КАЛА́ШНІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (5.3.1923, Мінск — 28.9.1994),
бел. акцёр. Засл.арг. Беларусі (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1951). З 1951 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, у 1990—94 у Мінскім абл. т-ры лялек «Батлейка» ў Маладзечне. Характарны акцёр. Вобразы, створаныя К. у нац. рэпертуары, вызначаюцца мяккай лірычнасцю, сакавітасцю акцёрскіх фарбаў: у Дзярж. т-ры лялек — Дзед, Кароль Дурымонт («Дзед і Жораў», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Цар («Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча), Дзед («Ліпавічкі» паводле У.Галубка), Бацька («Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля), пёс Мамент і Паромшчык («Чаканне сабакі Тэафіла» Г.Марчука) і інш.; у т-ры «Батлейка» — Чорт, Чараўнік і Кароль («Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.Туравай), Бацька, Каваль, Казачнік («Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва), Пёс Барбос («Чароўны камень» В.Лукшы), Удаў («Прывітанне для мартышкі» Р.Остэра і «Насарог і жырафа» Х.Гюнтэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМНІ́ЦКІ ((Łomnicki) Тадэвуш) (18.7. 1927, г. Падгайцы, Украіна — 22.2.1992),
польскі акцёр. Скончыў студыю пры т-ры «Стары» ў Кракаве (1947). Вучыўся ў Вышэйшай школе тэатр. і кінамастацтва ў Варшаве (1951—53), з 1969 выкладаў у гэтай школе (у 1971—81 рэктар, з 1974 праф.). З 1947 у т-рах, у т. л. варшаўскіх: «Вспулчэсны», «Нарадовы», «На Волі» і інш.Характарны акцёр. Выконваў драм. і камед. ролі: Кардыян («Кардыян» Ю.Славацкага), Ян («Першы дзень свабоды» Л. Кручкоўскага), Глумаў [«На ўсякага мудраца хапае прастаты» (на польск. сцэне — «Запіскі падлюгі») А. Астроўскага], Прысыпкін («Клоп» У.Маякоўскага), Артура Уі («Кар’ера Артура Уі» Б. Брэхта) і інш. Ставіў спектаклі. З 1946 здымаўся ў кіно: «Пакаленне» (1955), «Пан Валадыеўскі» (1969; Залаты медаль на Міжнар. кінафестывалі ў Маскве), «Чалавек з мармуру» (1977), «Дом вар’ятаў» (1984) і інш. Аўтар п’ес «Ной і яго звярынец» (1948), «Пустазелле і пшаніца» (1951), кінасцэнарыяў, успамінаў «Тэатральныя сустрэчы» (1984). Дзярж. прэмія Польшчы 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ЎСКІ (Георгій Рафаілавіч) (н. 16.10.1946, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1971 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Карыстаючыся вострым сцэнічным малюнкам, захоўвае рысы рэальнага праўдападабенства вобразаў, нават створаных у гратэскава-камед. плане. Найб. значныя ролі: Ян Дабровіч («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), А.А. («Эмігранты» С.Мрожака). З інш. роляў: Ксяндзоў («Апошні шанц» паводле В.Быкава), Малюцін («Апошні журавель» А.Дударава, А.Жука), Міхалка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Папскі нунцый («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Антоніо («Бура» У.Шэкспіра), Клеант («Тарцюф» Мальера), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), доктар Магнуш («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера), паштмайстар Шпекін («Рэвізор» М.Гогаля), Бургамістр («Дракон» Я.Шварца), цесць Худзякова («Характары» паводле В.Шукшына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТРАЯ́НІ ((Mastroianni) Марчэла) (28.9.1924, Фантана-Ліры, Італія — 19.12.1996),
італьянскі акцёр. Пачынаў у 1947 як акцёр-аматар. Іграў ва Універсітэцкім т-ры ў Рыме, запрошаны ў трупу Л.Вісконці. З 1947 у кіно. У 1960—70-я г. здымаўся ў рэжысёраў Вісконці («Белыя ночы», «Старонні»), Ф.Феліні («Салодкае жыццё», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1960; «Восем з паловай», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1963, прэмія «Оскар»), М.Антаніёні («Ноч», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1961), В.Дэ Сіка («Учора, сёння, заўтра», прэмія «Оскар» 1964; «Шлюб па-італьянску», «Сланечнікі», сав.-італьян.) і інш. Шматпланавы характарны акцёр з ярка выяўленым камедыйным талентам. У 1980—90-я г. вылучыўся выкананнем роляў у фільмах «Горад жанчын» і «Джынджэр і Фрэд» (абодва рэж. Феліні), «Вочы чорныя» (сав.-італьян., рэж. М.Міхалкоў), «Тэраса» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1980), «Прыгожае каханне», «Гатовае адзенне» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКУ́Р’ЕЎ (Васіль Васілевіч) (6.4.1904, г. Востраў Пскоўскай вобл., Расія — 12.5.1978),
расійскі акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1960). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтваў (1926). На сцэне з 1920. З 1928 у Ленінградскім т-ры акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам Л.С.Віўена, з 1937 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.С.Пушкіна. Вядомы пераважна як камедыйны, характарны акцёр. Яго выканальніцкае майстэрства вызначалася яркасцю, непасрэднасцю, мяккім гумарам, лірызмам, тонкай псіхалагічнасцю. Сярод роляў: Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Меншыкаў («Пётр I» А.Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Максімаў («За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва) і інш. Здымаўся ў кіно: «Нябесны ціхаход» (1946), «Глінка» (1947, Дзярж. прэмія СССР), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Ляцяць журавы» (1957), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КШТЫС (Тадэвуш Антонавіч) (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1958 у Бел.акад. т-ры імя Я.Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЧАНЧУ́К (Уладзімір Андрэевіч) (н. 5.8.1946, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 акцёр і дырэктар Гродзенскага абл.драм.т-ра. З 1985 заг. кафедры, з 1990 дэкан тэатр. факультэта Бел.АМ. Характарны акцёр. Творчасць адметная мастацтвам імправізацыі, разнастайнасцю сцэн. фарбаў. Найб. значныя работы стварыў у камед. рэпертуары. Сярод роляў: Быкоўскі і Кутас («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), Жлукта («Мілы чалавек» К.Крапівы), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гатоўчык («Апошні шанц» В.Быкава), доктор Пінч і Балтазар («Камедыя памылак» У.Шэкспіра), Кісельнікаў («Багна» А.Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Ларыёсік («Дні Гурбіных» М.Булгакава), Зямцоў («Жорсткія гульні» А.Арбузава), Залатуеў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Голубеў («Сам-насам з усімі» А.Гельмана) і інш. Здымаецца ў кіно: «Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Прыступіць да ліквідацыі» (1984), «Маці Урагану» (1990), «Апёк» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КАЛАЎ (Вацлаў Сцяпанавіч) (19.6.1912, Мінск — 27.8.1969),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю пры Польскім дзярж. вандроўным т-ры Беларусі, у 1931—36 працаваў у ім. У 1938—41 у Бел. т-ры юнага гледача імя Н.К.Крупскай, з 1944 у Палескім, з 1945 у Пінскім, з 1954 у Магілёўскім абл.драм. т-рах, з 1955 у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Сярод лепшых роляў у Пінскім і Магілёўскім т-рах — Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Мураў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага); у т-рах юнага гледача — Антось Лабыш і Ціхонь («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Паэт і Пан («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Ян Фіглеўскі («Марат Казей» В.Зуба), Камерцыі Саветнік і Канцлер («Снежная каралева» Я.Шварца), Мушарон-старэйшы («Горад майстроў» Т.Габэ), Ахаў («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Земляніка («Рэвізор» М.Гогаля), Карабас Барабас («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), герцаг Міланскі («Два веронцы» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЗЮ́ШКА (Уладзімір Іосіфавіч) (14.2.1905, Мінск — 30.3.1973),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1949), нар.арт.СССР (1971). Сцэн. дзейнасць пачаў як акцёр-аматар. У 1923—37 акцёр у т-ры У.Галубка (БДТ-3). З 1937 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Характарны, самабытны акцёр з яркім нац. каларытам; адзін з найб. буйных дзеячаў бел.т-ра. Яго творчасць вызначалася глыбінёй спасціжэння нар. характару, уменнем псіхалагічна абгрунтаваць учынкі герояў, надаць ролі выразную сцэн. форму. Асаблівы поспех меў у нац. рэпертуары: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), Мірон Бокуць («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Ксаверый («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; Дзярж. прэмія СССР 1952), Язэп («Салавей» З.Бядулі), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона; і ў кіно). З інш. яркіх вобразаў: Іларыён («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Месны, Вакуленка («Фронт», «Калінавы гай» А.Карнейчука), Пімен («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Дон Джэром («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно («Несцерка», «Паўлінка», «Запомнім гэты дзень») і тэлевізійных пастаноўках («Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 23.12.1937, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арг. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). З 1960 працуе ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Творчую манеру вызначаюць дакладнасць распрацоўкі характару, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыйнасць. Лепшыя вобразы стварыў у бел. рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І.Шамякіна), Марат Казей («Марат Казей» В.Зуба), Яўмень («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Пан («На ўсіх адна бяда» П.Макаля), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Мікіта Драніца («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава; Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) і інш. Стварыў каларытныя вобразы Скіда і блазна Фесты («Два веронцы» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Старога («Пушкінскія казкі» паводле А.Пушкіна), Артамон («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога) і інш. Паставіў спектакль «Царэўна-жаба» Н.Гернет (1979, разам з В.Маршаком). Зняўся ў бел. фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Хлеб пахне порахам», «Людзі на балоце», «Полымя» і інш.