у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД дадатковае следства або дазнанне, якое праводзіцца паводле распараджэння пракурора ці вызначэння суда па крымінальнай справе, скончанай следствам. Праводзіцца ў выпадках: выяўлення пракурорам або судом непаўнаты папярэдняга следства, якая не можа быць папоўнена ў суд. пасяджэнні; істотнага парушэння органамі следства ці дазнання закону, якое перашкаджае разгляду справы судом; наяўнасці падстаў для прад’яўлення абвінавачанаму інш. абвінавачання, звязанага з раней прад’яўленым; для змянення абвінавачання на больш цяжкае або на такое, якое істотна адрозніваецца ад абвінавачання, што ўтрымліваецца ў абвінаваўчым заключэнні; наяўнасці падстаў для прыцягнення да крымін. адказнасці па гэтай справе інш. асоб і інш. падстаў, прадугледжаных заканадаўствам. Указанні пракурора і суда аб Д.р. абавязковыя для следчых і інш.дзярж. органаў, грамадскіх арг-цый і грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,
абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.
Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл.Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл. таксама Кватэрніёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,
лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.
Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax2 + 2Bxy + Cy2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такоеўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.
Да арт.Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́Н ((Proudhon) П’ер Жазеф) (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),
французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЛЬФІЯ́ (сапр.Ісраілава Зульфія; н. 14.3.1915, Ташкент),
узбекская паэтэса. Нар. паэтэса Узбекістана (1965). Герой Сац. Працы (1984). У паэт. зб-ках «Старонкі жыцця» (1932), «Блізкія сэрцу майму» (1958), «Сэрца ў дарозе» (1966), «Спатканне» (1972), «Радкі памяці» (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Роздум і пачуцці» (1982) і інш. вострае адчуванне сучаснасці, услаўленне жанчыны-працаўніцы, гуманістычны пафас. Змест кн. «Размова з сяброўкамі» (1953) — асэнсаванне ролі ўзб. жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1970, Міжнар. прэміі імя Дж.Нэру 1968 і «Лотас» 1970. Пераклала на ўзб. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, Э.Агняцвет, Е.Лось. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, А.Вярцінскі, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Іпатава, А.Лойка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ (Яўген Львовіч) (н. 24.5.1920, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1980). Канд. архітэктуры (1961). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1949). У 1962—72 нам.гал. архітэктара Мінска. У 1973—85 у БелНДІПгорадабудаўніцтва. З 1960 адначасова выкладчык БПА. Асн. работы ў Мінску: будынак Бел.т-ва дружбы і1культ. сувязі з замежнымі краінамі (1956), праект планіроўкі і забудовы жылога раёна Чыжоўка (1964, у сааўт.).’ Адзін з аўтараў генпланаў (1965, 1980, 1983) і праекта дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска (1974), раённай планіроўкі Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай абл. (1977), схемы рассялення Беларусі (1981). Аўтар прац па архітэктуры і горадабудаўніцтве.
Тв.:
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.);
Что такое архитектура. Мн., 1978;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);
Общественные центры городских населенных мест БССР (Опыт формирования, пробл. и направления развития). Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ВА (Раіса Андрэеўна) (н. 11.5.1947, в. Пешкі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у рэдакцыях рэсп. газет, з 1991 у час. «Алеся». Друкуецца з 1960. У зб-ках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1993) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды бел. гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драм. паэме «Барбара Радзівіл» (1992). Аповесць «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Аўтар кн. казак і апавяданняў для дзяцей, п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994 т-рам-лабараторыяй бел. драматургіі «Вольная сцэна»), «Пятля часу» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭВАЛЮ́ЦЫЯ [ад лац. со (cum) з, разам + эвалюцыя],
сумесная (спалучаная) эвалюцыя двух і больш таксонаў, калі эвалюцыя кожнага часткова залежыць ад эвалюцыі другога. Таксоны аб’яднаны цеснымі экалагічнымі сувязямі, але не абменьваюцца генамі; пры гэтым дзейнічае рэцыпрокны ціск адбору (гл.Рэцыпрокнае скрыжаванне). Да К. належыць большасць папуляцыйных узаемаадносін, ад драпежніцтва і канкурэнцыі да мутуалізму і протакааперацыі, калі адносіны паміж двума арганізмамі (папуляцыямі) узаемакарысныя, але не з’яўляюцца абавязковымі, і ўзаемасувязь выпадковая (напр., некат. насякомыя жывуць і кормяцца на раслінах і выпадкова прымаюць удзел у іх апыленні). У вузкім сэнсе К. — эвалюц. ўзаемаадносіны паміж раслінамі і жывёламі. Тэрмін «К.» ўжываецца і ў адносінах да сістэмы «грамадства—прырода». Несупадзенне хуткасцей прыроднага працэсу, які ідзе марудна, і сац.-эканам. развіцця чалавецтва, якое ідзе намнога хутчэй, вядзе да дэградацыі прыроды. Прапануецца такое ўздзеянне чалавека на прыроду, якое рэгулюецца і свядома абмяжоўваецца (стварэнне наасферы). Гл. таксама Каадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,
свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв.проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.