БЕТПА́К-ДАЛА́, Бедпак-Дала, Паўночны Галодны стэп,

пустыня ў Казахстане, ад р. Сарысу на З да воз. Балхаш на У. Пл. каля 75 тыс. км². Плоская і спадзістахвалістая раўніна з сярэднімі выш. 300—350 м (найб. г. Джамбул, 974 м). Зах. ч. — гліністая салянкава-палыновая пустыня, якая пераходзіць на У у камяністую пустыню. Шмат дробных, засоленых азёраў. Пашы; асвойваецца пад земляробства.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁМ (англ. biome),

сукупнасць відаў раслін, жывёл і асяроддзя іх пражывання ў пэўнай ландшафтна-геагр. зоне. У склад біёму ўваходзяць біягеацэнозы, якія цесна ўзаемазвязаны патокамі энергіі і рэчываў. Для кожнага біёму (стэп, тайга, тундра, пустыня, горы, лясы і інш.) характэрна пэўная форма кліматычнай расліннасці. Тэрмін ужываецца пераважна ў замежнай л-ры. У прыродаахоўнай л-ры біём — сінонім паняцця «біятычная супольнасць». Блізкі да тэрміна біёта.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАСФЕ́РА (ад бія... + геасфера),

абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.​К.​Яфрэмаў (1959).

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРЫ́ТЫ, амарэі, амуру,

галіна семіцкіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі Сірыйскі стэп ад Палесціны да Персідскага зал. У канцы 3-га тыс. да н.э. разбурылі шумерскую цывілізацыю Ура і каля 1894 да н.э. заснавалі Старававілонскую дзяржаву. Асеўшы ў Месапатаміі, у 18—17 ст. да н.э. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам, у Сірыі і Палесціне ў 15—10 ст. да н.э. зліліся з ханаанеямі. У 1-м тыс. да н.э. Сірыя наз. Амуру.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВАДНЕ́ННЕ,

сукупнасць гідратэхнічных мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой бязводных і малаводных раёнаў. Ажыццяўляецца праз асваенне мясц. рэсурсаў вады, перакідкай яе па каналах і трубаправодах, буд-вам рэзервовых вадаёмаў і інш. Абвадненне развіта ў Сярэдняй Азіі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і інш. На тэр. Беларусі абвадненне выкарыстоўваюць на дажджаванне сельгасугоддзяў, патрэбы прамысл. і камунальнай гаспадаркі, супрацьпажарныя мэты. Комплексна выкарыстоўваюць вадасховішчы Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае і інш.

Да арт. Абвадненне. Вадавод з р. Амудар’я ў стэп.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́ЦКАЯ НІЗІ́НА,

усходняя ч Унутраных раўнін Паўд. Амерыкі ўздоўж рэк Парагвай і Парана. Даўж. з Пн на Пд каля 2300 км. Шыр. да 900 км. Уключае прыродныя вобласці Пантанал, Гран-Чака, Пампа і Міжрэчча. Уяўляе сабой сінеклізу Паўд.-амер. платформы, якая запоўнена магутнай тоўшчай кантынентальных, пераважна кайназойскіх адкладаў. На Пн клімат трапічны, летам вільготны; рэдкалессі і вял. балоты ўздоўж рэк. На Пд клімат трапічны, раўнамерны, вільготны; светлыя лясы, прэрыі і стэп. Земляробства. жывёлагадоўля.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШТ-І-КІПЧА́К, Кіпчакскі стэп,

назва ў арабскіх і перс. крыніцах 11—15 ст. тэр. ад р. Іртыш да р. Дунай, ад Крыма да г. Балгар Вялікі (гл.

Балгарыя Волжска-Камская), дзе качавалі кіпчакі (полаўцы). У 13 ст. заваяваны манголамі. Падзяляўся мяжой па Урале і р. Яік (цяпер Урал) на Усх. і Заходні Кіпчак (вядомы ў рус. летапісах пад назвай Палавецкая зямля). У 16—18 ст. Д.-і-К. называлася толькі ўсх. частка (тэр. сучаснага Казахстана).

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖЫ́НСКІ (Сяргей Іванавіч) (7.9.1861, г. Астрахань, Расія — 1.12.1900),

рускі батанік, аўтар тэорыі наступлення лесу на стэп. Акад. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Казанскі ун-т (1885). У 1888—92 праф. Томскага ун-та, з 1892 гал. батанік Пецярбургскага бат. саду, з 1893 дырэктар бат. музея АН. Адзін з заснавальнікаў фітацэналогіі. Апісаў расліннасць Сярэдняй Азіі, прапанаваў агульнае бат.-геагр. раяна-1 ванне Расіі. Пачаў выданне «Гербарыя рускай флоры» (1898). Незалежна ад Дэ Фрыза абгрунтаваў мутацыйную тэорыю («тэорыя гетэрагенезу», 1899).

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́БІНСКАЯ НІЗІ́НА, Барабінскі стэп, Бараба,

на Пд Зах. Сібіры, пераважна ў Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. Пл. каля 117 тыс. км². На Пд пераходзіць у Кулундзінскую раўніну. Паверхня — хвалістая раўніна (выш. да 150 м) з паралельнымі высокімі грывамі (асабліва на Пд). На грывах лугавыя стэпы, разнатраўныя лугі і бярозавыя гаі (калкі) на чарназёмах, саланцах і шэрых лясных глебах; у паніжэннях паміж імі — больш за 2000 прэсных і салёных азёраў (найб. Чаны, Тандава, Сартлан), сфагнавыя балоты, саланчаковыя лугі.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НТЫ (грэч. Antai),

назва аб’яднання ўсх.-слав. плямёнаў у творах візант. і гоцкіх пісьменнікаў 6 — пач. 7 ст. Засялялі стэп і лесастэп паміж Днястром і Дняпром. Асн. занятак — земляробства; пераважала сельская абшчына. Працэс складвання дзяржавы, які пачаўся ў 3—4 ст., не быў завершаны. Вядомы правадыры («рэксы») антаў — Бож, Ардагаст, Пірагаст, Межамір і інш. Мелі моцную ваен. арг-цыю. У 4 ст. ваявалі з готамі, у 6 ст. — з Візантыяй і аварамі. На пач. 7 ст. аб’яднанне распалася.

Анты ў архітэктуры.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)