ВІ́ДАР (Vidor) Кінг Уоліс (8.2.1894, г. Галвестан, штат Тэхас, ЗША — 1.11.1982),
амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Пасля вучобы ў Ваен. акадэміі ў Тэхасе пачаў здымаць сюжэты для кінахронікі (1913). З 1917 у Галівудзе. З 1923 у фірме «Метро-Голдвін-Маер», дзе паставіў практычна ўсе свае фільмы. Яны з’явіліся этапам у развіцці рэаліст. кірунку ў амер. кінамастацтве: «Вялікі парад» (1925), «Натоўп» (1928), «Хлеб наш надзённы» (1934), «Цытадэль» (1938, паводле аднайм. рамана А.Кроніна), «Вайна і мір» (1956; паводле Л.Талстога; разам з італьян. кінематаграфістамі). Пасля 1959 ставіў кароткаметражныя эксперым. фільмы. Спец. прэмія «Оскар» 1978.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁВА Яўгенія Антонаўна (н. 28.8.1924, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1989). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1949); працавала ў гэтым тэатры ў 1949—94. Створаныя ёю вобразы адметныя шчырасцю, праўдзівасцю, нар. гумарам. З лепшых роляў: Поля («Характары» паводле В.Шукшына), Дама («Цытадэль славы» К.Губарэвіча), Аксана («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Альжбета, Жанчына («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.Купалы), Акуліна («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Суседка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Маці Мотэла («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема) і інш.
М.А.Бартніцкая.
т. 7, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАЛА́Й, Мандале,
горад у цэнтр. частцы М’янмы. Адм. ц. вобл. Мандалай. Засн. ў 1857. У 1857—85 — сталіца незалежнай М’янмы (Бірмы). Каля 500 тыс. ж. (1997). Важны трансп. вузел (рачны порт на р. Іравадзі, чыгункі, аўтадарогі). Прам-сць: суднабуд., металаапр., баваўняная, харч., аўтазборчая, дрэваапр. і лесапільная. Чыгуначныя і суднарамонтныя прадпрыемствы. Традыц. вытв-сць упрыгожанняў з золата і серабра, шаўковых і ганчарных вырабаў, апрацоўка каштоўных камянёў, разьбярства па дрэве. Цэнтр кінапрамысловасці краіны. Ун-т. Культ. і рэліг. цэнтр. Арх. помнікі 19 ст.: каралеўскі палац (знішчаны ў 1944, адноўлены), цытадэль, кіт. пагады, будыйскія манастыры, раён з класічнай англ. калан. архітэктурай.
т. 10, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́РДЗА-БУЛА́НДРА (Sturdza-Bulandra) Лючыя (25.8.1873, Бухарэст — 19.9.1961),
румынская актрыса, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Румыніі (1951). Дэбютавала ў 1898 на сцэне Нац. т-ра ў Бухарэсце. У 1914—41 арганізатар (сумесна з Т.Буландрам), актрыса, рэжысёр і дырэктар трупы, якая ў далейшым стала значным т-рам. З 1941 у Муніцыпальным т-ры Бухарэста (з 1961 т-р яе імя). У 1930—61 праф. Бухарэсцкай кансерваторыі. Сярод роляў: Дынеску («Зруйнаваная цытадэль» Х.Лавінеску), лэдзі Чылтэрн («Ідэальны муж» О.Уайльда), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Васа Жалязнова («Васа Жалязнова» М.Горкага) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1952.
т. 15, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ Міхаіл Восіпавіч (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед. ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.Урублеўскім, В.Свянціцкім, І.Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.
В.М.Чарапіца.
т. 6, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎЦО́Ў Валянцін Акімавіч (14.6.1902, пас. Шырачанка Ейскага гарсавета Краснадарскага краю, Расія — 15.1.1963),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 акцёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ, з 1933 у т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных, драм. роляў. Найб. значныя: Аркадзь, Колас, Сіманенка («Платон Крэчат», «Фронт», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Лешч («Апошнія» М.Горкага), Скіба, Шуфт («Партызаны», «З народам» К.Крапівы), Лук’ян Рабічка («Пагібель ваўка» Э.Самуйлёнка), Гамер («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Траўбэ («Цытадэль славы» К.Губарэвіча), Джонсан, Калібераў, Глуздакоў («На досвітку», «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Капулеці («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Вішнеўскі («Даходнае месца» А.Астроўскага).
Б.І.Бур’ян.
т. 8, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СКА,
старажытны горад, першая балгарская сталіца (7 — канец 9 ст.). Руіны знаходзяцца за 25 км на ПнУ ад сучаснага г. Шумен у Балгарыі. Агульная плошча П. каля 23 км², у цэнтры знаходзілася цытадэль з магутнымі абарончымі сценамі, Вялікім і Малым палацамі, якія былі складзены з вял. каменных блокаў. Горад абкружалі земляны вал і роў. Археал. даследаванні П. вядуцца з канца 19 ст. Знойдзены рэшткі зброі, прылады працы, упрыгожанні, кераміка, арх. дэталі. Для культуры больш характэрны слав. рысы, сустракаюцца і элементы, характэрныя для культуры цюркаў-пратабалгар, якія прыйшлі на тэр. Балгарыі з Прыазоўя. У 893 сталіца з П. перанесена ў Прэслаў; з 17 ст. — руіны.
т. 12, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙКЕ́НД,
сярэдневяковы горад на тэр. Узбекістана (яго руіны за 35 км на ПдЗ ад г. Бухара). Паселішча на месцы П. ўзнікла ў першыя ст. н.э.; у 5—7 ст. П. — буйны гандл.-рамесны цэнтр. Найб. росквіту дасягнуў у 9—10 ст. У гэтыя часы займаў пл. каля 20 га; быў абкружаны сценамі з вежамі, складзенымі з цэглы-сырцу і гліняных блокаў (захаваліся ў зах. частцы). Унутры горада знаходзіліся цытадэль, культавыя і свецкія збудаванні, жытлы, майстэрні (пераважна ганчарныя). У наваколлі П. размяшчаліся замкі і ваен. фарты. У 11 ст. П. заняпаў; у пач. 12 ст. і ў 14—15 ст. часткова адрадзіўся. Археалагічна вывучаўся ў 1914, 1939—40, 1954—56.
т. 11, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ Аляксей Аляксандравіч (11.8.1907, Мінск — 20.4.1970),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1953). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1929 у БДТ-3 пад кіраўніцтвам У.Галубка. З 1933 у Бел. траме, у 1937—67 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Камедыйны і характарны акцёр з грунтоўнай і па-мастацку выразнай псіхал. матывіроўкай паводзін сцэн. персанажаў. Тонка адчуваў каларыт роднага слова. Майстар эпізоду. Сярод роляў: Самсон («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), пані Пернель («Тарцюф» Мальера), дзед Бадыль, Першы кліент, Сымон Верас («Партызаны», «Мілы чалавек», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Язэп («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), баец Катушка, Верхаводка, Ахрэм («Цытадэль славы», «Простая дзяўчына», «На крутым павароце» К.Губарэвіча), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка).
Б.І.Бур’ян.
т. 2, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),
руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Т.С.Скрыпчанка.
т. 10, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)