Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІЛУ́Я (ад стараж.-яўр. халелуя хваліце Бога),
у хрысціянскім богаслужэнні прыпеў царк. песнапення, ва іудаізме заклік да ўхвалення Бога. Часта трапляецца ў псалмах Давіда, Старым і Новым Запаветах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГАТУ́РА,
зліццё дзвюх літар у асобных словах, пры якім элемент адной літары з’яўляецца агульным для наступнай: «AE» у «Æ», «OE» у «Œ» і г.д.Часта сустракаецца ў кругавых легендах манет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ВЫЛІЧЭ́ННЕ,
атрыманне набліжаных рашэнняў розных матэм. задач (напр., задач, якія ўзнікаюць пры матэматычным мадэліраванні рэальных працэсаў і з’яў). Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы, касманаўтыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя задачы Н.в.: рашэнне алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, а таксама сістэм такіх ураўненняў; набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый, набліжанае дыферэнцаванне, набліжанае інтэграванне і інш. Для рашэння пэўнай матэм. задачы выбіраецца (ці будуецца) адпаведны лікавы метад — алгарытм (распрацоўваецца і вывучаецца ў тэорыі лікавых метадаў). Для Н.в. шырока выкарыстоўваюцца ЭВМ (алгарытмы рашэнняў задач, якія найб.часта ўзнікаюць на практыцы, уваходзяць у іх матэматычнае забеспячэнне). У інж. разліках часта карыстаюцца графічнымі вылічэннямі і намаграмамі. (Гл. таксама Вылічальная матэматыка.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас.р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАДЭ́НДРАН (Rhododendron),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).
Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБО́ВАЯ РУДА́,
руда асадкавага і элювіяльнага паходжання з дробных акруглай або бобападобнай формы ўтварэнняў, часта канцэнтрычна-шкарлупінаватай будовы. У выглядзе бабовай руды бываюць жалезныя руды, марганцавыя руды, алюмініевыя руды і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ВУ́ЗЕЛ,
месца перасячэння двух або некалькіх горных хрыбтоў. Звычайна высокі і цяжкадаступны, часта з’яўляецца цэнтрам зледзянення (напр., горны вузел у Цэнтр. Цянь-Шані з вяршынямі пік Перамогі і Хан-Тэнгры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГСТЭРЫ́ЗМ,
злачынная дзейнасць, якая выяўляецца ў насіллі, забойствах, запалохванні, вымаганнях, подкупе дзярж. чыноўнікаў і інш. Тэрмінам гангстэрызм звычайна абазначаюць арганізаваную злачыннасць. З гангстэрызмам змыкаецца дзейнасць мафіі. Гангстэрызм часта выкарыстоўваецца ў паліт. мэтах.