тры сядзібныя комплексы, якія існавалі ў 17—19 ст. у мястэчку Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.).
Комплекс 1-й пал. 17 ст. ўключаў палац, 3 жылыя будынкі і гасп. пабудовы. Цэнтрам яго кампазіцыі быў 3-павярховы драўляны крыжовы ў плане палац з элементамі стылю рэнесансу, завершаны 4 латуннымі пазалочанымі купаламі. У памяшканнях былі дубовыя разныя і размаляваныя дзверы, грубкі і каміны, абліцаваныя белай і каляровай кафляй, сцены абабіты ўзорыстымі апонамі, каберцамі, чырвоным сукном. У сталовай вісела вял. латунная люстра ў выглядзе галавы аленя. Жылы будынак (з рысамі стылю рэнесансу) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гонтавым дахам, ашаляваны дошкамі; 2 іншыя вырашаны ў традыцыях нар. дойлідства. У буд-ве ўдзельнічалі нар. дойліды Ж.Матусовіч, Я.Пялецкі. Комплекс знішчаны ў вайну 1654—67.
У 2-й пал. 17 ст. пабудавана новая сядзіба. Злева і справа ад уязной брамы размяшчаліся гал. жылы будынак з алькежамі і гасп. пабудовы. У 1680-я г. пастаўлены новы драўляны жылы дом. Комплекс быў абнесены астрогам. Не захаваўся.
Цэнтрам кампазіцыі сядзібы, створанай у 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., быў 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны палац (уключаў 13 жылых і гасп. пакояў і капліцу) з мезанінам. Гал. яго фасад быў вылучаны 4-слуповым ганкам. Палац з 2 бакоў фланкіравалі флігелі, за ім размяшчаліся мураваная скарбніца са склепам, гасп. пабудовы. Двор абкружаў італьян. сад з ліпавымі шпалерамі. Комплекс не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ СЯДЗІ́БЫ ВАНЬКО́ВІЧАЎ,
помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў Мінску. Звязаны з жыццём і творчасцю бел. мастака В.Ваньковіча. Гарадская сядзіба пабудавана на мяжы 18—19 ст. у гіст. цэнтры Мінска (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Яе комплекс уключаў жылы дом у стылі класіцызму, 2 флігелі, гасп. пабудовы, фруктовы сад. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пач. 19 ст. частка паўн.-зах. сцяны была мураваная) на каменным падмурку, накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал.паўд.-ўсх. фасад вылучаў 8-калонны порцік з цэнтр. уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік на паўн.-зах. фасадзе. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. У інтэр’еры захаваліся кафляныя печы. Дом і флігелі ўтваралі двор-курданёр. Паўд.-зах. флігель мураваны, 2-павярховы, прамавугольны ў плане, паўн.-ўсх. (не захаваўся) — 2-павярховы (1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны), прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры яго паўн.-ўсх. фасада быў 5-гранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Комплекс адноўлены. З 2000 музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» — філіял Нац.маст. музея Беларусі. Сельская сядзіба пабудавана ў прыгарадзе Мінска Вял. Сляпянка (цяпер у межах Мінска, вул. Парніковая). Комплекс уключаў мураваны сядзібны дом, бакавыя флігелі (не захаваліся) і парк, перапланаваны ў 1896 садаводам В.Кроненбергам (захавалася частка геам. сеткі алей). 2-павярховы Т-падобны ў плане дом з высокім цокалем. Тарцовыя сцены аформлены трохвугольнымі франтонамі. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкар. аздабленні дома выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш.
У.М.Дзянісаў, А.М.Кулагін.
Да арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў. Гарадская сядзіба. Рэканструкцыя.