КАЛІ́НА (Viburnum),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. о. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).

Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)