МАЁЛЬ (Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),
французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́Н, Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse),
горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс.ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф.прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).
У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст.ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁІ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919.
Падпісаны 27 ліст. ў Нёі-сюр-Сен (прыгарад Парыжа) паміж дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, і Балгарыяй; частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Набыў сілу 9.8.1920. Паводле дагавора Балгарыя страціла Зах. Фракію (8,5 тыс.км², перайшла ў распараджэнне Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Японіі, у 1920 перададзена Грэцыі) і выхад да Эгейскага м. (Балгарыі гарантаваўся свабодны эканам. выхад да гэтага мора), 4 зах. акругі з гарадамі Царыброд, Басілеград, Струміца (2566 км²; адышлі да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 — Югаславія), пацверджана мяжа з Румыніяй, устаноўленая Бухарэсцкім мірным дагаворам ад 10.8.1913 (Паўд.Дабруджа засталася ў складзе Румыніі). Балгарыя абавязалася выплаціць дзяржавам-пераможцам рэпарацыі на суму 2,25 млрд. залатых франкаў (на працягу 37 гадоў), яе ўзбр. сілы колькасна абмяжоўваліся да 20 тыс.чал. У 1929 і 1930 перагледжаны артыкулы дагавора аб рэпарацыях, у 1938 — аб ваен. абмежаваннях.
Паводле балг.-рум. дагавора ад 7.9.1940 Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Н.м.д. страціў сілу пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РСКІ Сяргей Юр’евіч (н. 16.3.1935, С.-Пецярбург),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1959). З 1957 працаваў у Ленінградскім Вял.драм. т-ры, з 1978 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. У 1992 арганізаваў у Маскве «АРЦель АРТыстаў Сяргея Юрскага». Яго мастацтву ўласцівы гратэскная вастрыня і эксцэнтрычнасць малюнка ў спалучэнні з тонкім, глыбокім псіхал. аналізам. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля), Тэсман («Геда Габлер» Г.Ібсена), Генрых IV («Генрых IV» У.Шэкспіра) і інш. Паставіў спектаклі: «Тэма з варыяцыямі» С.Алёшына (1979, і роля Ігара Міхайлавіча), «Праўда — добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага (1980, роля Гразнова), «Пахаванне ў Каліфорніі» Р.Ібрагімбекава (1982, роля Вандроўніка), «Гульцы — XXI» паводле Гогаля (1992, роля Глова), «Крэслы» Э.Іанеска (1994, роля Лёўё), «Пасля рэпетыцыі» І.Бергмана (1996, роля Хенрыка Фоглера), «Правакацыя» І.Вацэціса (2000) і інш.; шэраг тэлеспектакляў. З 1960 здымаецца ў кіно: «Час, уперад!», «Рэспубліка ШКІД», «Залатое цяля», «Месца сустрэчы змяніць нельга» (тэлефільм) і інш. Аўтар кніг «Хто трымае паўзу» (1977), «У часы нягоды» (1989), «Сюр» (1996), «Жэст» (1997), «Змесціва скрынкі» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМПА́НЬ (Champagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён (Шампань—Ардэны) на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Марна, Верх. Марна, Об, Ардэны. Пл. 25,7 тыс.км². Нас. 1,3 млн.чал. (1996). Гал. горад — Рэймс. Большая ч.тэр. — хвалістая раўніна. На ПнУ — адгор’і Ардэнаў, на З — куэста Іль-дэ-Франс. Гал.р. Сена з прытокам Марна злучаны каналамі з рэкамі бас. Рэйна і Соны. Гаспадарка індустр.-агр. тыпу. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л.вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці, лёгкая (тэкст., трыкат., вытв-сць дываноў і галантарэйных вырабаў), харч. (у т. л.вытв-сць шампанскіх він), дрэваапр. і папяровая. Вырошчваюць пераважна збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза) культуры. Вінаградарства (на схілах куэсты Іль-дэ-Франс). Развіта жывёлагадоўля.
У пісьмовых крыніцах тэрмін «Шампань» упершыню сустракаецца як назва графства, створанага ў 2-й пал. 9—10 ст. пасля аб’яднання графстваў Труа і Мо. Буйн. гарадамі Ш. былі Труа (адм. ц.) і Рэймс (месца каранацыі франц. каралёў). У правінцыі развіваліся авечкагадоўля, з 14 ст. — вінаробства (у канцы 17 ст. тут упершыню арганізавана вытв-сць пеністых він). Вял. ролю ў зах.-еўрап. гандлі 12—13 ст. адыгрывалі кірмашы, якія перамяшчаліся з аднаго горада ў другі (Ланьі, Бар-сюр-Об, Правен, Труа) і дзейнічалі ў Ш. амаль круглы год. У 1284 (канчаткова ў 1361) Ш. далучана да каралеўскага дамена. У час Стогадовай вайны 1337—1453. Ш. — месца гал.ваен. дзеянняў, што падарвала эканам. значэнне яе кірмашоў. У 1358 на частку тэр. Ш. пашырылася сял. паўстанне Жакерыя. Пасля падзелу ў 1790 тэр. Францыі на дэпартаменты прав. Ш. скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГУ́НДЫЯ (Bourgogne),
гістарычная вобласць у Францыі, у бас.р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн.індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн.трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.
У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст.б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх.ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры [1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).
Да арт.Бургундыя. Музей прыгожых мастацтваў (былы палац герцагаў Бургундскіх) у Дыжоне. 1682. Арх. Ж. Ардуэн-Мансар.