КАМІ́ЦЫІ (лац. comitia),

нар. сходы ў Стараж. Рыме, на якіх выбіралі службовых асоб, прымалі законы, вырашалі пытанні вайны і міру. Было 3 віды: курыятныя К. — сходы па курыях, цэнтурыятныя К. — па цэнтурыях, трыбутныя К. — сходы ўсіх грамадзян па тэрытарыяльных акругах (трыбах). Склікаліся ў вызначаныя дні і ў спец. месцах, якія рымляне лічылі свяшчэннымі (напр., на Марсавым полі, Форуме). Функцыі К. абмежаваў Сула, у часы Аўгуста яны страцілі сваё значэнне.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБІЛІТЭ́Т (ад лац. nobilitas знаць),

у Рымскай рэспубліцы замкнутае кола патрыцыянскіх і знатных плебейскіх сем’яў, якое сфарміравалася да пач. 3 ст. да н.э. Паводле традыцыі толькі прадстаўнікі Н. маглі займаць вышэйшыя дзярж. пасады. Н. быў захавальнікам паліт. традыцый арыстакратычнай рэспублікі, але з яго асяроддзя выходзілі і апазіцыйныя палітыкі. У часы імперыі страціў былое значэнне. У больш шырокім значэнні, у т. л. ў стараж. аўтараў, Н. — «знаць», у процілегласць «народу», «чэрні».

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСІ́ЛАК», «Вялікі камень»,

помнік прыроды Беларусі. За 200 м на У ад в. Белая Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці. Ледавіковы валун ружовага граніту з авоідамі палявога шпату (выбаргіт). Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 35 м³, вага каля 90 т. Прынесены ледавіком з паўд. часткі Балтыйскага шчыта (ваколіц г. Выбарг Ленінградскай вобл.) каля 300 тыс. г. назад. У язычніцкія часы — культавы валун.

В.​Ф.​Вінакураў.

Валун «Асілак».

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНШЧЫ́К,

1) у мінулыя часы ў шэрагу армій (герм., аўстра-венг., італьян., франц., рас. і інш.) салдат (матрос), які знаходзіўся пры генерале, адмірале, афіцэру або ваен. чыноўніку ў якасці прыслугі. У Расіі Дз. з’явіліся пры цару Міхаіле Фёдаравічу і прызначаліся для выканання розных даручэнняў на адзін дзень (адсюль назва); з канца 17 ст. пастаянная прыслуга. На караблях рас. ВМФ абавязкі Дз. фактычна выконваў веставы.

2) Афіцэр світы Пятра I, які выконваў яго асобыя даручэнні.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІЛЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Завілейская Літва,

назва ў бел. летапісах 15—17 ст. тэрыторыі каля р. Вілія ў больш раннія часы. Дакладнае месцазнаходжанне не вызначана. У «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» і Хроніцы Быхаўца гаворыцца, што жамойцкія князі рухаліся па З.з. з ПнЗ на Пд і ПдУ, гэта значыць па тэр. на Пд ад р. Вілія. У некат. месцах летапісаў гэта тэр. названа Завілейскай Літвой. У інш. летапісах пад З.з. разумелі правабярэжжа Віліі (на Пн ад яе).

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПА́,

1) часовая ўкладка сена ці саломы ў кучу.

2) У беларусаў, палякаў, рускіх і ўкраінцаў адзінка лічэння, роўная 60 (60 снапоў, яек, агуркоў і інш.).

3) Грашовая адзінка, якая адпавядала 60 грошам. Была пашырана ў Беларусі ў 14—18 ст. У 17 ст. адпавядала 75 польскім грошам або 50 рус. капейкам.

4) На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму сход сялян, які разглядаў суд. справы (гл. Копны суд) і зямельныя спрэчкі.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДАКІ́», будакі-паны,

група насельніцтва бел. паходжання на тэр. б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.

І.​В.​Карашчанка.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОПШ ((Dopsch) Альфонс) (14.6.1868, г. Ловасіцы, Чэхія — 1.9.1953),

аўстрыйскі гісторык. Праф. Венскага ун-та (1900—38). Аўтар прац «Эканамічнае развіццё ў эпоху Каралінгаў, галоўным чынам у Германіі» (т. 1—2, 1912—13), «Эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнага развіцця Еўропы ад часоў Цэзара да Карла Вялікага» (т. 1—2, 1918—20), «Натуральная гаспадарка і грашовая эканоміка ў сусветнай гісторыі» (1930), «Улада і селянін у часы Германскай імперыі» (1939) і інш., у якіх сцвярджаў бесперапыннасць гіст. працэсу ад антычнасці да сярэдневякоўя.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)