ЛІ́НДЭ ((Linde) Самуэль Багуміл) (24.4. 1771, г. Торунь, Польшча — 18.8.1847),

польскі лексікограф. Чл. многіх замежных акадэмій. З 1791 выкладчык польскай мовы ў Лейпцыгскім ун-це, з 1804 дырэктар Варшаўскага ліцэя. У перыяд Варшаўскага княства чл. Палаты грамадскай адукацыі, кіраўнік Дырэкцыі нар. адукацыі. Адзін з арганізатараў і дырэктар публічнай б-кі пры Варшаўскім ун-це. Чл. Варшаўскага т-ва сяброў навук, многіх навук. т-ваў. Гал. праца Л. — «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—6, 1807—14). Аўтар працы «Пра статут літоўскі...» (1816). Даследаваў стараж. прускую мову.

Літ.:

Michalski J. Spór o koncepcję «Słownika» Lindego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Warszawa, 1954. T. 2.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),

у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза, балетмайстар М.​Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, балетмайстар А.​Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, балетмайстар Ю.​Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1907—15 у Мінску. Засн. па ініцыятыве скрыпача Н.​Рубінштэйна. Працавалі класы фп. (педагогі І.​Гянко, В.​Сварыка, Р.​Пінкус, Г.​Бах, Занцэвіч), спеваў (Я.​Марачнік), скрыпкі, тэорыі музыкі, гармоніі і сальфеджыо (Рубінштэйн), віяланчэлі (М.​Пестрыкаў, Л. фон Зіберштэйн). У 1913 у вучылішчы адкрылася бібліятэка-чытальня Мінскага таварыства сяброў музыкі. Вучылішча стала цэнтрам муз. жыцця горада. Выкладчыкі і навучэнцы сістэматычна наладжвалі канцэрты (5—6 камерных і сімф. канцэртаў на навуч. год са складанымі праграмамі з твораў І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, П.​Чайкоўскага).

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 137—138.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТКО́ЎСКІ ((Gutkowski) Войцех) (16.4.1775, в. Замене Сядлецкага ваяв., Польшча — 1.5.1826),

адзін з першых польскіх сацыялістаў-утапістаў, вучоны-эканаміст. З 1811 чл. Т-ва сяброў навукі, у 1803—04 рэд. штомесячніка «Dziennik Ekonomiczny Zamojski» («Замойскі эканамічны веснік»), у якім прапагандаваў ідэі фізіякратызму. Гал. праца Гуткоўскага — утапічная аповесць «Падарожжа да Калапеі...» (па-польску «Kalop» анаграма слова «polak»; апубл. ўпершыню ў 1956). У ёй спалучаны рацыяналізм асветніцтва з крытыкай ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці; шлях да аздараўлення грамадскіх адносін, на думку Гуткоўскага, належала шукаць у поўнай змене існуючага грамадскага ладу, якому ён проціпастаўляў ідэал грамадства, заснаванага на прынцыпах эгалітарызму. Аўтар прац «Эканамічны катэхізіс для сялян...» (1806), «Падлік прыбыткаў, што вынікаюць з усталявання пераўтворанага земляробства» (1825).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВЫ,

удзельнікі рэв. руху дзекабрыстаў у Рас. імперыі, браты. Нарадзіліся ў Сумскай вобл., Украіна.

Андрэй Іванавіч (1798—12.10.1854) — адстаўны падпаручнік (1823), Пётр Іванавіч (1800—12.10.1854) — падпаручнік (1825). Атрымалі хатнюю адукацыю. З 1816 служылі ў 26-й, з 1820 у 8-й артыл. брыгадах. У 1818 заснавалі асв. Т-ва першай згоды, якое неўзабаве пераўтварылі ў тайнае Т-ва сяброў прыроды. Заснавальнікі (разам з Ю.​К.​Люблінскім) і кіраўнікі Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У час Чарнігаўскага палка паўстання прымалі захады па яго пашырэнні. У 1826 арыштаваны і асуджаны. Адбывалі катаргу ў Нерчынскіх рудніках, з 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Андрэй Іванавіч скончыў самагубствам пасля раптоўнай смерці брата.

Літ.:

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988. С. 28—29, 229.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ.

Існавала ў Гродне ў 1900—15. Мела на мэце садзейнічаць развіццю і ўдасканаленню сельскай гаспадаркі і с.-г. прам-сці ў Гродзенскай губ. У 1909 аб’ядноўвала 68, у 1912 — 73 чл. (пераважна дваран). Пры т-ве існавалі к-ты (агранамічны, па вінакурэнні, жывёлагадоўлі, крухмальнай вытв-сці і інш.); аддзяленні ў мяст. Лунна (Гродзенскі пав.) і Заблудава (Беластоцкі пав.). Т-ва забяспечвала сваіх сяброў насеннем, племянной жывёлай, угнаеннямі, тэхнікай і інш., займалася арг-цыяй кааператываў і дробнага крэдыту, прапагандавала ідэю рассялення шматдваровых вёсак і ўвядзення хутарскога землеўладання, арганізоўвала курсы, выстаўкі, чытанні. Пры т-ве дзейнічала сярэдняе с.-г. вучылішча, з 1910 існавала доследнае поле, з 1914 — хім. і бат. лабараторыі, метэаралагічная станцыя, бат. сад і інш.

В.​В.​Швед.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Ганс Гвіда фон) (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.​Ліста (фп.) і М.​Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.​Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.​Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.​Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІСА́РАВА (Марыя Іванаўна) (17.8.1904, с. Андрэеўскае Сусанінскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 5.5.1988),

расійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Першазімак» (1928), «Пераправа» (1932), «Самае дарагое» (1962), «Дарога да сяброў» (1968), «Чаканне сустрэчы» (1973), паэмы «Ліза Чайкіна» (1955), у якіх апяванне чалавека працы, клопат аб прыродзе, тэма кахання. Уражанні ад паездак на Беларусь у вершах «Беларусі», «Купалава крыніца», «Твая зямля», «Янку Купалу» і інш. На рус. мову перакладала творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі, П.​Броўкі, П.​Глебкі, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, Э.​Агняцвет, К.​Буйло, А.​Звонака. На бел. мову асобныя яе вершы пераклалі С.​Грахоўскі, М.​Калачынскі, П.​Макаль, К.​Цвірка і інш.

Тв.:

Избр. Л., 1984;

Бел. пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;

Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́КЕРЫ (англ. quakers літар. якія трасуцца),

Таварыства сяброў (Society of Friends), паслядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызме, заснаванага ў 1652 у Англіі Дж.​Фоксам пры ўдзеле У.​Пена. У выніку праследаванняў з боку ўрада і афіц. англіканскай царквы многія абшчыны К. з 1670-х г. эмігрыравалі ў Паўн. Амерыку. Становішча англ. і амер. К. легалізавана прыняццем у 1689 «Закону аб верацярпімасці». Асновы веравучэння сістэматызаваны тэолагам Р.​Баклі (1676), арганізац. структуры распрацаваны Пенам, які заснаваў гал. асяродак К. у штаце Пенсільванія (ЗША). К. лічаць крыніцай веры ўнутр. праяўленне Бога, якое даецца кожнаму чалавеку, адмаўляюць усе знешнія формы культу, інстытут свяшчэнства, не прызнаюць вайск. службу, прысягу, выступаюць супраць рэліг. і сац. няроўнасці (у т. л. змагаліся супраць рабства, аказвалі дапамогу ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў). За сваю пацыфісцкую дзейнасць атрымалі Нобелеўскую прэмію міру 1947.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в. Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),

бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.​Коласа, партызанкі Н.​Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.​І.​Казлова (1946), І.​П.​Ціткова (1945), Е.​С.​Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.​І.​Шубы, мастака А.​Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.​В.​Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.​Ф.​Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.​Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.​І.​Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.​Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.

М.​А.​Міронаў.

З.Паўлоўскі. Партрэт мастака А.​Мазалёва. 1945.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)