Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫ ПО́ЛЮС,
пункт перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з яе паверхняй у Паўд. паўшар’і. Знаходзіцца ў межах Палярнага плато Антарктыды на выш. 2800 м. Таўшчыня лёду ў раёне П.п. 2810 м. Сярэднегадавая т-ра паветра -48,6 °C (макс. -14,7 °C, мінім. -78,9 °C; 1957—61). Палярны дзень 189 сут. Упершыню П.п. дасягнула экспедыцыя Р.Амундсена 14.12.1911. У раёне П.п. з 1957 амер. палярная станцыя Амундсен—Скот. Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МБРЫДЖ (Cambridge),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на р. Кем. Адм. ц. графства Кембрыджшыр. 106 тыс.ж. (1991). Старадаўні універсітэцкі цэнтр.Прам-сць: эл.-тэхн., прыладабуд. (вытв-сцьнавук. прылад), паліграфічная.
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 730 як стараж.-рым. лагер. Пазней англасаксонскае пасяленне. У 1207 атрымаў гар. прывілеі. Стварэнне ў пач. 13 ст. універсітэта (першая група студэнтаў з 1209) вызначыла далейшае развіццё К. як універсітэцкага горада. У час англ. рэвалюцыі 1640—53 К. — важная апора парламенцкіх сіл.
Горад захаваў сярэдневяковую рэгулярную планіроўку і арх. ансамблі каледжаў, згрупаваных вакол прамавугольных двароў з акад. і гасп. пабудовамі. Сярод помнікаў царква-ратонда святой Труны (каля 1101—30, раманскі стыль), капэла Кінгс-каледжа (1446—1515, позняя готыка), б-ка Трыніты-каледжа (1676—84, арх. К.Рэн), сенат ун-та (1722—30, арх. Дж.Гібс, абодва класіцызм). Многія будынкі 17—19 ст. імітуюць готыку: б-ка (1642) і капэла (1864—69, арх. Г.Скот) Сент-Джонс-каледжа і інш. Сярод інш. пабудоў б-ка ун-та (адкрыта ў 1934, арх. Г.Скот Малодшы). У К. помнік Дж.Байрану (1830—31, скульпт. Б.Торвальдсен), Музей Фіцуільяма (1836—45, арх. Дж.Базеві, неакласіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРЭАПАГІ́ТЫКІ»,
рэлігійна-філасофскія творы, якія ўзніклі не пазней як у 2-й палове 5 стагоддзя і падпісаны імем першага афінскага епіскапа Дыянісія Арэапагіта (1 стагоддзе, адсюль назва). У «Арэапагітыках» прасочваецца ўплыў неаплатанізму, асабліва вучэння Прокла. Вучэнне «Арэапагітыкаў» пра Бога як звышразумную тоеснасць быцця і небыцця, трыадзіную будову свету і царквы зрабіла вялікі ўплыў на рэлігійна-філасофскую думку Візантыі і Заходняй Еўропы (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі). Неаплатанічныя ідэі «Арэапагітыкаў» паслужылі крыніцай некаторых сярэдневяковых ерасяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Скот) (24.11.1868, г. Тэксаркана, ЗША — 1.4.1917),
амерыканскі піяніст, кампазітар, джазавы спявак. Атрымаў вядомасць як аўтар і выканаўца фартэпіянных твораў (каля 50) у стылі рэгтайм, які паўплываў на стылістыку музыкі яго балета «Танцавальны рэг» (1902), оперы «Трыманіша» (1911), мюзікла «Калі» (1916) і інш. Сярод інш. твораў інстр. п’есы «Сцяг з кляновым лістом» (1899), «Канферансье», мелодыя якой — вядучая муз. тэма фільма «Афера» (1973) — адрадзіла цікавасць да яго творчасці. Аўтар падручніка «Школа рэгтайма».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙКО́ (Андрэй Андрэевіч) (19.4.1914, Мінск — 5.9.1985),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-рс.-г.н. (1971), праф. (1972). Скончыў Усесаюзны с.-г.ін-т завочнай адукацыі (Масква, 1947). З 1952 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі, метадах атрымання высакаякаснай ялавічыны, павышэння мясной прадукцыйнасці буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Красный белорусский скот. Мн., 1968 (разам з С.І.Тузавым, М.П.Грынем);
Мясная продуктивность крупного рогатого скота и качество говядины Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІНІЯ́НСТВА,
кірунак у сярэдневяковай схаластыцы, які ўзнік пад уплывам ідэй Аўгусціна Блажэннага. У тэалогіі прыхільнікі аўгусцініянства аддавалі перавагу т.зв. анталагічным доказам існавання Бога, напрыклад, праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум і воля) і трыма абліччамі тройцы. У гнасеалогіі яны лічылі веру перадумовай усякіх ведаў. Да 12 ст. аўгусцініянства было пануючым кірункам (яму процістаялі толькі пантэізм Іаана Скота Эрыўгены, наміналізм І.Расцэліна і П.Абеляра і крайнія ерэтычныя пазіцыі). У 13—14 ст. у барацьбе супраць тамізму ідэі аўгусцініязму адстойвалі Банавентура, Іаан Пека, Дунс Скот. У эпоху рэфармацыі і контррэфармацыі іх развівалі М.Лютэр, Дж.Серынада, Г.Норыс, Л.Берці і інш. Водгаласы крытыкі тамізму з пазіцый аўгусцініянства сустракаліся і пазней у каталіцкай рэліг. філасофіі і ў інш.філас. вучэннях і плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,
сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІВЕН ((Sullivan) Луіс Генры) (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),
амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.Х.Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага з інж. Д.Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба з метал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.Л.Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л.кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).
Тв.:
Рус.пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.
І.М.Скварцова.
Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.