытанасенных раслін. Колькасць іх ад 1 да 300 (часцей 3). Нярэдка антыподы моцна разрастаюцца і садзейнічаюць перадачы пажыўных рэчываў з тканак семязавязі зародку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАСФЕ́РА (ад бія... + геасфера),
абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.К.Яфрэмаў (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗІ́НА, нізінная раўніна,
участак сушы значнай працягласці, размешчаны не вышэй за 200 м над узроўнем мора з раўніннай, часам узгорыстай паверхняй. Існуюць у раўнінных і горных абласцях; некаторыя размешчаны ніжэй узроўню мора (Прыкаспійская Н.). Фарміруюцца пераважна ў выніку тэктанічных апусканняў і запаўнення ўпадзін рыхлымі марскімі або кантынентальнымі адкладамі. Найб. значная Н. зямнога шара — Амазонская. На Беларусі Н. займаюць 3/4 тэрыторыі. Найб. Н.: Палеская, Нёманская, Полацкая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,
клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 oС, у зімовыя месяцы — да 10—15 oС. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх.ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́ прастора, у якой дзейнічаюць сілы зямнога магнетызму. На адлегласці ≈3R🜨 (дзе R🜨 — радыус Зямлі) адпавядае прыблізна полю аднародна намагнічанага шара па восі, якая адхіляецца ад восі вярчэння Зямлі на 11,5°, з напружанасцю поля ≈55,7 А/м каля магнітных полюсаў Зямлі і 33,4 А/м на магн. экватары. На адлегласці >3R🜨 М.п.З. мае больш складаную будову (гл.Магнітасфера). Назіраюцца векавыя, сутачныя і нерэгулярныя змены (варыяцыі) М.п.З., у т. л.магнітныя буры.
Характарызуецца магнітнай індукцыяй. З’яўляецца сумай палёў: дыпольнага (створанае аднароднай намагнічанасцю шара), недыпольнага (поле мацерыковых анамалій), анамальнага (абумоўленае намагнічанасцю верхняй ч. зямной кары), поля, звязанага з вонкавымі прычынамі, поля варыяцый. Галоўнае М.п.З. складаецца з дыпольнага і мацерыковага, нармальнае — з гал. і вонкавага, назіраемае — з нармальнага і анамальнага магн. палёў.
На Беларусі модуль нармальнага магн. поля складае каля 50 тыс. нТл, схіленне ўсходняе каля 5°, нахіленне дадатнае на Пн каля 70°. Лакальныя анамаліі 2 тыс.—3 тыс. нТл. Макс. значэнне анамальнага поля 7,5 тыс. нТл назіраецца ў раёне в. Навасёлкі Гродзенскай вобл. над пакладамі ільменіт-магнетытавых руд. Гл. таксама Магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭ́ЛЫ (Brucella),
род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °C праз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІГЕНІ́ЗМ (ад полі... +грэч. genos род, паходжанне),
антрапалагічная тэорыя, паводле якой розніца паміж расамі чалавека настолькі вялікая, што яны з’яўляюцца рознымі біял. відамі, якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў розных частках зямнога шара ад розных форм гамінідаў; процілегласць монагенізму. Негрунтоўнасць (памылковасць) П. даказана падабенствам рас сучаснага чалавецтва па комплексе важнейшых адзнак (будова рукі, ступні, галаўнога мозга, біяхім. паказчыкі і інш.) і неабмежаванымі магчымасцямі змешвання рас паміж сабой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААЛІ́ТЫ [ад аа... + літ(ы)],
шара- або эліпсападобныя мінер. ўтварэнні з вуглякіслага кальцыю, вокіслаў і сілікатаў жалеза і марганцу, кальцыту, даламіту і інш. Памер ад 0,05 да 25 мм, канцэнтрычна-шкарлупінападобнай, часам радыяльна-прамяністай і складанай будовы. Ядром аалітаў могуць быць абломкі ракавін, пясчынкі і інш. Утвараюцца ў морах, цёплых крыніцах у выніку калоідна-хім. і біяхім. працэсаў. Трапляюцца ў вапняках і як разнавіднасць жалезных рудаў. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыю, ардовіку, дэвону, юры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕТЭО́Р»,
1) расійская метэаралагічная касм. сістэма. Складаецца з ШСЗ«Космас» і «М.», пунктаў прыёму, апрацоўкі і распаўсюджвання метэаінфармацыі, службы кантролю і кіравання бартавымі сістэмамі ШСЗ. Прызначана для збору метэаінфармацыі, а таксама навук. даследаванняў. Распрацавана ў СССР, функцыянуе з 1967.
2) Серыя метэаралагічных ШСЗ. Тэлевізійная і інфрачырвоная апаратура, устаноўленая на «М.», дае магчымасць за 1 абарот вакол Зямлі атрымліваць інфармацыю з 20% плошчы зямнога шара. З сакавіка 1969 запушчана больш за 50 «М.».