МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц. сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл. Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.

Ф.​Мітэран.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНТА́ЛЬСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, 2-я Цымервальдская канферэнцыя 1916,

міжнародная канферэнцыя ўдзельнікаў сацыяліст. аб’яднання, створанага на Цымервальдскай канферэнцыі 1915. Адбывалася 24—30.4.1916 у 1-ю сусв. вайну ў Швейцарыі ў г. Берн (першае пасяджэнне) і ў пас. Кінталь (адсюль назва). Прысутнічалі 43 дэлегаты з Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Францыі і Швейцарыі.

Парадак дня: барацьба за заканчэнне вайны, стаўленне пралетарыяту да пытанняў міру, агітацыя і прапаганда, адносіны да склікання Міжнар. сацыяліст. бюро. Асн. спрэчкі вяліся паміж Цымервальдскай левай (12 чал., у т. л. рас. бальшавікі на чале з У.​І.​Леніным) і правацэнтрысцкім крылом канферэнцыі [Р.​Грым (Швейцарыя), А.​Гофман (Германія) і інш.] па пытаннях аб адносінах пралетарыяту да міру і вайны і скліканні Міжнар. сацыяліст. бюро. Канферэнцыя прыняла антываен. маніфест і інш. дакументы, якія ўключалі заклік да ўсеаг. інтэрнац. барацьбы супраць вайны і за сацыялізм.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́БЕЛЬ ((Bebel) Аўгуст) (22.2.1840, Кёльн — 13.8.1913),

нямецкі палітычны дзеяч, кіраўнік і тэарэтык ням. сацыял-дэмакратыі. На пач. 1860-х г. уключыўся ў рабочы рух, пад уплывам В.Лібкнехта стаў марксістам. У 1867 выбраны прэзідэнтам Аб’яднання ням. рабочых саюзаў. Адстойваў рэв.-дэмакр. шлях аб’яднання Германіі, вёў барацьбу супраць ласальянцаў, якія падтрымлівалі палітыку Бісмарка на аб’яднанне краіны «зверху». У 1869 на з’ездзе ў Айзенаху пад кіраўніцтвам Бебеля і Лібкнехта была створана с.-д. рабочая партыя Германіі. Выступаў супраць вайны з Францыяй, за што быў абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і ў 1872—74 зняволены. Прымаў удзел у Гоцкім аб’яднаўчым з’ездзе ласальянскага Усеагульнага герм. рабочага Саюза і с.-д. рабочай партыі Германіі (1875) і прыняцці Гоцкай праграмы. Арганізатар і кіраўнік 2-га Інтэрнацыянала (1889). Прапагандаваў і абгрунтоўваў матэр. разуменне гісторыі, распрацоўваў праблемы асветы, маралі, жаночыя пытанні. Аўтар прац «Жанчына і сацыялізм» (1883), «З майго жыцця» (1910—14).

А.Бебель.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБА́ТАЎШЧЫНА,

«паліцэйскі сацыялізм», адна з форм барацьбы царызму з рас. рабочым рухам у 1901—03. Назва ад прозвішча нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.​В.​Зубатава. Яе сутнасць у стварэнні пад апекай урада і кантролем паліцыі фальшывых легальных рабочых арг-цый. Улады мелі на мэце адцягнуць рабочых ад паліт. барацьбы і скіраваць іх у рэчышча дробных эканам. патрабаванняў. Першая такая арг-цыя створана ў Маскве ў маі 1901, потым яны з’явіліся ў Пецярбургу, Сормаве, Туле, Кіеве, Харкаве, Вільні, Мінску. Пад уплывам зубатаўцаў вясной 1901 у Мінску знаходзіліся 4 буйныя прафарганізацыі — сталяроў, слесараў, пераплётчыкаў, шчаціннікаў. У ліп. 1901 мінскія зубатаўцы абвясцілі пра стварэнне Яўрэйскай незалежнай рабочай партыі. Кампанію па выкрыцці правакацыйнай сутнасці З. разгарнулі Бунд, газ. «Искра», эсэры і інш. рэв. арг-цыі. Уздым паліт. руху ў 1903 прымусіў урад адмовіцца ад З.

Літ.:

Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983.

У.​Г.​Філякоў.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д. партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.​Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.​Уэб, О.​Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэнне дэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л. С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн. чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН ((Berstein) Эдуард) (6.1.1850, Берлін — 18.12.1932),

нямецкі сацыял-дэмакрат, адзін з лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. У сваіх працах пад агульнай назвай «Праблемы сацыялізму» (1896—98) крытыкаваў сістэму марксізму. У філасофіі адмовіўся ад матэрыялізму, абвясціўшы неабходнасць вяртання да філасофіі І.​Канта. Выступіў супраць матэрыяліст, дыялектыкі, якую атаясамліваў з дыялектыкай Г.​Гегеля. У галіне сац.-паліт. навук ставіў пад сумненне асн. палажэнні «Капітала» К.​Маркса — тэорыю вартасці, вучэнне пра крызісы, пра збядненне нар. масаў, сац.-эканам. асновы рэвалюцыі, адмаўляў навук. сацыялізм, лічачы яго толькі этычным ідэалам. На аснове сцвярджэнняў, што пралетарыят не здольны арганізаваць вытворчасць, а пралет. рэвалюцыя можа прывесці толькі да хаосу і разбурэння вытв. сіл, адхіляў вучэнне Маркса пра рэвалюцыю, класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту, супрацьпастаўляючы яму праграму рэформаў і кампрамісаў з буржуазіяй.

Тв.:

Рус. пер. — Проблемы социализма и задачи социал-демократии. М., 1901;

Социализм и демократия в Великой английской революции. М.;

Пг., 1924;

Возможен ли научный социализм? М., 1991.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),

англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.​Мор і Т.​Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙБАРЫ́СЦКАЯ ПАРТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (Labour Party Рабочая партыя),

адна з дзвюх гал. партый краіны. апанент Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Засн. ў 1900 (да 1906 наз. К-т рабочага прадстаўніцтва) на базе чартысцкага руху (гл. Чартызм). Паводле складу пераважна партыя рабочых і часткова сярэдніх слаёў. Ідэалогія — рэфармісцкі сацыялізм (гл. Рэфармізм); пасля 2-й сусв. вайны выступала за дэкаланізацыю Брыт. імперыі (у т. л. наданне незалежнасці Індыі, Бірме, Цэйлону), да 1989 і супраць уцягвання Вялікабрытаніі ў зах.-еўрап. інтэграцыйны працэс. У 1924 і 1929—31 (прэм’ер-міністр Дж.Р.Макдональд), 1945—51 (прэм’ер-міністр К.Р.Этлі), 1964—70, 1974—79 (прэм’ер-міністры Дж.Г.Вільсан і Л.​Дж.Калагэн) і з 1997 (прэм’ер-міністр Э.​Блейр) кіруючая партыя. У сярэдзіне 1990-х г. разам з падкантрольнымі прафсаюзамі мела больш за 5 млн. членаў. Кіруючыя органы — штогадовы парт. з’езд, паміж з’ездамі — нац. выканаўчы к-т.

Літ.:

Виноградов В.Н. У истоков лейбористской партии (1889—1900). М., 1965;

Перегудов С.П. Лейбористская партия в социально-политической системе Великобритании. М., 1975;

Рыжиков В.А. Британский лейборизм сегодня: теория и практика: Политика послевоен. лейборист. правительств Великобритании. М., 1984;

Осадчая Ж.Ф. Лейбористская партия Великобритании: лицом к будущему. М., 1990.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАБУДО́ВА ў СССР у 1985—91,

тэрмін, які ўвайшоў у шырокі ўжытак з сярэдзіны 1980-х г. і абазначаў курс на рэфармаванне сац.-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Пачата па ініцыятыве Ген. сакратара ЦК КПСС М.С.Гарбачова і яго бліжэйшых паплечнікаў. Асн. зместам П. абвяшчалася ўмацаванне сацыяліст. ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканам. рэформу, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах студз. і чэрв. (1987) пленумаў ЦК КПСС, XIX Усесаюзнай парт. канферэнцыі (чэрв. 1988), XXVII і XXVIII з’ездаў КПСС. У выніку П. разам з пэўнымі зрухамі ў дэмакратызацыі грамадства адбылося абвастрэнне крызісу ў многіх сферах жыцця, узніклі міжнац. канфлікты ў шэрагу рэгіёнаў, КПСС і кіраўніцтва СССР паступова страчвалі кантроль за падзеямі ў саюзных рэспубліках, у т. л. ў Расіі. Да канца 1989 ў асн. распалася сістэма краін сацыяліст. садружнасці, 6.11.1991 распушчана КПСС, да канца 1991 СССР спыніў існаванне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі, у т. л. БССР — Рэспублікай Беларусь; большасць з іх увайшлі ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Гл. таксама Камуністычная партыя Савецкага Саюза і Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Літ.:

Гарбачоў М.С. Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету Пер. з рус. Мн., 1988;

Хоскинг Дж. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995. С. 466—510.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),

праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.​Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл. СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл. Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв. эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л. Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл. Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час. «Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.

т. 11, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)