рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.
А.В.Лоў.
Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СА,
старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст.н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬ-АБА́,
курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).
Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЕР (Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805), аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́МПІЯ (Olympia),
старажытнагрэчаскі горад на ПнЗ п-ва Пелапанес, на р. Алфей. Рэліг. цэнтр стараж. грэкаў, месца культу Зеўса і правядзення Алімпійскіх гульняў. Буйны цэнтр мастацтваў (7—4 ст. да н.э.). У канцы 7 ст. да н.э. пабудаваны храм Геры і 12 скарбніц на шляху да храма. Гал. Частка арх. ансамбля — храм Зеўса (468—456 да н.э., арх. Лібан), дзе знаходзілася вялізная статуя Зеўса з золата і слановай косці (скульпт. Фідый), залічаная грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету.
Сярод арх. помнікаў: будынак савета (булеўтэрый, 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 5 ст. да н.э.), храм Маці багоў (1-я пал. 4 ст. да н.э.), свяцілішча Пелапса, гімнасій і інш. З усталяваннем хрысціянства Алімпія заняпала, у 426 н.э. спалена па загадзе рым. імператара Феадосія II. У час раскопак (вядуцца з 1829) выяўлена больш за 130 статуй, каля 13 тыс. бронзавых прадметаў, да 10 тыс. надпісаў на бронзавых таблічках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),
настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).
У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНДЖА́Б, Панджаб,
правінцыя на ПнУ Пакістана, у зах. і цэнтр. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 182 тыс.км². Нас. каля 80 млн.чал. (2000). Адм. і гал.эканам. цэнтр — г.Лахор. Найб. эканамічна развіты раён краіны. Аснова гаспадаркі — шматгаліновае арашальнае земляробства. На долю П. прыпадае 25% тэр. і больш за 55% насельніцтва краіны, ён дае каля 75% агульнанац. збораў пшаніцы, 40% рысу, 70% бавоўны і цукр. трыснягу, каля 50% прамысл. прадукцыі Пакістана. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 млн.га, з іх арашаецца больш за 8 млн.га. Асн. культуры: пшаніца, мясц. збожжавыя — грэм, баджра, джавар; рыс, кукуруза, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя. Жывёлагадоўля (авечкі, козы) пераважна на Пн і ПнЗ. Здабыча бурага вугалю, сурмы, каменнай солі, нафты. Прам-сць: харч., тэкст. (баваўняная), металургічная, маш.-буд., хім., гумавая, цэментная. Саматужная вытв-сцьметал. і ганчарных вырабаў, маст. разьба па дрэве, слановай косці і інш. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЗІБА́Р (Zanzibar),
востраў у Індыйскім ак., каля ўсх. ўзбярэжжа Афрыкі (аддзелены ад мацерыка пралівам шыр. 36 км). Уваходзіць у склад Танзаніі. Пл. 1658 км². Нас. каля 700 тыс.чал. (1995), пераважна суахілі (каля 80%), а таксама арабы і індыйцы. Выш. да 120 м, акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены з каралавых вапнякоў, развіты карст. Клімат экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя т-растудз. 28 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год з двума максімумамі (крас.—май, ліст.—снежань). Натуральная расліннасць — другасныя хмызнякі, на ўзбярэжжы месцамі мангры. Плантацыі гваздзіковага дрэва (каля 70—80% сусв. вытв-сці), какосавых пальмаў. Гал. горад і порт — Занзібар (158 тыс.ж., 1988).
Тэр. З. здаўна заселена чалавекам. У 7—10 ст. каланізаваны арабамі і персамі; цэнтр гандлю золатам, слановай косцю і рабамі. У 1528 захоплены партугальцамі, якіх у 18 ст. выцеснілі арабы Аманскага султаната. У 1818 пачалася вытв-сць гваздзікі і гваздзіковага алею — асн. прадуктаў экспарту. З 1856 З. — незалежны султанат. Яго эканам. развіццю садзейнічала буд-ва Суэцкага канала, у выніку чаго востраў ператварыўся ў важнейшы гандл. цэнтр усёй Усх. Афрыкі. У канцы 19 ст. З. стаў аб’ектам экспансіі Германіі, Італіі, Францыі і Англіі, якія ў 1886—90 падзялілі паміж сабой яго землі. У 1890 над З. устаноўлены брыт. пратэктарат. У 1963 Вялікабрытанія дала З. незалежнасць, перадала ўладу султану, рэжым якога скінуты ў 1964, і З. аб’яднаўся з Танганьікай у адзіную дзяржаву Танзанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБКЛА́Д,
дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт.Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.Ф.Высоцкая. Мн., 1984. А.А.Ярашэвіч.
Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.