КРЭ́НКЕЛЬ (Эрнст Тэадоравіч) (24.12.1903, г. Тарту, Эстонія — 8.12.1971),
савецкі палярнік. Д-ргеагр. навук (1938). Герой Сав. Саюза (1938). З 1969 дырэктар НДІ гідраметэаралагічнага прыладабудавання. Радыст на палярных станцыях Матаччын Шар (1924—25, 1927—28), бухта Ціхая (1929—30), мыс Алавяны (1935—36), в-аў Дамашні (1936). Удзельнік арктычных экспедыцый на дырыжаблі «Граф Цэпелін» (1931), суднах «Сібіракоў» (1932), «Чэлюскін» 1933—34); радыст першай дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс» (1937—38). У 1927 здзейсніў радыёсувязь на кароткіх хвалях, устанавіў сусв. рэкорд далёкай радыёсувязі паміж Зямлёй Франца-Іосіфа і Антарктыдай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ,
манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГАЛІ́НЫ,
яшчары (Pholidota), атрад млекакормячых. Вядомы з плейстацэну (каля 2 млн.г. назад). 1 сям., 1 род, 7 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Паўд. Афрыцы. Жывуць у лясах, саваннах. Большасць відаў наземныя, ёсць дрэвавыя формы. Актыўныя ўначы. Пры небяспецы скручваюцца ў шар.
Даўж. цела да 88 см, хваста да 80 см, маса да 27 кг. Цела зверху і з бакоў укрыта вял. рагавымі пласцінкамі. Канечнасці пяціпальцыя, з вял. кіпцюрамі. Морда падоўжаная. Язык чэрвепадобны, ліпучы, даўж. да 40 см; з яго дапамогай П. кормяцца мурашкамі і тэрмітамі. Нараджаюць 1, зрэдку 2—3 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НА (Viburnum),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).
Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДБЕ́КІЯ (Rudbeckia),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў 17 ст. Лёгка дзічэюць. На Беларусі ў лугавых згуртаваннях, каля жылля, дарог, па берагах рэк трапляюцца Р. рассечаная (R. laciniata) і шурпатая (R. hirta). У культуры вырошчваюць Р.: бліскучую (R. fulgida), глянцавітую (R. nitida), двухколерную (R. bicolor), Залаты Шар (махровы сорт Р. рассечанай), рассечаную, шурпатую і інш.
Адна-, двух- ці шматгадовыя карэнішчавыя травы. Сцёблы высокія, разгалінаваныя, голыя або апушаныя, Лісце суцэльнае ці перыстараздзельнае. Кветкі ў буйных адзіночных кошыках з камбінаванай жоўтай, пурпуровай і карычневай афарбоўкай. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,
рухавік унутранага згарання, які стварае рэактыўную цягу ў выніку выцякання з яго струменя рабочага цела. Кінетычная энергія струменя ствараецца выкідам праз сапло распаленых газаў у выніку гарэння рабочага цела (рэактыўнага і ракетнага паліва). У энергію рэактыўнага струменя можа пераўтварацца таксама ядз., эл. і сонечная энергія. Р.р. спалучае ў сабе ўласна рухавік і рухач, г зн. з’яўляецца рухавіком прамой рэакцыі: сіла цягі прыкладзена непасрэдна да корпуса і забяспечвае перамяшчэнне яго ў бок, процілеглы напрамку выцякання струменя. Адрозніваюць рэактыўныя ракетныя рухавікі (сілкуюцца толькі палівам і акісляльнікам, што знаходзіцца на лятальным апараце) і паветрана-рэактыўныя рухавікі (выкарыстоўваюць таксама кампаненты навакольнага асяроддзя — кісларод атм. паветра). Бываюць і камбінаваныя Р.р. — ракетна-праматочныя, ракетна-турбінныя і інш.
Прынцып рэактыўнага руху вынайдзены Геронам Александрыйскім (1 ст.н.э.), першыя цвердапаліўныя Р.р. (парахавыя ракеты) з’явіліся ў Кітаі (каля 10 ст.). Ідэю шматступеньчатай ракеты, ракетных батарэй, тэхналогію вырабу порахаў і інш. пытанні рэактыўнай артылерыі абгрунтаваў бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч (17 ст.). Схему лятальнага апарата з парахавым Р.р. склаў М І.Кібальчыч (1881), Р.р. на вадкім паліве прапанаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Стварэнню Р.р. спрыялі навук, працы М.Я.Жукоўскага, І.У.Мяшчэрскага, Б.С.Сцечкіна, франц. вучонага Р.Эно-Пельтры і інш. Р.р. розных канструкцый распрацавалі Ф.А.Цандэр, А.М.Люлька, С.П.Каралёў, В.П.Глушко, Г.Оберт, Р.Годард, Ф.Уітл (Вялікабрытанія) і інш.
Рэактыўны рухавік: а — паравы шар Герона Александрыйскага (1 — трубкі для падводу пары, 2 — выхлапныя трубкі, З — полы шар, які круціцца ад рэактыўных струменяў); б — парахавы рухавік на кітайскай вогненнай страле (1 — порах, 2 — папяровая гільза, З — запальны састаў), в — прынцыповая схема турбарэактыўнага рухавіка (у параўнанні з 4-тактавым поршневым рухавіком).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНЕРЭ́Н (Garnerin),
сям’я французскіх паветраплавальнікаў і парашутыстаў. Андрэ Жак (31.1.1769, Парыж — 18.8.1823), пілот паветранага шара і парашутыст. Ажыццявіў шэраг паветр. палётаў у Еўропе, у т. л. першыя паветр. палёты ў Расіі (1803, Пецярбург, Масква). Выкарыстаў паветр.шар у ваен. мэтах у час франц.рэв. войнаў (1794). Ажыццявіў першы ў свеце скачок з парашутам з вышыні каля 600 м (1797, Парыж), потым з вышыні 2400 м (1802, Англія). Жан Батыст Аліўе (1775, Парыж — 1846), брат Андрэ Жака, вынаходнік і парашутыст. Удасканаліў парашут брата: паменшыў яго масу і павялічыў грузападымальнасць. Вынайшаў паплаўковы парашут для скачкоў у ваду. Жанна Жэнеўева (1775—1846), жонка Андрэ Жака, першая жанчына паветраплавальніца і парашутыстка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДАЎ (Іван Ільіч) (22.1.1902, с. Бабіна Цвярской вобл., Расія — 6.11.1959),
расійскі архітэктар. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1927; вучыўся ў А.А.Весніна); выкладаў у ім (1928—30). Адзін з кіраўнікоў Аб’яднання сучасных архітэктараў. Зрабіў значны ўклад у архітэктуру канструктывізму. У работах (Ін-т бібліятэказнаўства, 1927; дом Цэнтрасаюза, 1928; абодва ў Маскве; пасёлак новага тыпу пры Магнітагорскім горнаметалургічным камбінаце, 1930) выкарыстоўваў маст. магчымасці простых геам. форм (шар, конус) і на іх аснове ствараў прасторавыя кампазіцыі з ужываннем новых канструкцый. Горадабудаўнічым праектам уласцівы макс. выкарыстанне прыродных умоў, аддзяленне вытв. зоны ад жылой, свабодная планіроўка, забудова гарадоў дамамі малапавярховымі аблегчанай канструкцыі і шматпавярховымі вежавымі.
Літ.:
Александров П.А., Хан-Магомедов С.О. Иван Леонидов. М., 1971.
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1962). Першая кніга — зб. апавяданняў «Вялікі шар» (1963). У зб-ках апавяданняў «Аптэкарскі востраў» (1968), аповесцяў «Дачная мясцовасць» (1967), «Спосаб жыцця» (1972), «Дні чалавека» (1976), «Нядзельны дзень» (1980), цыкле аповесцяў «Роля» (1976), раманах «Малады Адоеўцаў» (1976), «Пушкінскі дом» (1987), «Апантаныя» (ч. 1—3, 1995) і інш. — філас.-этычныя і эстэт. праблемы, унутраны свет сучаснага інтэлігента. Для стылю пісьменніка характэрна спалучэнне белетрыстыкі і эсэістыкі, прасякнутай лірызмам. Аўтар дзённікаў-падарожжаў («Адна краіна», 1961; «Урокі Арменіі», 1967—68; «Азарт», 72), літ.-біягр. партрэтаў («Падарожжа да сябра дзяцінства», 1966), нататкаў пра л-ру і мастацтва («Выбар натуры», 1971—73; «Ахілес і чарапаха», 1975), філас.-публіцыстычных нарысаў («Птушкі, або Новыя звесткі пра чалавека», 1971—75, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІХ ВЯТРО́Ў ЦЯЧЭ́ННЕ,
паверхневае цячэнне ў Паўд. паўшар’і. Напрамак цячэння з З на У паміж 40° і 55°паўд. ш., абкружае зямны шар, перасякаючы Атлантычны, Індыйскі і Ціхі акіяны, у якіх адпаведна адгаліноўваюцца халодныя цячэнні Бенгельскае, Заходне-Аўстралійскае і Перуанскае. Працягласць да 30 тыс.км, шыр. каля 1000 км. Утвараецца ў паверхневым слоі пад уздзеяннем пераважных у гэтых шыротах зах. вятроў. Стрыжань цячэння супадае з паўд. палярным фронтам, які аддзяляе адносна цёплыя воды паўд.ч. Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. ад халодных антарктычных вод. Скорасць 0,4—0,9 км/гадз. Т-ра вады паверхневага слоя 12—15 °C у паўн.ч. цячэння і 1—2 °C у паўднёвай. Салёнасць адпаведна ад 35‰ да 34‰ Зону З.В.ц. з-за частых і моцных штормаў наз. «равучымі саракавымі» шыротамі.