АНДРЫЁЛІ (Міхал Эльвіра) (26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),

жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.​Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.​Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, А.​Мальчэўскага, Ю.​Крашэўскага, У.​Сыракомлі, Э.​Ажэшкі, У.​Шэкспіра, Дж.​Ф.​Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.

Літ.:

История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;

Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.

М.Андрыёлі. Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ВА (санскр. Небыццё, неіснаванне),

паняцце класічнай інд. філасофіі, якое ў шэрагу навук. школ азначае «адсутнасць», «знішчэнне», «адмаўленне», «смерць»; нярэдка разглядаецца як катэгорыя, процілеглая станоўчай абхаве (быццё, існаванне). У Канады, заснавальніка стараж.-інд. філас. сістэмы вайшэшыкі, абхава проціпастаўляецца 6 станоўчым відам рэальнасці, якія выступаюць як аб’екты пазнання (субстанцыя, якасць, дзеянне, усеагульнасць, асаблівасць, уласцівасць).

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),

паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАНСТАЛЬ ((Hofmannsthal) Гуга фон) (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),

аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДЫБА́ЕЎ (Абдылас) (7.7.1906, г.п. Карабулак Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 31.5.1978),

кіргізскі спявак (тэнар), кампазітар; адзін з заснавальнікаў кірг. муз. т-ра, вак.-сімф. і песеннага жанраў. Нар. арт. СССР (1939). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1940—41 і 1947—50). З 1930 дырэктар, з 1933 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. У 1939—67 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Кіргізіі. Аўтар (з У.​Уласавым і У.Ферэ) муз. драмы «Не смерць, а жыццё» (3-я рэд., 1936), опер, у т. л. першай нац. «Месяцавая прыгажуня» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «На берагах Ісык-Куля» (паст. 1951), «Тактагул» (паст. 1958), музыкі Дзярж. гімна Кіргізіі (1946) і інш. Запісаў больш за 1 тыс. кірг. нар. мелодый. Сярод партый: Бектур, Кульчаро, Сыргак («Не смерць, а жыццё», «Месяцавая прыгажуня», «Манас»), Аскер («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Тулеген («Кыз-Жыбек» Я.​Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Такгагула 1970.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЛЬ ((Merie) Рабер Жан Жорж) (н. 29.8.1908, г. Тэбеса, Алжыр),

французскі пісьменнік. Д-р літ.-знаўчых навук. Скончыў літ. ф-т у Парыжы. З 1949 праф. Рэнскага, пасля Тулузскага, Алжырскага (1962—64), Парыжскага ун-таў. Дэбютаваў як літ.-знавец («Оскар Уайльд», 1948). У раманах «Уік-энд на Паўднёвым беразе» (1949, Ганкураўская прэмія), «Смерць — маё рамяство» (1953), «Востраў» (1962), п’есе «Сізіф і смерць» (1950) даследуе псіхалогію фашызму, уздымае пытанні асабістай адказнасці чалавека перад грамадствам. У цэнтры раманаў «За шклом» (1970), «Мадрапур» (1976) актуальныя паліт. і маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана-антыутопіі «Мальвіль» (1972), гіст. дылогіі «Лёс Францыі» (1977), «У нашы маладыя гады» (1979), рамана-рэпартажу «Сонца ўзыходзіць не для нас» (1986), філас. п’ес, дакумент. твораў.

Тв.:

Рус. пер. — Смерть — мое ремесло. М., 1963;

Монкада. М., 1968;

Разумное животное. М., 1969;

За стеклом. М., 1972;

Мальвиль. М., 1990;

Остров. Уик-энд на берегу океана. Кишинев, 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКС ((Sachs) Нэлі) (10.12.1891, Берлін — 12.5.1970),

нямецкая паэтэса. У 1940 эмігрыравала ў Швецыю. Аўтар зб-каў «У жыллі смерці» (1947), «Зорнае зацьменне» (1949), «І ніхто не ведае далей» (1957), «Уцёкі і ператварэнне» (1949), «Смерць яшчэ святкуе жыццё» (1961), 14 п’ес (зб. «Знакі на пяску», 1962). Нобелеўская прэмія 1966.

Тв.:

Рус. пер. — Звездное затмение. М., 1993.

Н.Закс.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́Я ў праве,

адзін з відаў факта юрыдычнага, з якім закон звязвае ўзнікненне праваадносін. Да П. адносяць натуральныя і прыродныя з’явы, што адбываюцца незалежна ад волі людзей (навадненне, землетрасенне, нараджэнне, смерць і да т.п.). Калі размова ідзе пра невалявы характар П., маецца на ўвазе не прычына, якая яе выклікала, а працэс уздзеяння П. на канкрэтныя праваадносіны.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭ́РА СІ́ЛЬВА ((Otero Silva) Мігель) (26.10.1908, г. Барселона, Венесуэла — 28.8.1985),

венесуэльскі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Чл. Венесуэльскай акадэміі (з 1972). У 1958—64 і 1974—80 сенатар. У 1928—29 удзельнічаў у барацьбе супраць дыктатуры Х.​В.​Гомеса, за што арыштоўваўся. У 1930—41 у эміграцыі. Заснавальнік і рэдактар газ. «El Nacional» («Нацыянальнай газеты») і інш. выданняў. У зб-ках вершаў «Вада і рэчышча» (1937), «25 вершаў» (1942), паэмах «Харальная элегія Андрэсу Элою Бланка» (1958), «Мора — гэта смерць» (1965) спалучэнне лірызму і грамадз.-філас. разважанняў. Праблемы бунтарства моладзі, прагрэсу і экалогіі, выбару ідэалаў і сродкаў барацьбы за іх, аднаўлення гіст. справядлівасці і інш. у раманах «Ліхаманка» (1939), «Мёртвыя дамы́» (1955), «Кантора № 1» (1961), «Смерць Анорыо» (1963), «Калі хочацца плакаць — не плачу» (1970), «Лопэ дэ Агірэ: князь Свабоды» (1979), «І стаў той камень Хрыстом» (1989). Аўтар літ. і паліт. эсэ.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1982;

И стал тот камень Христом // Иностранная л-ра. 1989. № 3.

І.​Л.​Лапін.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),

французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял. рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.

Літ.:

Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.

А.​М.​Пікулік.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)