ЛІЧЫ́ЛКА,
невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.
Г.А.Барташэвіч.
т. 9, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАДЗІ́ (Мала Велі) (1709, г. Шамхор, Азербайджан — 1809),
азербайджанскі паэт. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай паэзіі. Служыў у груз. правіцеля Іраклія II. Паслядоўнік Фізулі. Ведаў араб. і перс. мовы. Валодаў усімі формамі класічнай паэзіі, зацвердзіў у нац. л-ры найб. блізкую да фальклору ашугскую форму вершаскладання — гошма. У сваіх творах выказваў незадаволенасць феад. парадкамі, асуджаў міжусобныя войны.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,
вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):
Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.
У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.
М.М.Грынчык.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ ((Olechnowicz) Мсціслаў Антонавіч) (22.2.1905, Гродна — 24.7.1982),
польскі лінгвіст. Д-р гуманіт. (1963) і пед. (1966) навук, праф. (1974). Скончыў Віленскі ун-т (1938). З 1949 выкладчык, з 1954 заг. кафедры замежных моў, з 1966 кафедры рус. філалогіі Лодзінскага ун-та. Даследаваў рус. і бел. мовы, бел. фальклор, рус.-бел.-польска-літоўскія фалькл. і моўныя сувязі. Аўтар манаграфіі «Польскія даследчыкі беларускага фальклору і мовы ў XIX ст.» (1986), прац «Польскія зацікаўленні беларускай мовай (ад паловы XVI стагоддзя да 1863 г.)» (1964), «Даследчыкі палескага фальклору ў першай палове XIX стагоддзя» (1965), «Беларускія элементы ў польскай песні першай паловы XIX стагоддзя» (1966), «Беларусь—Палессе» Оскара Кольберга» (1968), «Сістэма націску назоўнікаў з вытворнай асновай у беларускай мове» (1972), «Тэндэнцыі развіцця беларускага націску (на параўнальным фоне націску рускага)» (1978) і інш.
Літ.:
Саламевіч І. Польскі даследчык Беларусі // ЛІМ. 1975. 21 лют.;
Bibliografia publikacji naukowych i dydaktycznych prof. dra habil. Mścisława Olechnowicza // Acta Universitatis Lodziensis. Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Lódzkiego. Ser. 1. 1979. № 33.
І.У.Саламевіч.
т. 1, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НБЛАТ (Майсей Якаўлевіч) (29.3.1905, Мінск — 4.7.1983),
бел. этнограф, фалькларыст, гісторык. Канд. гіст. н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). Працаваў акцёрам у трупе У.Галубка (1921—25). З 1930 у АН Беларусі: у Ін-це гісторыі (1931—41; 1945—56) і Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957—76), адначасова выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1937—41) і БДУ (1939—41, 1945—55). Даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру, грамадскі побыт, этнагенез беларусаў, бібліяграфію беларусазнаўства. Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), нарыса «Беларусы» ў кн. «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964). Склаў зб. фальклору «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940), «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972, з А.І.Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Выслоўі» (1979).
Тв.:
Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказальнік. Мн., 1972.
Літ.:
Список основных работ М.Я.Гринблата // Сов. этнография. 1976. № 2.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ТКА (Клімент Васілевіч) (4.2.1880, с. Хмялёў Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 19.9.1953),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сав. этнамузыказнаўства. Скончыў Кіеўскі ун-т (1902). З 1922 узначальваў кабінет муз. этнаграфіі пры АН УССР у Кіеве. З 1933 праф., з 1937 адначасова кіраўнік Кабінета нар. музыкі Маскоўскай кансерваторыі. Найб. значныя працы па пытаннях метадалогіі музыказнаўчага даследавання ў галіне фальклору. Вывучаў ладаўтварэнне, рытміку, жанравую структуру муз.-паэт. фальклору слав., фіна-угорскіх, цюркскіх і інш. народаў. Запісаў больш як 6 тыс. нар. песень, у т. л. ад жонкі — Лесі Украінкі (зб. «Народныя мелодыі з голасу Лесі Украінкі», ч. 1—2, 1917—18; «Украінскія народныя мелодыі», 1922). На Беларусі запісваў каляндарныя, сямейна-абрадавыя і сямейна-быт. песні, апублікаваў арт. «Аб абласцях пашырэння некаторых тыпаў беларускіх каляндарных і вясельных песень» (1941). Зрабіў значны ўклад у вывучэнне нар.-інстр. культуры ўсх.-слав. народаў.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—2. М., 1971—73.
Літ.:
Памяти К. Квитки, 1880—1953: Сб. ст. М., 1983.
Л.С.Мухарынская.
т. 8, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛАХАЎ (Пётр Пятровіч) (1822, Масква — 2.12.1885),
рускі кампазітар і вакальны педагог. Сын Пятра Аляксандравіча (каля 1793—1835) і брат Паўла Пятровіча (1824—1875) Булахавых, вядомых у свой час оперных спевакоў-тэнараў. Аўтар папулярных рамансаў і песень, блізкіх да гар. фальклору («Тройка», «Не, не цябе так палка я люблю», «Спатканне», «І няма ў свеце вачэй», «Гары, гары, мая зорка» і інш.).
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРКО́Ў (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 2.1.1931, в. Шыркі Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1975). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1958). У 1964—91 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Асн. даследаванні ў галіне матэрыяльнай культуры беларусаў — манаграфіі «Сучасная беларуская вёска» (1975), «Бортніцтва на Беларусі» (1980) і «Занятак спрадвеку высакародны» (1987, дзве апошнія з С.Цярохіным).
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНО́ВІЧ (Васіль Васілевіч) (н. 2.2.1945, г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл.),
бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1974). Удасканальваў майстэрства ў І.Майсеева. З 1963 танцоўшчык, у 1982—95 гал. балетмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь. Глыбокае веданне бел. танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго ўвасоблены ў лепшых пастаноўках Варановіча («Мяцеліца», «Полька з прысюдамі», «Таўкачы», «Вялікі купальскі карагод», «Руская субацея», «Украінская сюіта»).
т. 4, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ВІЧ (Фёдар Фёдаравіч) (н. 14.8.1952, г. Маладзечна),
бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)