ДЗЮБУА́-РЭЙМО́Н (Du Bois-Reymond) Эміль

(7.11.1818, Берлін — 26.12.1896),

нямецкі фізіёлаг і філосаф. Чл. Берлінскай АН (1851), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1892). Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Праф. Берлінскага ун-та (1855). Навук. працы па жывёльнай электрычнасці: даказаў яе прысутнасць у мышцах, нервах, залозах, скуры, сятчатцы вока і інш. тканках, выявіў «ток спакою». Адкрыў фіз. электрон, распрацаваў індукцыйныя апараты для раздражнення нерваў і мышцаў, непалярызацыйныя электроды і інш. Як філосаф быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, адмаўляў магчымасць пазнання свету, сутнасці рэчаў і дасягнення ісціны, выступаў супраць вучэння аб прысутнасці ў арганізмах нематэрыяльнай звышнатуральнай сілы.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АЛАМБЕ́Р (D’Alembert) Жан Лерон

(16.11.1717, Парыж — 20.10.1783),

французскі механік, матэматык і філосаф-асветнік; адзін з заснавальнікаў матэм. фізікі. Чл. Парыжскай (1754) і Пецярбургскай АН (1764) і інш. акадэмій. Скончыў Калеж Мазарыні (1735). Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, матэматыцы і філасофіі. У «Трактаце аб дынаміцы» (1743) сфармуляваў агульныя правілы складання дыферэнц. ураўненняў руху мех. сістэм. Устанавіў 3 асн. прынцыпы механікі: інерцыі, паралелаграма сіл і раўнавагі (Д’аламбера прынцып). Аўтар «Трактата аб раўнавазе і руху вадкасцей» (1744). Распрацаваў метад рашэння дыферэнц. ураўненняў 2-га парадку з частковымі вытворнымі. У астраноміі абгрунтаваў тэорыю ўзбурэнняў планет. Як філосаф стаяў на пазіцыях дуалізму. Разам з Д.Дзідро працаваў над стварэннем «Энцыклапедыі навук, мастацтваў і рамёстваў».

Тв.:

Рус. пер. — Динамика. М.; Л., 1950.

Літ.:

Добровольский В.А. Даламбер. М., 1968.

Ж.Л.Д’аламбер.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУ́ЛА Тадэвуш Іванавіч

(н. 14.9.1945, в. Хралы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1994). Скончыў БДУ (1971). Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі, праблемы духоўнай культуры. Асн. працы: «Культура, філасофія і духоўны свет чалавека: Тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986), «Філасофія ў сістэме духоўнай культуры: Праблемы сацыяльнага функцыянавання» (1993) і інш.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РАНКА Емяльян Кліментавіч

(17.7.1908, в. Узнікі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.2.1988),

бел. філосаф. Д-р філас. н. і праф. (1962). Скончыў Ленінградскі ун-т (1938). З 1950 прарэктар БДУ, у 1957—75 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Даследаваў праблемы дыялектычнага матэрыялізму, сац. філасофіі і культуры. Аўтар прац «Развіццё Г.В.Пляханавым філасофіі марксізму» (1958), «Светапогляд М.В.Ламаносава» (1959) і інш.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЦЭ́ВІЧ Канстанцін Мікалаевіч

(н. 8.2.1951, в. Сурнаўка Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1994), праф. (1994). Скончыў Ленінградскі ун-т (1977). З 1981 у БДУ. Даследуе праблемы лібералізму, канстытуцыйнае права, пытанні консульскай дзейнасці. Аўтар навуч. дапаможнікаў па канстытуцыйным праве.

Тв.:

Либерализм: сущность, истоки, перспективы. Мн., 1993;

Сравнительное конституционное право. Мн., 1998.

П.М.Бараноўскі.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДАКО́Ў Аляксандр Васілевіч

(н. 23.2.1923, в. Бахараўка Рослаўльскага р-на Смаленскай вобл.),

бел. філосаф. Канд. філас. н. (1959), праф. (1978). Скончыў БДУ (1950). Выкладаў у БПІ, Мінскім пед. ін-це. З 1973 у Гродзенскім ун-це (да 1994 рэктар). Аўтар навук. прац «Свядомасць, яе паходжанне і сутнасць» (1976), «Што вывучае філасофія» (1981), «Фарміраванне ўсебакова развітой асобы» (1987), вучэбнага дапаможніка, «Дыялектычны матэрыялізм» (1972).

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЕНСКІ Інакенцій Фёдаравіч

(1.9.1856, г. Омск — 13.12.1909),

рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Аўтар трагедый «Меланіпа-філосаф» (1901), «Цар Іксіён» (1902), «Лаадамія» (1906), «Фаміра-кіфарэд» (выд. 1913), заснаваных на сюжэтах ант. міфалогіі. Паэзіі Аненскага (зб-кі «Ціхія песні», 1904; «Кіпарысавая шкатулка», 1910; «Пасмяротныя вершы» 1923) уласцівыя дэкадэнцкае светаўспрыманне, адзінства інтэлектуальных і маральных пачаткаў. Выступаў як перакладчык і крытык («Кніга адлюстраванняў», т. 1—2, 1906—09).

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета

(каля 588 — каля 525 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕНА́РЫУС (Avenarius) Рыхард

(19.11.1843, Парыж — 18.8.1896),

швейцарскі філосаф-ідэаліст, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму. Праф. Цюрыхскага ун-та. У цэнтры філасофіі паняцце вопыту, ачышчанага ад аб’ектыўнай рэальнасці, у выніку чаго здымаецца процілегласць свядомасці і матэрыі, псіхічнага і фізічнага. Выступаў з суб’ектыўна-ідэаліст. тэорыяй «прынцыповай каардынацыі» (без суб’екта няма аб’екта, без свядомасці — матэрыі). Прынцып «найменшай траты сіл» на чалавечае пазнанне прывёў Авенарыуса да біялагізму, суб’ектывізму, агнастыцызму.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭМА́ЛЬ-АД-ДЗІН АЛЬ-АФГАНІ́ Мухамед Сеід

(1838, с. Асадабад, каля Кабула — 9.3.1897),

мусульманскі рэліг. і паліт. дзеяч, філосаф, пісьменнік, публіцыст. Заснавальнік панісламізму. Заклікаў да мадэрнізацыі ісламу з мэтай паліт. адраджэння халіфата пад эгідай Асманскай імперыі і вызвалення з-пад еўрап. паліт. і культ. ўплыву. У 1883—86 жыў у Зах. Еўропе. Выдаваў у Парыжы газ. «Надзейная апора». Аўтар твораў на перс. мове «Абвяржэнне матэрыялізму».

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)