БУРГУ́НДЫЯ

(Bourgogne),

гістарычная вобласць у Францыі, у бас. р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн. індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн. трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюрКур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.

У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст. б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх. ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры |1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)