тайная злачынная арганізацыя, якая дзейнічае метадамі шантажу, гвалту, забойстваў і да т.п. Узнікла на в-ве Сіцылія (Італія) спачатку як арганізаваная самаабарона насельніцтва. У 20 ст. ў Італіі, а потым і ў інш. краінах (напр., «Коза ностра» ў ЗША) манапалізавала злачынны бізнес (найперш наркабізнес, ігральныя дамы, прастытуцыю і да т.п.), пранікла ў паліт. сферу. Адметнай рысай М. як крыміналагічнага феномена з’яўляецца сувязь з перажыткамі родаплемянных звычаяў, якія надаюць М. асаблівую ўстойлівасць і ўнутр. згуртаванасць. Часам тэрмінам «М.» пазначаюць усе формы арганізаванай злачыннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́ЛА ДА МЕСІ́НА (Antonello da Messina; каля 1430, г. Месіна, Сіцылія — паміж 14 і 25.2.1479),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння. Прадстаўнік Венецыянскай школы жывапісу. Працаваў пераважна ў Месіне. Запазычыўшы ў нідэрл. мастакоў тэхніку алейнага жывапісу, дасягнуў надзвычайнай глыбіні колеру, выкарыстаў і асвятленне як маст.-выразны сродак. Створаныя ім вобразы адметныя велічным спакоем, класічнай раўнавагай. Значны ўклад яго ў станаўленне рэнесансавага рэаліст. партрэта. Асн. творы: т.зв. аўтапартрэт (каля 1473), «Распяцце» (1477), фрагменты алтара з царквы Сан-Касіяна ў Венецыі (1475 76), «Святы Себасцьян» (1475) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́СТЫКА (санскр.),
знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі. Першапачаткова меў культавае значэнне ў некат. стараж. народаў; атрымаў распаўсюджанне як арнаментальны матыў у мастацтве Індыі, Кітая, Японіі, Грэцыі, на в-ве Сіцылія і інш. (выявы С. на стараж. вазах, манетах, помніках сярэдневяковага мастацтва). Некат. гаршкі 11—13 ст., знойдзеныя пры раскопках стараж. гарадоў Беларусі, мелі на донцах рэльефнае кляймо ў выглядзе С. Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны (1939—1945) С. выкарыстоўвалася як цэнтр. элемент кампазіцыі дзярж. сцяга фаш. Германіі, стала эмблемай нацызму, сімвалам варварства, насілля, генацыду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),
падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл.Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ ВЯЧЭ́РНЯ»,
паўстанне ў г. Палерма (в-аўСіцылія) у 1282 супраць франц. прыхільнікаў караля Карла I Анжуйскага, які ў 1268 падпарадкаваў сваёй уладзе Сіцылійскае каралеўства. Карл рэзка павысіў у Сіцыліі падаткі, пазбавіў гарады прывілеяў, канчаткова заняволіў сялян, не лічыўся са стараж. звычаямі і вольнасцямі мясц. насельніцтва, перанёс сталіцу Сіцылійскага каралеўства з Палерма ў Неапаль. Паўстанне пачалося стыхійна 31 сак. (паводле пазнейшай легенды — пад сігнал звона да вячэрні; адсюль назва). Большасць французаў (3—4 тыс.) была забіта. Палермскім парламентам сіцылійская карона прапанавана арагонскаму каралю Педра III, які ў вер. 1382 прыбыў на востраў і авалодаў усёй Сіцыліяй. Вайна супраць французаў скончылася ў 1302 поўным адпадзеннем ад Паўд. Італіі Сіцыліі, дзе ўсталявалася Арагонская дынастыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЧНАЕ МО́РА,
цэнтральная частка Міжземнага м. паміж Балканскім і Апенінскім п-вамі, а-вамі Крыт і Сіцылія. Злучана на Пн пралівам Отранта з Адрыятычным м., на З Месінскім пралівам з Тырэнскім м.Пл. 169 тыс.км². Найб.глыб. 5121 м (найб. для Міжземнага м.). Берагі вельмі парэзаныя. Вял. залівы Патраікос, Карынфскі (Грэцыя), Таранта (Італія). На У — Іанічныя а-вы. Дно ў выглядзе катлавіны, донныя асадкі — пераважна глей, глеісты пясок, пясок, ракушачнік. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, скорасць каля 1 км/гадз. Т-ра вады ад 14 °C у лют. да 25,5 °C у жніўні. Салёнасць больш за 38 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (скумбрыя, чырвоны тунец, камбала, кефаль). Гал. парты: Патры, Керкіра (Корфу; Грэцыя), Таранта, Катанія (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,
ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б.ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл.Рэканкіста).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́РМА (Palermo),
горад у Італіі, на ПнЗ в-ва Сіцылія. Адм. цэнтр вобл.Сіцылія і прав. Палерма. Каля 740 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Тырэнскім м.Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд., суднарамонтная, с.-г., эл.-тэхн., радыёэлектронная; дрэваапр., мэблевая, паліграф., цэм., харчасмакавая. Ун-т (з 1777). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Оперны і драм. тэатры. Турызм. Зімовы курорт. Штогадовыя міжземнаморскія кірмашы.
Засн. фінікійцамі. У 5—3 ст. да н.э.гал. цэнтр карфагенян у Сіцыліі. У 254 да н.э. заваяваны Рымам, у 535 н.э. — Візантыяй, у 1-й пал. 9 ст. — арабамі, у 1072 — нарманамі. З 1130 рэзідэнцыя каралёў Сіцылійскага каралеўства. З 12 ст. буйны эканам. і культ. цэнтр Паўд. Еўропы. У 1282 пасля паўстання (гл.«Сіцылійская вячэрня») з горада выгнана Анжуйская дынастыя. У час праўлення каралёў Арагона (1302—1479) заняпаў. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1734—1816 сталіца Сіцылійскага каралеўства, размяшчалася рэзідэнцыя віцэ-караля. З 1820 цэнтр рэв. руху за аўтаномію Сіцыліі. Паўстаннем у П. (12.1.1848) пачалася Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі. 27.5.1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі ад улады ісп. Бурбонаў і ўвайшоў у склад Італьян. каралеўства.
У старой частцы П. — касцёлы Сан-Джавані дэльі Эрэміці (каля 1132, мазаікі сярэдзіны 12 ст.) і Мартарана (спалучае рысы раманскага стылю з элементамі араб. і візант. архітэктуры; 1143, мазаікі сярэдзіны 12 ст.), Палацца Рэале (нармандскі палац 11 ст., перабудаваны з араб. крэпасці; перабудаваны ў 16—18 ст., мазаікі 12 ст.), Капэла Палаціна (1130—43, мазаікі 12 ст.), сабор (каля 1170, гал. фасад 14—15 ст., порцік 1465; купал — пасля 1781, паводле праекта Ф.Фугі; кампаніла 12 ст.); палацы Ла Дзіза (1154—60), Ла Куба (1180), К’ярамонце (1307), Абатэлі (1495), касцёлы 17 ст., т-р «Масіма» (1879—97, арх. Дж.Б. і Э.Базіле). У сучасным цэнтры П. (раён Вілануова) — магазін «Рандаца» (1960) і інш. Музеі: археал.нац., Нац. галерэя Сіцыліі, галерэя сучаснага мастацтва, этнагр. Дж.Пітрэ, скарбніца сабора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАКРЫ́Т (Theokritos; канец 4—1-я пал. 3 ст. да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт. Нарадзіўся ў Сіракузах (Сіцылія) ці паблізу ад іх. Росквіт літ. дзейнасці супадае з яго знаходжаннем у Александрыі пры двары Пталамея II. Заснавальнік жанру ідыліі, напісанай пераважна ў форме дыялогу або маналога. Выкарыстоўваючы сіцылійскую фалькл. традыцыю пастухоўскіх спаборніцтваў у спевах, стварыў букалічныя творы з умоўнымі вобразамі пастухоў, якія пакутуюць ад кахання на ўлонні прыроды («Тырсіс»). У ідыліях пра гараджан працягваў традыцыю дарыйскіх мімаў Сафрона: пераважалі любоўныя пачуцці («Вядзьмаркі»), быт. характарыстыкі («Сіракузянкі, або Жанчыны на свяце Адоніса»). Некат. ідыліі напісаны на міфалагічныя сюжэты («Дыяскуры», «Гілас» і інш.). Стыль Ф. адметны спалучэннем вытанчанасці і натуралізму, іроніі і сур’ёзнасці, наіўнасці і выразнасці. Збераглося каля 30 яго ідылій (з іх не ўсе арыгінальныя) і больш за 20 эпіграм.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Феокрит. Мосх. Бион: Идиллии и эпиграммы. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНІКІ́ЙСКІЯ ПАДАРО́ЖЖЫ,
сукупнасць найб. значных падарожжаў фінікійцаў у 15—5 ст. да н.э. З’яўляюцца адной з крыніц геагр. ведаў чалавецтва. Фінікійцам належыць прыярытэт у адкрыцці і даследаваннях Зах. Міжземнамор’я. Да 15 ст. да н.э. яны плавалі да берагоў Крыта, адкрылі а-вы Эгейскага м., паўд. бераг Балканскага п-ва, в-аўСіцылія, Балеарскія а-вы, Мальту, паўн. бераг Афрыкі, паўд.-ўсх. бераг Пірэнейскага п-ва. На мяжы 12—11 ст. да н.э. выйшлі ў Атлантычны ак., адкрылі зах. бераг Пірэнейскага п-ва. У 6—5 ст. да н.э. першыя з народаў Міжземнамор’я дасягнулі берагоў Брытаніі (падарожжа Гамількі да «Алавяных астравоў»), плавалі ўздоўж зах. берага Афрыкі. Самае значнае іх падарожжа ў канцы 7 ст. да н.э. — экспедыцыя па даручэнні егіп. цара Неха: за 3 гады яны абагнулі Афрыку і вярнуліся праз Гібралтарскі праліў («слупы Мелькарта»), здзейсніўшы плаванне больш як за 2 тыс. гадоў да Васка да Гамы.