ІРО́НІЯ (грэч. eirōneia літар. прытворства),

1) тонкая, прыхаваная насмешка. Адмаўленне або асмяянне, якім прытворна надаецца форма згоды або ўхвалення. Заснавана на іншасказанні, калі сапраўдны сэнс выказвання з’яўляецца процілеглым або адмаўляе яго.

2) У эстэтыцы від камічнага, калі смешнае прыхавана пад маскай сур’ёзнага (у процілегласць гумару). Утойвае ў сабе пачуццё перавагі або скептыцызму.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТАПРЫ́НТ (англ. rotaprint ад лац. rota кола + англ. print друк),

малафарматная ратацыйная друкарская машына для аператыўнага размнажэння малатыражных выданняў спосабам афсетнага друку. Друкарскай формай у Р. служыць тонкая алюм. фольга ці спец. папера, на якую электраграфічным, фатаграфічным ці інш. спосабамі наносяць тэкст ці малюнкі. Пасля адпаведнай хім. апрацоўкі форма замацоўваецца на цыліндры Р. для друкавання тыражу.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭ́МБАЎСКІ ЗРУХ узроўняў энергіі,

невялікія адрозненні энергій электрона ў атаме вадароду і вадародападобных атамах для некаторых станаў, у якіх, паводле Дзірака ўраўнення, энергіі павінны супадаць. Эксперыментальна выяўлены ў 1947 У.Ю.Лэмбам і амер. фізікам Р.​Рызерфардам і тэарэтычна растлумачаны Г.А.Бетэ. У квантавай электрадынаміцы Л.з. тлумачыцца тым, што ўплыў на электрон яго ўласнага поля залежыць ад стану электрона. Гл. таксама Тонкая структура.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСУ́САВАЯ ЗАЛО́ЗА (ад грэч. byssos тонкая пража),

орган двухстворкавых малюскаў, што выпрацоўвае арган. рэчыва (бісус) у выглядзе вельмі моцных нітак. Знаходзіцца ў т.зв. «назе» і гамалагічна падэшвеннай залозе бруханогіх малюскаў; часам яна функцыяніруе толькі ў лічынак. Бісус складаецца з задубленага бялку, блізкага да канхіяліну ракавіны малюскаў і да фібраіну шоўку членістаногіх. Пры яго дапамозе малюскі прымацоўваюцца да субстрату. У старажытнасці і сярэднявеччы бісус выкарыстоўваўся на выраб тканіны (вісону).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКТЭА́Т (ад лац. bractea тонкая бляха),

сярэбраная манета, якую ў 12—14 ст. чаканілі на тонкім манетным кружку толькі з аднаго боку (верхнім штэмпелем) так, што малюнак на ёй атрымліваўся на аверсе выпуклы, на рэверсе ўвагнуты. З’явіўся ў краінах Зах. Еўропы ў выніку змяншэння масы дэнарыя ў канцы 11 ст. Сярэдневяковаму брактэату папярэднічалі залатыя брактэат ў ант. Грэцыі (4—2 ст. да н.э.), брактэаты — упрыгожанні герм. плямёнаў (5—6 ст.).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧА́ТКА,

буйнапамерная цэгла з падоўжнымі барознамі на паверхні, якія зроблены пальцамі майстра ці спец. інструментам. Вядома на Беларусі ў 13—18 ст., куды трапіла з Валыні (Украіна), таксама ў паўн.-ўсх. Германіі, Польшчы, Літве і некат. інш. раёнах Прыбалтыкі. Выраблялася розных памераў: для замкавага буд-ва таўшчынёй 8—10 см, у 2-й пал. 17 ст. існавала тонкая П. (4,5—6 см). На П. 14—16 см трапляюцца меткі і клеймы.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РА ЗАЛАТА́Я, цукроўка двайная,

сорт грушы народнай селекцыі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-пірамідальная, густая. Плоданашэнне пачынаецца на 5—6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (да 90 г), кароткаўсечана-канічнай формы. Скурка тонкая, гладкая, залаціста-жоўтая з інтэнсіўным румянцам чырванавата-бурага колеру амаль на ўсім плодзе. Мякаць белая, сакаўная, вельмі салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Бэра залатая.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖГУ́ЦІКІ,

ніткападобныя рухомыя цытаплазматычныя вырасты цела ў жгуцікавых, многіх бактэрый, зааспор, сперматазоідаў раслін і жывёл. Служаць пераважна для перамяшчэння ў вадкім асяроддзі. У клетцы бывае 1—4 (зрэдку больш) Ж. Структура Ж. складаная: звонку тонкая мембрана (пелікула), за ўнутр. поласці цытаплазма. Падоўжная вось складаецца з 2 цэнтр. і 9 перыферычных (простых або падвойных) вельмі тонкіх ніцей (фібрыл). У аснове Ж. — 2 перпендыкулярныя базальныя цельцы. Рухаюцца пераважна хвалепадобна. Знаходзяцца з аднаго, абодвух бакоў або па ўсёй паверхні клеткі.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАДУ́НКА (Xenus cinereus),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў лесатундры і лясной зоне Еўразіі. Жыве па берагах рэк і азёр, на вільготных лугах. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца пераважна ў бас. р. Прыпяць, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 27 см, маса 100 г. Апярэнне зверху шаравата-бурае з чорнымі палосамі, знізу белае. Дзюба тонкая, доўгая, выгнутая ўгору, буравата-чорная, каля асновы бледна-аранжавая. Ногі жаўтавата-ружовыя. Корміцца дробнымі беспазваночнымі. Гняздо на зямлі, нясе 4 яйцы.

Марадунка.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКІ КЕРАМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. ў 1929 як цагельны з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1945, у 1968 рэканструяваны. У 1974—77 пабудаваны Обальскі з-д керамічных вырабаў і ў 1980 аб’яднаны з цагельным з-дам пад сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (2000): цэгла керамічная вонкавая (фасадная), дэкар. аддзелачная, паўнацелая, пустацелая, гліняная для комінаў, камень керамічны, плітка тратуарная, тэнісіт, каміны, тонкая кераміка (вазы, сувеніры), бітум буд. і дарожны.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)