горад у Туркменістане, цэнтр раёна ў Марыйскай вобласці. У Мургабскім аазісе. Засн. ў 1886. Чыг. станцыя. Лёгкая, харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. З 1933 дзейнічае як кліматычны курорт. Клімат рэзка кантынентальны з мяккай зімой і гарачым летам. Сезон з крас. да лістапада спрыяльны для лячэння хворых з хранічнымі запаленнямі нырак, у астатні час — для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб. У будынку б. царскай сядзібы (канец 19 ст.) санаторый з аддз. для падлеткаў. У наваколлі помнікі стараж. архітэктуры, у т. л. маўзалей, рэшткі мячэцяў і палацаў 7—15 ст., гарадзішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫ́НА, пуня,
1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.
2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр.сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.Шульца з удзелам арх. Ю.Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.
Л.В.Іванова.
Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.Ходзькі. 1822.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл.арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДЗЬ,
вёска ў Петкавіцкім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 40 км ад Баранавіч, 241 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Хвоева. 364 ж., 159 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1-й пал. 15 ст., належала Неміровічам, Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. У 1472 пабудаваны Троіцкі касцёл. У 1579 мястэчка, 82 сядзібы, 2 корчмы. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка і сяло Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1897 сяло, 628 ж., 120 двароў, царква, крама, карчма. 31921 у складзе Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 цэнтр сельсавета, з 1940 у Гарадзішчанскім, з 1963 у Баранавіцкім р-нах.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ішкалдскі Троіцкі касцёл (1472).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ СЯДЗІ́БА «ПІ́ПЕНБЕРГ».
Існавала ў канцы 18—19 ст. на ўскраіне Магілёва. Належала ген.-губернатару Пасеку, потым куплена Янчыным, які падараваў сядзібу гал. штаб-кватэры рус. арміі. У канцы 19 ст. належала жаночаму пансіянату. Ансамбль сядзібы размяшчаўся на 2 тэрасах правага берага р. Дняпро. На верхняй тэрасе па-над прамавугольным ставам стаяў сядзібны дом (1780-я г.) у стылі класіцызму з элементамі несапраўднай готыкі, на ніжняй — натуральныя і штучныя пасадкі, творы архітэктуры малых форм (альтанкі, капліцы, статуі, амфітэатры і інш.). Цэнтр ансамбля — мураваны прамавугольны ў плане сядзібны дом сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (захаваліся падмуркі). Гал. фасад арыентаваны на раку, у цэнтры вылучаны плоскім рызалітам, 8-калонным порцікам і завяршаўся паўфрантонам. Часткова захаваўся парк.
В.Ф.Марозаў.
Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Чарцёж галоўнага фасада сядзібнага дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КА ((Sacco) Джузепе) (Юзаф; 1735, г. Верона, Італія — 22.12.1798),
архітэктар, прадстаўнік архітэктуры барока і класіцызму. Працаваў на Беларусі. З 1773 у Гродне, прыдворны архітэктар графа А.Тызенгаўза (1774), гал. архітэктар па буд-ве каралеўскіх мануфактур ВКЛ. Кіраваў буд. школай на Гарадніцы ў Гродне. У Гродне пабудаваў Аўгустоўскую сядзібу (1770-я г.), удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў і рэканструкцыі Гродзенскага палаца Тызенгаўза (з арх. Ю.Мёзерам), Гродзенскага Новага замка, езуіцкага касцёла (1773), ратушы (1775, з арх. Фрэйліхам). Сярод інш. пабудоў: Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, палац Станіславоўскай сядзібы, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс (з арх. К.Спампані). Працаваў таксама ў г. Паставы Віцебскай вобл. (1770-я г.), вёсках Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. (1776), Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1781). Стварыў праект ратушы ў Вільні (1784, не ажыццёўлены).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛУ́ШТА,
горад на Украіне, у горнай даліне на Паўд. беразе Крыма. За 45 км ад чыг. ст. Сімферопаль. 33 тыс.ж. (1992). Прыморскі кліматычны курорт. Развіваецца з 19 ст. Адметны надзвычай спрыяльнымі для паўнацэннага адпачынку, лячэння лёгачных і нерв. хвароб умовамі: клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, цёплым малавоблачным летам, цёплай і працяглай восенню; марскія купанні з чэрвеня да кастрычніка; багатая вечназялёная расліннасць у далінах рэк, букавыя і хваёвыя лясы, вінаграднікі на схілах велічных горных масіваў Дэмерджы; адзін з найлепшых у Крыме пясчана-галечны пляж працягласцю каля 5 км. Шмат санаторыяў, пансіянатаў, турбаз і дамоў адпачынку. Прыродныя і архю-гіст. помнікі (пячоры Чатырдага, «Даліна прывідаў», рэшткі візант. і генуэзскіх крэпасцяў, умацаванняў і паселішчаў, палацы, маёнткі і сядзібы Раеўскіх, Гагарыных і інш.рус. вяльможаў). Музеі краязнаўчы і С.М.Сяргеева-Цэнскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РБНІЦА,
гаспадарчая пабудова для захоўвання каштоўных рэчаў (зброі, дакументаў і інш.). Здаўна вядомы ў Літве, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі ў замкава-палацавых і сядзібных комплексах з каменю, цэглы, дрэва, часам аб’ядноўвалі з капліцамі, жылымі і гасп. пабудовамі (Іўе, Копысь Аршанскага р-на). Склаліся 2 тыпы пабудоў: франтальны, пры якім асн.маст. ролю выконваў багата аздоблены гал. фасад з ганкам ці порцікам, часам з гадзіннікавай вежай у цэнтры (в. Варонча Карэліцкага р-на), і цэнтрычнаярусны, з кругавой балюстраднай галерэяй у 2-м ярусе (б. маёнтак Грозаў, Капыльскі р-н). Дзверы звычайна падвойныя — вонкавыя (дубовыя) і ўнутр. (жалезныя), вокны з метал. кратамі.
Ю.А.Якімовіч.
Скарбніца ў былым маёнтку Грозаў (Капыльскі раён Мінскай вобл.). Сярэдзіна 17 ст. Рэканструкцыя.Скарбніцасядзібы ў вёсцы Варонча Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. Фота пач. 20 ст.