О́ПЕРНАЯ СТУ́ДЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ АКАДЭ́МІІ МУ́ЗЫКІ Засн. ў 1939 (у 1941—59 не працавала) у Мінску. У розныя гады маст. кіраўніцтва ажыццяўлялі заг. кафедры опернай падрыхтоўкі Бел. акадэміі музыкі М.Сярдобаў, Ю.​Новікаў, Ю.Ужанцаў, В.Ганчарэнка, М.Зданевіч (з 1983). Спектаклі ставілі таксама рэжысёры В.Барысевіч, П.Златагораў, дырыжоры Э.​Арашкевіч, Н.​Балазоўскі, І.Гітгарц, Н.Грубін, Л.Лях, М.​Нерсесян, С.​Ратнер, Р.​Рубінштэйн і інш.

Ажыццявіла больш за 60 пастановак, у т. л. «Яўген Анегін» і «Іаланта» П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Алека» С.​Рахманінава, «Каменны госць» А.​Даргамыжскага, «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні, «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці, «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта, «Травіята» Дж.​Вердзі, «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Паяцы» Р.​Леанкавала, «Чыо-Чыо-сан» і «Багема» Дж.​Пучыні, «Цыганскі барон» І.​Штрауса, «Па старонках беларускіх опер», «Матухна Кураж» С.​Картэса, фрагменты з опер «Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага, «Калючая ружа» Ю.​Семянякі, «Яснае світанне» А.​Туранкова, «Надзея Дурава» А.​Багатырова, «Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна, «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, аперэты «Коксагыз» М.​Чуркіна і інш. На сцэне студыі пачыналі творчы шлях А.​Бундзелева, М.Галкоўскі, А.​Гардынец, М.Грыгорчык, В.Гур’еў, С.​Драбышэўскі, Зданевіч, У.Іваноўскі, Н.Казлова, І.Краснадубскі, В.​Курбацкая, В.Кучынскі, Л.​Лют, М.Майсеенка, В.​Мінгалёў, А.Падгайскі, Я.Пятроў, В.Скорабагатаў, А.​Тузлукоў, С.​Франкоўскі, А.​Шведава, І.Шыкунова і інш. За гады існавання студыя паказала каля 300 спектакляў.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 11, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Існавала з кастр. 1930 да мая 1933 у Мінску. Створана на базе вышэйшага опернага класа Бел. муз. тэхнікума з мэтай падрыхтаваць адкрыццё на Беларусі т-ра оперы і балета. Кіраўнікі: дырыжор І.Гітгарц, балетмайстар Л.Крамарэўскі, хормайстар і гал. канцэртмайстар Г.Пятроў, рэжысёр-асістэнт В.Барысевіч, вакальны кансультант і педагог А.Баначыч. Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (рэж. У.​Тазаўроўскі), «Кармэн» Ж.​Бізэ (рэж. Б.​Норд), балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (усе на сцэне БДТ-1). Рэарганізавана ў сталы тэатр (гл. Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).

Сярод студыйцаў: спевакі Л.​Александроўская, І.​Балоцін, Т.​Каліноўская (Баначыч), М.​Гульман, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, А.​Зайцава, В.​Каліноўскі, Д.​Кроз, М.​Пігулеўскі, К.​Пуроўскі, М.​Русін, К.​Саліна, Дз.​Салохін; танцоры Я.​Вяпрынскі, С.​Дрэчын, К.​Калітоўская, Л.​Крамарэўская, Н.​Фінская, Г.​Шчолкіна.

Літ.:

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963.

Б.​С.​Смольскі.

Група кіраўнікоў і салістаў Беларускай студыі оперы і балета: у першым радзе справа налева — 1-ы А.​Баначыч, 2-і Г.​Пятроў, 3-я А.​Зайцава, 4-ы І.​Гітгарц; у другім радзе — 2-і М.​Дзянісаў, 3-і М.​Пігулеўскі, 5-я Т.​Баначыч, 6-ы У.​Тазаўроўскі. 1931.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў 4/122; 5/570; 7/237—238; 12/647

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Беларуская студыя пры цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе 2/232, 255; 6/316; 10/91, 375; 12/635

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНЫХ І ХРАНІКА́ЛЬНА-ДАКУМЕНТА́ЛЬНЫХ ФІ́ЛЬМАЎ.

Існавала ў 1961—68 у Мінску. Створана на базе сектара кінаперыёдыкі і дакумент. фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з якой аб’ядналася і існавала як яе вытворча-творчае аб’яднанне «Летапіс». Выпускала кінаперыёдыку, дакумент., навук.-папулярныя і навуч. фільмы. Рэгулярна выходзілі кіначасопісы «Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Спартыўны агляд», «Мастацтва Беларусі», асобныя выпускі кіначасопісаў «Навука і тэхніка БССР» і «Сельская гаспадарка Беларусі». Сярод лепшых фільмаў: «Янка Купала» і «Якуб Колас» (1962), «Горад становіцца святлейшым» (1963), «Есць такая зямля» (1964), «Веснавыя галасы» (1965), «Шчырая размова» (1966), «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967), «Першыя ноты» (1968) і інш.

В.​І.​Смаль.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТА» ў Латвіі,

культурна-асветнае таварыства бел. інтэлігенцыі ў 1924—36. Асн. мэты: гуртаванне бел. меншасці ў Латвіі, далучэнне яе да лат. і адначасова развіццё бел. культуры. Мела аддзелы ў Дзвінску, Лібаве, Люцыне. Па ініцыятыве «Беларускай хаты» створаны прыватная бел. школа, дзярж. бел. 2-гадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гар. 6-класная бел. школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драм. студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, бел. дзіцячы сад у Дзвінску, б-кі і гурткі.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН (Аляксандр Леапольдавіч) (н. 12.2.1949, г. Архангельск, Расія),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыўшы Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1977), працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў маст. Фільмы «Чужая вотчына» (1980, з Я.​Ігнацьевым), «Філіял» (1987), «Д’ябал» (1990), «Кветкі правінцыі» (1995) і інш., мультфільмы «Капрычыо» (1986), «З днём нараджэння!» (1996, аўтар сцэнарыя і рэжысёр), спектакль «Запіскі вар’ята» (Тэатр-студыя кінаакцёра, 1980). Жывапісным яго работам уласцівы глыбокі псіхалагізм («Аўтапартрэт», «Журба», абедзве 1994), рысы стараж. абраза («Замілаванне», 1996, і інш.).

А.Верашчагін. Журба. 1994.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАСТУ́ДЫЯ (ад кіна... + студыя),

прадпрыемства па вытв-сці кіна- і тэлефільмаў, якое аб’ядноўвае мастацка-творчыя і вытв.-тэхнал. працэсы. Бываюць К. мастацкіх, хранікальна-дакументальных, навук.-папулярных, мультыплікацыйных фільмаў, а таксама аб’яднаныя К., якія выпускаюць фільмы розных жанраў (напр., «Беларусьфільм», «Масфільм»).

Пры К. звычайна працуюць маст. саветы, розныя аддзелы (сцэнарны, акцёрскі і інш.), цэхі і майстэрні (дэкаратыўна-тэхн. збудаванняў, здымачнай тэхнікі, апрацоўкі кінаплёнак, кінамантажу, гукатэхнічны і інш.). Асн. вытв. памяшканні К. — кіназдымачныя павільёны са спец. абсталяваннем і апаратурай. Гл. таксама Кінамастацтва, Кінатэхніка.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».

Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.​Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.​Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.​Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.​Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.​Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.​Цендракова, «Назначэнне» А.​Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.​Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.​Міхалкова паводле М.​Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.​Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.​Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.​Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.​Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.​Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1994), «Тры таварышы» А.​Гетмана паводле Э.​М.​Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.​Ахеджакава, А.​Вярцінская, В.​Гафт, А.​Даль, Н.​Дарошына, Я.​Еўсцігнееў, М.​Казакоў, І.​Кваша, Т.​Лаўрова, А.​Мягкоў, М.​Няёлава, А.​Табакоў, Л.​Талмачова, П.​Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.​Вікцюк, Кваша, Г.​Таўстаногаў, В.​Фокін, А.​Эфрас і інш.

Маскоўскі тэатр «Сучаснік».

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ ЗРО́КУ,

грамадская арг-цыя. Засн. ў 1924. Прымае асоб ва ўзросце ад 16 гадоў. Налічвае больш за 90 тыс. членаў (1995). Асн. мэта — сац.-прац. рэабілітацыя інвалідаў па зроку і іх інтэграцыя ў грамадстве. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 6 абл. і больш за 130 раённых арг-цый; дзейнічаюць 17 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мазыры, Маладзечне, Мінску, Навагрудку, Оршы, Полацку, Чэрвені і інш.); культ.-асв. цэнтр (цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, студыя гуказапісу, камерны хор «Кантус», эстрадны аркестр, клубы і дамы культуры). Друкаваны орган — «Цэнтральная газета», працуе радыёчасопіс «Таварыш».

А.​І.​Нятылькін.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)