будаўнічы су́вязны матэрыял. Прыродны асфальт утвараецца пры акісленні нафты пасля выпарэння лёгкіх фракцый. Пашыраны ў раёнах неглыбокага залягання і выхаду на паверхню нафтаноснай пароды. Штучны асфальт — сумесь бітумаў (13—60%) з тонказдробненым вапняком, пясчанікам і інш., адрозніваецца ад прыроднага наяўнасцю парафіну і нафтавага масла. Асфальт выкарыстоўваюць як дахавы гідраізаляцыйны матэрыял, у вытв-сці асфальтабетону, замазак, клею.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖКЛЕ́ТНІКІ,
поласці або міжклетачныя прасторы, якія ўзнікаюць у органах раслін у працэсе гістагенезу пры раз’яднанні суседніх клетак, іх растварэнні або разрыве з наступным адміраннем. Магчыма таксама змешанае ўзнікненне. Зліваючыся, М. ўтвараюць адзіную сістэму каналаў і сазлучаюцца з вонкавым асяроддзем праз вусцейкі. Спрыяюць паляпшэнню газаабмену ў клетках, у іх назапашваюцца прадукты сакрэцыі (камедзі, млечны сок, смала, слізі, эфірны алей і інш.), паступаюць пары вады пры выпарванні. Парэнхімная тканка з буйнымі М., напоўненымі паветрам, наз.аэрэнхімай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКАВАЯ ФО́РМА,
ліцейная форма разавага выкарыстання з дзвюх змацаваных рэльефных паўформаў з таўшчынёй сценак 6—10 мм. Вырабляецца на аўтам. і паўаўтам. машынах з сумесі дробнага кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай парашкападобнай тэрмарэактыўнай смалы. Пры награванні смала плавіцца і абвалаквае пясчынкі, пры далейшым награванні — цвярдзее і звязвае пясок у трывалую абалонку. Паўформы змацоўваюць па фіксатарах з дапамогай скобаў, шрубцынгаў ці склейваюць. У абалонкавай форме атрымліваюць адліўкі масай да 100 кг. Расход фармовачнай сумесі ў 8—10 разоў меншы, чым пры ліцці ў пясчана-гліністыя формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ЛАКАФА́РБАВЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1963—65 ў г. Ліда Гродзенскай вобл. У 1966 здадзены ў эксплуатацыю цэхі полівінілацэтатнай эмульсіі і алкідных смол, у 1970 — цэх эмаляў, у 1971 — цэх лакаў на кандэнсацыйных смолах, у 1972 — доследна-прамысл. ўстаноўка па вытв-сці лакаў, у 1973 — цэх лакаў і эмаляў на полімерызацыйных смолах, у 1976 — цэх фталевага ангідрыду. З 1994 адкрытае акц.т-ва «Лакафарба». Асн. прадукцыя (1999): лакафарбавыя матэрыялы на аснове полімерызацыйных і кандэнсацыйных смол, алкідныя лакі, полівінілацэтатныя эмульсіі, фталевы ангідрыд, водна-дысперсійныя фарбы, клеявая насычальная смала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЦІ́КІ (ад грэч. mastichē смала масцікавага дрэва) у будаўніцтве, матэрыялы ў выглядзе пластычных сумесяў арган.вяжучага рэчыва і танкамолатага напаўняльніка. Бываюць бітумныя, гумава-бітумныя, дзёгцевыя, палімерныя і інш.; гарачыя, якія перад выкарыстаннем разаграюць, і халодныя, якія разводзяць арган. растваральнікамі або вадой.
Дахавыя М. — бітумныя (руберойдавыя) і дзёгцевыя (толевыя) выкарыстоўваюць для прыклейвання рулонных дахавых матэрыялаў, гідраізаляцыйныя — для прыклейвання гідраізаляцыйных матэрыялаў, для абмазачнай ізаляцыі; М. на падлогу — бітумныя, для прыклейвання паркету, лінолеуму да асновы; герметызавальныя — для ўшчыльнення стыкаў зборных канструкцый. М. павінны быць цеплаўстойлівыя, з высокай клейкасцю, пластычнасцю і даўгавечнасцю.
Адрозніваюць П.х. растваральны (атрымліваюць хлараваннем ПВХ у растворы, мае 62—64% хлору і добра раствараецца ў ацэтоне, хлараформе, ксілоле і інш.) і П.х. цеплаўстойлівы (атрымліваюць хлараваннем воднай суспензіі ПВХ, мае 64—70% хлору; нерастваральны). Выкарыстоўваюць П.х. растваральны як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці перхлорвінілавых лакаў і эмалей, абутковага клею, для вырабу валокнаў (гл.Полівінілхларыдныя валокны); П.х. цеплаўстойлівы для вытв-сці труб (для гарачай вады) і машынабуд. дэталяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,
смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).
Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц.т-ва «Лесахімік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВА ДРЭ́ВА (Dracaena draco),
кветкавая расліна з роду драцэна. Эндэмік Канарскіх а-воў.
Шматгадовая дрэвападобная расліна выш. больш за 20 м, дыям. ствала каля асновы да 4 м. Характэрны другасны рост у таўшчыню. Лісце доўгае, скурыстае, шорсткае, размешчана пучкамі на канцах галінак. Кветкі буйныя, двухполыя, сабраны ў пучкі па 2—4. Тэхн., лек. і дэкар. расліна. З надрэзаў кары выцякае чырв.смала (т. зв. «драконава кроў»), з якой атрымліваюць лак. Валокны лістоў выкарыстоўваюць для пляцення. Д.д. называюць таксама некаторыя інш. віды драцэны (напр., амбет, ці афрыканскае Д.д., кінаварна-чырвоная, камбаджыйская, расколатае ці самалійскае Д.д.), якія выдзяляюць крывава-чырвоную смалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКСАВА́ННЕ,
хімічная перапрацоўка выкапнёвага паліва (пераважна каменнага вугалю і цяжкіх прадуктаў нафтаперапрацоўкі) награваннем да 900—1050 °C без доступу паветра. У выніку атрымліваюць кокс (70—80%), коксавы газ (15—25%) і вадкія пабочныя прадукты (каля 3%), якія з’яўляюцца каштоўнай хім. сыравінай (у асноўным каменнавугальная смала і бензол).
К. каменнага вугалю робіцца ў некалькі стадый у коксавых печах, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — у метал. коксавых кубах або спец. печах (з атрыманнем нафтавага коксу). Узнікла ў 18 ст. (у Вялікабрытаніі і інш.), каб замяніць мінер. палівам драўняны вугаль, для атрымання якога ішло масавае вынішчэнне лясоў. У сучасным выглядзе працэс К. склаўся да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕК (ад галанд. pek смала),
рэшткі пасля перагонкі дзёгцю, а таксама нафтавай смалы. Паводле зыходнай сыравіны адрозніваюць П. каменнавугальны (найб. пашыраны), тарфяны, драўняны, нафтавы.
Каменнавугальны П. — цвёрдае тэрмапластычнае рэчыва чорнага колеру. Асн. кампаненты: шмат’ядз. кандэнсаваныя араматычныя і гетэрацыклічныя злучэнні (бензаантрацэн, бензапірэны, перылен, нафтацэн і інш.). Перагонкай каменнавугальнай смалы атрымліваюць сярэднетэмпературны (т-ра размякчэння 65—90 °C), а яго перагонкай з вадзяной парай — высокатэмпературны П. (135—150 °C). Выкарыстоўваюць для атрымання пекавага коксу, як сувязнае аноднай масы ў вытв-сці алюмінію, пры брыкетаванні цвёрдага паліва, у вытв-сці толю, руберойду і інш. Таксічны: атручэнні і скурныя пашкоджанні магчымыя пры ўздзеянні пылу, кантакце з вугальнымі брыкетамі.