стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЫ́,
рагавыя ніткападобныя ўтварэнні скуры чалавека і млекакормячых. Сукупнасць валасоў утварае валасяное покрыва скуры, якое ахоўвае яе паверхню ад пашкоджанняў і ахаладжэння. Валасы бываюць накіроўныя, пуховыя і прыкметныя (вібрысы). Волас складаецца са стрыжня (выступае над скурай) і кораня, размешчанага ў скуры і акружанага валасяным фалікулам. На канцы фалікула — цыбулінка, у якую ўрастае злучальны валасяны сасочак з крывяноснымі сасудамі. Валасы маюць пігменты, ад якіх залежыць іх афарбоўка. У некаторых жывёл валасы сталі шчаціннем (свінні), калючкамі (вожыкі), у жывёл з патоўшчаным эпідэрмісам (сланы, насарогі) ці моцна развітым тлушчавым слоем (кіты) — рэдукаваныя. У чалавека да 8 месяцаў ва ўлонні маці цела ўкрыта першаснымі (плоднымі) валасамі. Скорасць іх росту ў нованароджаных 0,2 мм за суткі, пазней да 0,3—5 мм за суткі. У дарослых у залежнасці ад участка цела колькасць валасоў на 1 см² ад 40 да 880. На іх рост уплываюць агульны стан арганізма, фіз. фактары, гармоны. На працягу жыцця арганізма валасы абнаўляюцца (у чалавека без пэўнага рытму, у жывёл перыядычна — лінька). Пры інфекцыях і розных парушэннях у арганізме ўзнікаюць валасоў хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАШЭ́НКА (Сцяпан Мікалаевіч) (1909, в. Узніцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 25.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў пач. школу. Працаваў рахункаводам. У Чырв. Арміі з пач. 1942, на фронце са снеж. 1942. У ноч на 24.9.1943 група разведчыкаў на чале са старшыной роты К. фарсіравала Дняпро, захапіла плацдарм у раёне в. Пекары (Чаркаская вобл., Украіна) і больш як суткі яго ўтрымлівала. Загінуў пры пераправе на левы бераг Дняпра з данясеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОН-ЦІ́КІ»
(назва ад імя бога інкаў),
плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс.км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),
крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.
Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.
Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧЫ́ХІНСКІ БОЙ 1942.
Адбыўся паміж зводным атрадам 2-й Бел.партыз. брыгады імя П.К.Панамарэнкі і ням фаш. гарнізонам на ст. Бычыха Мехаўскага р-на (цяпер у Гарадоцкім р-не) Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. У ноч на 15 ліп. партызаны з боем уварваліся ў акопы і апорныя пункты ворага, разграмілі гарнізон на станцыі і тэр. былой МТС. У выніку бою чыгунка Віцебск—Невель была выведзена са строю больш як на суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́ РАЦЫЁН,
набор і колькасць кармоў на пэўны прамежак часу (суткі, сезон, год) з улікам патрэб жывёл у пажыўных рэчывах. Распрацоўваюць на аснове дэталізаваных кармавых норм і звестак пра пажыўнасць корму. К.р. наз. збалансаваным, калі цалкам забяспечвае патрэбы жывёлы ў нарміраваных элементах харчавання і адпавядае навукова абгрунтаваным суадносінам паміж імі. На практыцы К.р. часцей складаюць па сярэдніх (па групе ці секцыі) паказчыках жывой масы, прадукцыйнасці і ўзросту жывёл. Пры змене нормы кармлення, пажыўнасці і асартыменту кармоў рацыёны карэкціруюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПАЛАЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 813. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1941 у Вял.Айч. вайну ў прыгарадзе г. Магілёва Лупалаве для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Абгароджаны некалькімі радамі калючага дроту, па якім пускалі электрычны ток. Вязняў марылі голадам, катавалі, расстрэльвалі, з-за антысанітарных умоў панаваў тыф: за суткі гінула да 250 чал., памерлых закопвалі каля баракаў. Да 1943 тут загублена больш за 40 тыс.чал. На месцы лагера мемар. комплекс, запалены Вечны агонь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕПСІ́Я (ад дыс... + грэч. pepsis страваванне),
парушэнні стрававання. Тэрмін «Д.» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная Д. і брадзільная Д. У аснове брадзільнай Д. ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная Д. — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху). Д. дзіцячая — вострая хвароба стрававальна-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8—9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Пры простай Д. стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6—8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная Д. — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вял. страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтр.нерв., вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВА́ЧКА,
перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.