АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),

стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.​Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭМА́Н (франц. agrement),

папярэдняя згода ўрада адной краіны на прызначэнне пэўнай асобы ў якасці кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва другой краіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961 без агрэману такое прызначэнне не можа адбыцца. Пасля атрымання агрэману асоба становіцца персонай грата. Прычыны адмовы ў агрэману тлумачыць не абавязкова.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІ ГО́РАД,

горад, у якім праводзяцца Алімпійскія гульні. Паводле Алімпійскай хартыі такое права надаецца гораду, а не краіне. Выбіраецца сесіяй Міжнар. алімпійскага к-та не пазней як за 6 гадоў да пачатку гульняў. Заяўка на правядзенне алімпіяды павінна быць ухвалена Нац. алімпійскім к-там і падтрымана ўрадам краіны, які таксама дае пісьмовыя гарантыі аб выкананні спец. умоў для гарадоў-кандыдатаў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТ (ад лац. contactus дакрананне),

1) судакрананне, непасрэдная блізкасць да месца знаходжання чаго-н. ці каго-н.

2) Сувязь, узаемадзеянне, узгодненасць у рабоце; узаемаразуменне.

3) Паверхня, месца, зона судакранання чаго-н.

4) Судакрананне, злучэнне чаго-н. Напр., К. электрычны — злучэнне 2 праваднікоў, пры якім эл. ток можа ісці ад аднаго правадніка да другога; паверхня судакранання праваднікоў току ці прыстасаванне, якое забяспечвае такое злучэнне.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

прыватнаўласніцкія сяляне ў Рас. імперыі, якіх паводле ўказа 2.4.1842 памешчык меў права вызваляць ад прыгоннай залежнасці, надзяляць зямлёй у часовае карыстанне, «абавязваючы» павіннасцямі ў форме аброку або паншчыны. Указ не вызначаў памераў зямельных надзелаў, абавязкаў сялян і не абмяжоўваў улады памешчыкаў над імі. Таму становішча абавязаных сялян засталося такое, як і ў прыгонных. З 10 млн. прыгонных сялян мужч. полу да 1855 у катэгорыю абавязаных пераведзена 24 тыс.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЕВАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

разнастайнасць цывільнай адказнасці пры наяўнасці ў абавязацельстве некалькіх даўжнікоў. Паводле агульнага правіла, замацаванага цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, такое абавязацельства лічыцца долевым, прычым кожны з даўжнікоў абавязаны выканаць яго ў роўнай долі. У законе або ў дагаворы могуць быць устаноўлены інш. суадносіны памераў Д.а. Калі з закону або з дагавора іх не вынікае, дзейнічае прэзумпцыя роўнасці долей пры адказнасці кожнага з садаўжнікоў перад крэдыторам. Гл. таксама Салідарная адказнасць, Субсідыярная адказнасць.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМАДА́»,

бел. нелегальнае выдавецкае т-ва. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—07. Выдавала агітацыйную л-ру (арыгінальную і перакладную) рэв. зместу. Дзейнасць т-ва забаронена царскай цэнзурай. Захавалася 6 брашур, у т. л. «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» (лацінкай і кірыліцай), «Чы будзе для ўсіх зямлі?», «Што такое свабода?» Сігава (пер. з укр.), «Забастоўка» (лацінкай), «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць».

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 142, 154—155.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАР ((Carr) Эдвард Халет) (28.6.1892, Лондан — 1982),

брытанскі дыпламат, гісторык, палітолаг. У 1916—36 на дыпламат. службе. З 1936 праф. ун-таў Уэльскага, у Оксфардзе і Кембрыджы. Даследаваў пераважна найноўшую гісторыю Расіі: «Міхаіл Бакунін» (1937), «Гісторыя Савецкай Расіі» (т. 1—10, 1950—78; у т. л. «Бальшавіцкая рэвалюцыя 1917—1923», т. 1—3, 1950—53). Сярод інш. прац: «Новае грамадства» (1951), «Што такое гісторыя» (1961).

Тв.:

Рус. пер. — Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929. М., 1990.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЗА́С-НЕБРА́СКА БІЛЬ,

закон, прыпяты ў 1854 па прапанове сенатара С.​А.​Дугласа кангрэсам ЗША, які даваў права каланістам Канзаса і Небраскі самім вырашаць пытанне аб дапушчэнні ці забароне рабства неграў на сваіх тэрыторыях. Фактычна адмяняў умоўную мяжу паміж свабоднымі і рабаўладальніцкімі штатамі, устаноўленую паводле т. зв. Місурыйскага кампрамісу 1820. Такое рашэнне адпавядала інтарэсам плантатараў-рабаўладальнікаў, якія намагаліся пашырыць рабства на ўсю тэр. ЗША. Прыняцце біля стала адной з прычын грамадз. вайны ў Канзасе паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рабства (1854—56).

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГАРТ ((Bogart) Хэмфры) (25.12.1899, Нью-Йорк — 14.1.1957),

амерыканскі акцёр. З 1920 выступаў у тэатры, з 1930 у кіно. Выконваў ролі т.зв. моцных мужчын са складаным унутраным светам у гангстэрскіх і дэтэктыўных фільмах, вестэрнах: «Акамянелы лес» (1936), «Высокая Сьера» і «Мальтыйскі сокал» (1941), «Афрыканская каралева» (1951, прэмія «Оскар»), «Тым цяжэй будзе падзенне» (1956) і інш., што зрабіла яго культавым героем амер. кінематографа. Раптоўная смерць акцёра садзейнічала пэўнай міфалагізацыі яго вобраза.

Літ.:

Базен А. Смерть Хэмфри Богарта // Базен А. Что такое кино? : Пер. с фр. М., 1972.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)